Беларуская Служба

Палова людзей у Польшчы церпіць на бяссонніцу

25.01.2020 14:12
Тыповы пацыент з бяссонніцай спіць менш чым 5 гадзін, але ў пасцелі ляжыць 7-8 гадзін.
(zdj. ilustracyjne)
(zdj. ilustracyjne)Marcos Mesa Sam Wordley /Shutterstock.com

Ацэньваецца, што палова людзей у Польшчы церпіць на бяссонніцу, то бок палова насельніцтва Польшчы мае праблемы са сном больш чым 10 начэй на працягу году. У 20% адсоткаў праблемы са сном негатыўна ўплываюць на функцыянаванне днём.

- Мы не ўсведамляем, што парушэнні сну з'яўляюцца вялізарнай цывілізацыйнай і грамадскай праблемай. Цяпер праблемы са сном сталі больш распаўсюджанымі, чым  дэпрэсія, – кажа ў гутарцы з тыднёвікам Newsweek псіхіятр доктар Адам Віхняк, спецыяліст па медыцыне сну .

Доктар прадчувае, што сапраўдная эпідэмія толькі наперадзе і яна будзе наступствам рытму жыцця 24 гадзіны ў суткі, пастаяннага ўздзеянне святла, у прыватнасці смартфонаў і планшэтаў.

Аўтар публікацыі Артур Карпюк гутарыў з некалькімі асобамі, якія пакутуюць на бяссонніцу з ранніх дзіцячых гадоў. Усе прайшлі розныя этапы пошуку спосабу на сон – чытанне кніжкі, алкаголь, таблеткі, часам марыхуана, нават наркотыкі.

Доктар Віхняк кажа, што ў кожнага бяссонніца можа ўдарыць па іншым слабым месцы арганізму – гэта можа быць псіхіка (раздражненне, дэпрэсія), стрававальная сістэма (хваробы кішэчніка, язва), можа ў выніку цярпець крывяносная сістэма (праблемы з ціскам, хваробы сэрца), можа цярпець імунная сістэма.

Тыповы пацыент з бяссонніцай спіць менш чым 5 гадзін, але ў пасцелі ляжыць 7-8 гадзін. Чалавек, якому не спіцца, чакае на сон з нецярплівасцю, злуецца на сябе, вінаваціць сябе за ўсё, абражаецца на сябе, ненавідзіць сваё цела, ненавідзіць, што не можа заснуць і безупынна думае пра сон.

Усе суразмоўцы Newsweeka і доктар Віхняк падкрэсліваюць, што бяссонніца зʼяўляецца хваробай і кожны з гэтай праблемай павінен звярнуцца за дапамогай да лекара.​

яс