Беларуская Служба

Як наркакартэлі на самалётах возяць какаін (ВІДЭА)

11.02.2020 18:19
Наркагандляры за малыя грошы купляюць бізнес-джэты, на якіх перакідваюць наркотыкі ў розныя куткі свету. 
     Hawker Siddley 125
Нядаўна армія Гватэмалы перахапіла самалёт Hawker Siddley 125 з грузам какаіна на борцефота: гватэмальская армія

Штодзённае выданне Gazeta Wyborcza паведамляе пра тое, як наркакартэлі з Паўднёвай Амерыкі перакідаюць какаін у іншыя часткі свету. Для гэтага выкарыстоўваюцца старыя адміністрацыйныя самалёты, якія некалі лёталі ў бізнес-авіяцыі.

На аўкцыёне ў ЗША стары бізнес-джэт можна купіць за 1 млн долараў. Самалёт перакідваецца ў Лацінскую Амерыку, напрыклад, у Беліз, Гватэмалу, Венесуэлу альбо Калумбію. Там наркакартэль будуе ў джунглях паласу, якая мае быць палявым аэрадромам. Самалёт прызямляецца, загружаецца некалькімі тонамі какаіна і накіроўваецца ў кантрабандны рэйс. Нават калі бізнес-джэт будзе выкарыстаны ўсяго раз, то мафіі і так аплаціцца яго пакупка, бо на борце самалёта звычайна знаходзяцца наркотыкі на суму ў некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.

Нядаўна армія Гватэмалы перахапіла самалёт Hawker Siddley 125 з грузам какаіна на борце. Пасля гэтага было вырашана бізнес-джэт адагнаць на базу. На відэа, апублікаваным гватэмальскай арміяй, паказаны ўзлёт лайнера з грунтавога аэрадрома ў джунглях. Машыну ў паветра падняў вельмі дасведчаны і, самае галоўнае, смелы пілот, бо на роліку бачна, як самалёт падскаквае на няроўнасцях, падымаючы за сабой клубы пылу.

Для наркакартэляў працуюць таксама вельмі вопытныя і адважныя лётчыкі, таму што пасадзіць самалёт у трапічным лесе – гэта вышэйшы пілатаж. Вельмі часта для наркамафіі лётаюць былыя ваенныя лётчыкі, якія хочуць зарабіць вялікія грошы. Газета згадвае аднаго з экс-вайсковых пілотаў Хорхэ Густава Арэвала-Кеслера, які пасля службы атрымаў прапанову працы ў авіякампаніі Qatar Airlines – гэта вельмі прэстыжнае і добра платнае месца працы для пілота. Аднак ён адмовіўся ад прапановы і пачаў лётаць для аднаго з картэляў. Аднак неўзабаве авіяцыйная кар’ера Арэвала-Кеслера закончылася, бо яго затрымала паліцыя.

Дарэчы, падчас допыту ён прызнаўся, што нават лётаў на самалёце Boeing 727, возячы наркотыкі. Гэта вялікі пасажырскі самалёт, які можа лётаць на доўгіх трасах. У 2010 годзе стала вядома, што наркакартэлі ў Паўднёвай Амерыкі перакідваюць на самалётах какаін у краіны паўночна-заходняй Афрыкі, дзе вялікія ўзровень карупцыі і дзе за хабар спецслужбы ды чыноўнікі не задаюць шмат пытанняў. Адтуль праз Сахару і Міжземнае мора наркотыкі трапляюць у Еўропу, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс

На відэа: узлёт лайнера з грунтавога аэрадрома ў джунглях