Эканамічны часопіс Forbes паведамляе пра тое, як польскія рэстаратары дапамагаюць медыкам харчаваннем. А ўсё пачалося ад прывозу 10 піцаў – іх бясплатна ў бальніцу прывезла піцэрыя «Мушля» з Гдыні. Цяпер жа бясплатна ежу лекарам, медсёстрам і парамедыкам (у Польшчы гэтая прафесія называецца «медыцынскі ратаўнік») дастаўляюць шматлікія гастранамічныя пункты ва ўсёй краіне.
У сувязі з эпідэміяй медыкі настолькі занятыя, што часта ня тое што не маюць часу пайсці ў краму, а ўвогуле з’есці. Адначасова на краўндфандынгавай платформе пачаўся збор грошай, якія будуць прызначаныя на аплату страў, падрыхтаваных рэстаранамі і кафэ для медыкаў. Іншыя фірмы бясплатна пастаўляюць прадукты, з якіх будзе прыгатаваная ежа для медперсанала. Лекарам, медсёстрам, парамедыкам і прадстаўнікам іншых прафесій дапамагаюць таксама цалкам малыя гастранамічныя пункты, прапануючы бутэрброды альбо каву.
А вось адна са сталічных пякарняў кожны дзень бясплатна завозіць булачкі ў Бялянскі шпіталь – адзін з буйнейшых у Варшаве.
І такіх прыкладаў – мноства.
А вось некалькі варшаўскіх рэстаранаў гатуе стравы на вынас для пажылых людзей. Кожны жадаючы можа аплаціць комплекс для старэйшага чалавека, перавёўшы 25 злотых праз краўндфандынгавую платформу, паведамляе часопіс Forbes.
Нагадаем, у Польшчы ўстановы грамадскага харчавання не могуць прымаць кліентаў – дазваляецца продаж страў толькі на вынас.
вс