Калі ў Італіі пачала лютаваць пандэмія каранавіруснай інфекцыі, на пачатку дзяржаве прыходзілася самой спраўляцца з хваробай. Аднак пазней шмат краін рушыла ёй на дапамогу – піша Rzeczpospolita. Францыя выслала мільён санітарных масак, Румынія – каманду медыкаў, Нарвегія – медсясцёр, Аўстрыя – маскі і санітайзеры, Фінляндыя – 1,5 млн. еўра, Польшча – 15 лекараў на дапамогу. А Швецыя, якая ганарыцца сваім гуманізмам, ніякай дапамогі не аказала, – цытуе выданне шведскае радыё Ekot.
Калі ў лютым Італія звярнулася па міжнародную дапамогу, Швецыя адмовілася, аргументуючы гэта тым, што яна павінна эканоміць сродкі на барацьбу з эпідэміяй сярод сваіх жыхароў. Рым перадаў просьбу праз еўрапейскі механізм грамадзянскай абароны, які дзейнічае з 2001 года. Швецыя сама карысталася дадзенай формай падтрымкі, калі ёй вельмі была патрэбная дапамога падчас маштабных лясных пажараў два гады таму. Тады менавіта Італія выслала на поўнач самалёты для гашэння пажараў, а Польшча накіравала ў Швецыю пажарнікаў.
Чаму Швецыя адмовілася дапамагаць Італіі ці Іспаніі, тлумачыла міністр сацыяльных спраў і аховы здароўя Лена Галенгрэн (Lena Hallengren). Яна адзначыла, што калі пачалася пандэмія, шведы рыхтавалі месцы для пацыентаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, а запасаў магло хапіць толькі на некалькі дзён. Тады не было магчымасці памагаць іншым. Чыноўніца дадала, што Швецыя аказвае дапамогу іншым чынам – напрыклад, фінансуе Сусветную арганізацыю аховы здароўя, плаціць узносы ў бюджэт Еўрасаюза, што таксама з’яўляецца формай датацыі. Па словах міністра, Швецыя змагалася супраць закрыцця межаў, паколькі гэта значна ўскладніла пакупкі медычнага абсталявання і лякарстваў за мяжою.
нг