Беларуская Служба

Музыка – адзіная ўніверсальная міжнародная мова (ФОТА)

25.05.2020 17:11
Маладыя музыкі з гарадка на ўсходзе Польшчы далучыліся да сусветнай акцыі падтрымкі медыкаў.
Аўдыё
  • Маладыя музыкі з гарадка на ўсходзе Польшчы далучыліся да сусветнай акцыі падтрымкі медыкаў.
   ,          .
На здымку „Аркестр маладых”, які дзейнічае ў рамках Дому культуры ў гарадку Остраў Мазавецкая.Архіў „Аркестра маладых”

Маладыя, адораныя й неабыякавыя да таго, што зараз адбываецца ў свеце – такім чынам можна сказаць пра членаў „Аркестра маладых”, якія далучыліся да сусветнай акцыі падтрымкі медыкаў, што змагаюцца з пандэміяй COVID-19.

„Аркестр маладых”, які дзейнічае ў рамках Дому культуры ў гарадку Остраў Мазавецкая (Ostrów Mazowiecka) на паўночны ўсход ад Варшавы, вырашыў далучыцца да сусветнай акцыі #musicdoesntstop. Да маладых музыкаў далучылі салісты двух дзіцячых хароў (Semper Iuvenes i Powidoki) з Пястава (Piastów)  – прыгараду Варшавы.  



Усе яны супольна выканалі песню „Song for Health” і запісалі відэаролік. Дырыжор “Аркестра маладых” Давід Дамброўскі (Dawid Dąbrowski) кажа, што ў музыкаў асаблівы прывілей – яны „размаўляюць” на ўніверсальнай мове, якой з’яўляюцца ноты. Пры іх дапамозе моладзь вырашыла далучыцца да акцыі й аказаць удзячнасць супрацоўнікам службы аховы здароўя, за іх цяжкую й самаахвярную працу ў часе пандэміі.

#musicdoesntstop – Музыка не спыняецца, нягледзячы на тое, што ўвесь свет крыху спыніўся. Мы стараліся працаваць несупынна, тым больш, што было для каго. Людзі гэтага патрабуюць. Ім у жыцці неабходная культурная сфера. Тым больш, што й мэта важная – падтрымка супрацоўнікаў службы аховы здароўя, якія штодзённа для пацыентаў, то бок нас усіх, рызыкуюць жыццём і здароўем, а нават адносінамі з сям’ёй і дзецьмі. Пры нагодзе, праект быў імпульсам да працы для нашых маладых музыкаў, якія ў выніку эпідэміі прымушаныя заставацца дома. Вось узнікла задача – стварыць праект, каб падзякаваць медыкам. Таму я спадзяюся, што наш праект прынёс карысць усім бакам. У нас была мэта, а слухачы могуць паслухаць вынікі нашай працы й прыемна правесці час.

Тым часам, праект остраўскай моладзі нечакана атрымаў не толькі міжнародны, але таксама агульнапольскі характар.

Першапачаткова ў праекце мелі ўдзельнічаць члены остраўскага „Аркестра маладых”. Аднак, паколькі сама песня кароценькая – працягваецца каля хвіліны, то ў нас узнікала ідэя зрабіць яе больш цікавай. Мы запрасілі да супрацы два дзіцячыя хары з падваршаўскага Пястава. Можна сказаць, што мы спалучылі сілы, так як увесь свет аб’ядноўваецца ў цяперашні складаны час.

Агулам у праекце ўдзельнічала 60 чалавек. Наймалодшаму музыку было 7 гадоў. Нягледзячы на тое, што відэаролік працягваецца толькі каля хвіліны, праца над ім паглынула шмат часу, кажа Давід Дамброўскі.

Хоць ролік працягваецца хвіліну, але мы працавалі над ім на многа больш. Я асабіста прысвяціў на гэты праект некалькі дзясяткаў гадзін. Нельга забываць таксама пра ўсіх астатніх, то бок групу 60 чалавек, якія таксама прысвяцілі шмат свайго часу, каб вывучыць твор, заіграць, зрабіць гэта выдатна й запісаць ролік. Ведаю, што маладыя людзі здымалі паасобныя ролікі па некалькі разоў, каб атрымалася выдатна. Таму я лічу, што агулам наш супольны ролік каштаваў некалькі дзясяткаў, а можа й некалькі сотняў гадзінаў працы нас усіх.

„Аркестр маладых” пад кіраўніцтўам Давіда Дамброўскага./Архіў „Аркестра маладых” „Аркестр маладых” пад кіраўніцтўам Давіда Дамброўскага./Архіў „Аркестра маладых”

Варта падкрэсліць, што ўдзельнікі праекту ў большасці не з’яўяюцца прафесійнымі й адукаванымі музыкамі.  

Усе справіліся выдатна. Я нават спадзяваўся, што трэба будзе шмат папраўляць, паколькі ўдзельнікі – гэта ж у большасці дзеці. Частка з іх нават не ходзіць у музычную школу, а толькі 1-2 разы на тыдзень удзельнічае ў занятках аркестра. Гэта іх хобі, а яны самі не з’яўляюцца прафесійнымі музыкамі. Аднак яны зрабілі гэта з сэрцам і атрымалася выдатна.

Відэаролік, які ўзнік у рамках міжнароднай акцыі, напэўна стане таксама важным досведам маладога аркестра.

„Аркестр маладых” быў створаны паўтара года таму, так што гэта вельмі малады калектыў. Дадаткова мы пачыналі, скажам так, „з нуля”, то бок у нас не было папярэднікаў. Мы стварылі аркестр, бо яго ў горадзе не хапала. Цягам гэтага часу мы стараліся дзейнічаць актыўна й развіваемся, але перад намі яшчэ шмат працы. Вопытныя дырыжоры кажуць, што дзеля стварэння эфектыўнага аркестра спатрэбяцца, як мінімум, два гады. Мы пасля двух месяцаў ужо выступілі з першым канцэртам. Таму можна сказаць, што тэмпы працы касмічныя. Гэта вынік супольных высілкаў. Дзеці цяжка працуюць, але атмасфера працы станоўчая. Усе зацікаўленыя, хочуць працаваць і гэта выдатна.   

„Аркестр маладых” – гэта не толькі майстэрская ігра на інструменце й навука чытання нотаў. Заняткі маюць таксама выхаваўчы характар.

Атмасфера й міжчалавечыя сувязі ў такім калектыве вельмі важныя. Калі б мы не любілі й не шанавалі адзін аднаго,то нам было б цяжка вытрымаць разам па чатыры гадзіны ў дзень. Таму звяртаем на адносіны вялікую ўвагу. Час ад часу арганізоўваем інтэграцыйныя сустрэчы, гульні, вечарыны без інструментаў, каб можна было паразмаўляць, пагуляць і пасмяяцца.

Нягледзячы на складаны для ўсіх час пандэміі, „Аркестр маладых” не прастойвае. Заняткі працягваюцца, хоць цяпер яны выглядаюць зусім інакш.

Мы вярнуліся да заняткаў. Асабліва гаворка ідзе пра наймалодшых членаў аркестра, якім вучоба й практыка вельмі патрэбныя. Заняткі зводзяцца да таго, што я дасылаю лекцыі анлайн, а дзеці адсылаюць вынікі сваёй працы ў выглядзе ролікаў. Пазней супольна выпраўляем хібы. Такім чынам, мы стараемся пашыраць свае веды, а каб было цікавей, бярэм таксама ўдзел у розных анлайн-праектах. Вынікі нашай цяжкай працы можам цяпер паслухаць.


„Аркестр маладых” падчас святочнага канцэрта. /Архіў „Аркестра маладых” „Аркестр маладых” падчас святочнага канцэрта. /Архіў „Аркестра маладых”


Цяпер, паводле дырыжора Давіда Дамброўскага, самае важнае - вяртанне да нармальнага штодзённага жыцця, без страху перад каранавірусам.  
 
Я жадаю ўсім, не толькі дзецям, вяртання да нармальнасці - каб мы маглі без страху сустракацца. І далей рабіць тое, што мы любім. І, зразумела, жадаю ўсім здароўя.   

- гаварыў дырыжор „Аркестра маладых” Давід Дамброўскі. Ролік з творам, падрыхтаваны астроўскім аркестрам, можна паглядзець таксама на нашай старонцы.

Міжнародную акцыю  #musicdoesntstop ініцыявалі Стывен Вер/хелест і Мартын Шыперс (Steven Verhelest i Martin Schippers), каб падтрымаць намаганні работнікаў службы аховы здароўя. „Песню для здароўя" выконваюць музыкі з усяго свету.

Здымкi й відэаролік выкарыстаныя са згодай „Аркестра маладых”.

Анна Задрожна