Беларуская Служба

Сёння ўпершыню адзначаецца Міжнародны дзень герояў барацьбы з таталітарызмам

25.05.2020 13:03
Ён вызначаны ў дзень смерці ротмістра Войска Польскага Вітольда Пілецкага.
Аўдыё
  • Сёння ўпершыню адзначаецца Міжнародны дзень герояў барацьбы з таталітарызмам
Помнік Вітольду Пілецкаму ў Варшаве PAP/Piotr Nowak

72 гады таму, 25 траўня 1948 году, у выніку прыгавору камуністычных уладаў быў забіты Вітольд Пілецкі, ротмістр Войска Польскага, жаўнер Арміі Краёвай. Пасля вайны ён змагаўся ў незалежніцкім падполлі. Прыгавораны да смерці ў паказальным працэсе, быў забіты стрэлам у патыліцу ў турме на варшаўскім Макотаве. Яго родных не паінфармавалі, што вырак быў прыведзены ў выкананне, праўду яны даведаліся на шмат пазней. Цела ротмістра дагэтуль не знойдзенае.

У 1990 годзе ротмістр Пілецкі быў рэабілітаваны, а ў 2006-ым прэзідэнт Лех Качыньскі адзначыў яго пасмяротна Ордэнам Белага арла. У 2013-м ён атрымаў званне падпалкоўніка.

Падчас Другой сусветнай вайны ротмістр Пілецкі добраахвотна стаў вязнем канцлагеру Аўшвіц-Біркенау, каб арганізаваць там рух супраціву, збіраць інфармацыю, між іншым, пра вынішчэнне яўрэяў. Ён быў аўтарам першых у свеце паведамленняў пра Галакост, гэтак званых Рапартаў Пілецкага, якія расказвалі пра нацысцкія злачынствы. Ён змагаўся ў Варшаўскім паўстанні.

Пасля вайны ён перадаваў на Захад інфармацыю пра рэпрэсаваных жаўнерах АК, пра дэпартацыі ў Сібір. У 1947 годзе яго арыштавалі службы бяспекі, амаль год Пілецкага катавалі. Падчас апошняга бачання з жонкай ён сказаў, што «Асвенцім быў гульнёй».

Сям’я Вітольда Пілецкага вельмі перажывала абвінавачванні ў яго адрас і працэс. Дзеці ротмістра былі стыгматызаваныя, успамінаў у 2016 годзе сын Анджэй:

-Я памятаю час, калі адбываўся працэс. Мама на яго ездзіла. Калегі, настаўнікі і іншыя гаварылі нам, што гэта наш бацька. У далейшай адукацыі сапраўды пачаліся цяжкасці.

У чарговыя гадавіны смерці Вітольда Пілецкага яго дачка Зоф’я Пілецка-Аптуловіч прыходзіць пад мур вязніцы на Макотаве, каб ушанаваць памяць бацькі. Яна там была і ў Нацыянальны дзень памяці выклятых жаўнераў у 2016 годзе. Жанчына падкрэсліла, што нязломныя, такія як ротмістр Пілецкі, кіраваліся любоўю да Айчыны:

-Гэта былі палякі, які вельмі кахалі сваю Айчыну. Не за грошы, толькі за любоў да гэтай адной адзінай, якую мы павінны шанаваць цэлым сэрцам, а нават сваім жыццём.

Вялікую адвагу Вітольда Пілецкага падкрэсліваў у 2012 годзе Яцэк Паўловіч, цяпер дырэктар Музею выклятых жаўнераў і палітычных вязняў ПНР у Варшаве:

-Больш за ўсё ён вядомы рашэннем добраахвотна пайсці ў канцлагер Аўшвіц-Біркенаў, дзе арганізаваў выведвальную дзейнасць. Калі ён уцёк з нямецкага канцлагеру, то арганізаваў свой атрад у Варшаўскім паўстанні.


Сцяна забойстваў, дзе, хутчэй за ўсё, расстралялі ротмістра Пілецкага Сцяна забойстваў, дзе, хутчэй за ўсё, расстралялі ротмістра Пілецкага

Музей выклятых жаўнераў у Варшаве ў 21.30 (час забойства Пілецкага) адкрые на месцы расстрэлу памятную шыльду, прысвечаную ротмістру – гаворыць Яцэк Паўловіч:

-Паводле нашых даследаванняў, найбольш праўдападобным месцам расстрэлу ротмістра Пілецкага з’яўляецца сцяна расстрэлу за кацельняй. У гэтым месцы мы знайшлі 120 слядоў ад куль. Гэта месца, дзе адбываліся экзекуцыі, дзе ў людзей стралялі. Гэтае месца ўказалі іншыя вязні, якія сядзелі ў камеры смерці. Яны бачылі як выводзілі на смерць і ў якім напрамку вялі. Там у гадзіну смерці будзе адкрытая шыльда ў гонар ротмістра.

Яцэк Паўловіч падкрэслівае, што ротмістр Пілецкі ўсё жыццё служыў Польшчы:

-Ён быў сапраўдным чалавекам, патрыётам. Калі трэба было ўстаць за незалежнасць Айчыны, то ў 1918 годзе ён пайшоў за яе змагацца. Пасля на Крэсах Рэчы Паспалітай ствараў сваю Малую айчыну, у Лідскім павеце. А калі на Польшчу напалі савецкая Расія і нацысцкая Германія ён ізноў пайшоў у бой, які закончыўся тут, на вуліцы Ракавецкай.

Вітольд Пілецкі нарадзіўся ў Алонцу, на тэрыторыі Расійскай імперыі. Яго памяць сёння ўшанавала польская дыяспара. Яе прадстаўнікі вядуць перамовы з кіраўніцтвам мясцовага музею, каб устанавіць памятную шыльду і арганізаваць выставу. Польская арганізацыя ў Карэліі ўжо дзесяць гадоў робіць намаганні, каб усталяваць дошку ў гонар Пілецкага. Аднак, мясцовыя ўлады дагэтуль не выдалі згоды.

Сёння ўпершыню адзначаецца Міжнародны дзень герояў барацьбы з таталітарызмам. Дзень быў вызначаны ў 2019 годзе Еўрапейскім парламентам менавіта ў дзень смерці Вітольда Пілецкага. Мэтай гэтага дня з’яўляецца даніна памяці ўсім тым, хто змагаючыся з тыраніяй праявілі геройства і сапраўдную любоў да чалавецтва.

У 72-ую гадавіну забойства Вітольда Пілецкага група еўрадэпутатаў арганізавала канферэнцыю ў інтэрнэце, прысвечаную яго памяці. Яе зладзілі, між іншым, еўрадэпутаткі Анна Фатыга і Раса Юкнявічэне з нефармальнай групы, якая займаецца гістарычнай памяццю. Гэта яны сабралі подпісы пад заклікам да Еўрапейскай камісіі, каб 25 траўня адзначаць як Міжнародны дзень герояў барацьбы з таталітарызмам.

-Мы хацелі, каб гадавіна яго смерці была падзеяй, якая будзе гаварыць пра цяжкія старонкі гісторыі, – адзначыла ў размове з Польскім радыё Анна Фатыга.


ав