Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Настаўнікі і вучні выгарэлі ў выніку дыстанцыйнага навучання

11.07.2020 13:14
Іх псіхічны стан значна горшы, чым перад эпідэміяй каранавірусу.
За партай у ліцэіфота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

З розных бакоў паступаюць падобныя высновы: да дыстанцыйнага навучання не былі гатовыя ні настаўнікі, ні вучні. Гэта тычыцца як кампетэнцый, так і тэхнікі, піша gazetaprawna.pl.

Пра самапачуццё ўдзельнікаў дыстанцыйнага навучання пытаўся фонд Orange. З уступных вынікаў бачна, што ў часе пандэміі псіхічны стан настаўнікаў, вучняў і бацькоў пагоршыўся.
Паводле даследчыкаў, гэта звязана з адсутнасцю лічбавай гігіены. Заняткі анлайн значна павялічылі час працы перад маніторамі. Як заўважаюць аўтары рапарту, у вучняў, настаўнікаў і бацькоў выразна бачна сімптомы празмернага карыстання лічбавымі тэхналогіямі. Стомленасць, перанагружанасць інфармацыяй, нежаданне карыстацца кампутарам і інтэрнэтам, раздражненне па прычыне сталага выкарыстоўвання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій – гэта самыя частыя сімптомы лічбавай стомленасці.

Даследаванне, праведзенае Лічбавым цэнтрам, паказвае, што такі псіхічны стан таксама вынікае з іншых рэчаў. Настаўнікі казалі, што ў часе пандэміі яны адчувалі большы стрэс, паколькі прымалі на сябе незадаволенасць дзяцей і бацькоў. Настаўнікі адчувалі сябе самотнымі, негатыўна ацэненымі, выстаўленымі на цяжкія ўмовы, без ніякай сістэмнай падтрымкі.

Дадатковай праблемай з’яўляецца боязь перад юрыдычнай адказнасцю вядзення заняткаў з выкарыстаннем «неафіцыйных камунікатараў», як Messenger ці Whatsapp.

ав