Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Большасць польскіх лекараў не хоча вяртацца да нармальнага рэжыму працы

18.07.2020 12:18
Сітуацыю дрэнна пераносяць цяжка хворыя асобы, якім неабходныя рэгулярныя абследаванні.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay/tomwieden/CC0 Creative Commons

У Польшчы ўжо адмененыя рашучая большасць мераў бяспекі, уведзеных дзеля барацьбы з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі. Можна ісці на вяселле, у рэстаран, на басейн, але вельмі цяжка патрапіць на кансультацыю да лекара – піша Newsweek.

Большасць лекараў прымае пацыентаў таксама, як і некалькі месяцаў таму – дае парады па тэлефоне. Калі звычайную прастуду можна пракансультаваць па тэлефоне, то горш дадзеную сітуацыю пераносяць цяжка хворыя асобы, якім неабходныя рэгулярныя абследаванні. Перанос кансультацыі або абследавання на некалькі тыдняў можа значна панізіць шанцы на вылячэнне, на прыклад, хворых на злаякасныя пухліны. У красавіку дактары выпісалі на палову менш гэтак званых картаў DILO (дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў), чым годам раней. Цяпер чэргі хворых да лекараў стануць яшчэ даўжэйшымі.

Нацыянальны фонд аховы здароўя заўважае праблему – нежаданне лекараў вяртацца да нармальнага рэжыму працы. Фонд абяцае прэмію ў памеры 3% усім, хто пачне прымаць пацыентаў, а не толькі лячыць па тэлефоне.

Многія дактары вельмі баяцца хворых на Covid-19. Аўтар артыкулу прыводзіць прыклад дзіцяці, у якога цягам тыдня ўтрымлівалася высокая тэмпература. Лекар па тэлефоне выпісваў лякарствы, у тым ліку антыбіётыкі. Калі маці пазваніла з патрабаваннем даследаваць дзіця асабіста, лекар адказаў, што зробіць гэта толькі тады, калі маці прадставіць негатыўны вынік тэсту на каранавірус.

Служба аховы здароўя кінула ўсе свае сілы на барацьбу з вірусам Sars-cov-2, але страціла з поля зроку іншых хворых. А эпідэмія ракавых захворванняў значна больш небяспечная. Падчас піку пандэміі ў Польшчы фіксавалася каля 500 новых захворванняў, памірала каля 20 чалавек у дзень, у сваю чаргу ад анкалогіі ў Польшчы памірае кожны дзень 250-280 чалавек, а дыягназ хваробы ставяць прыкладна палове тысячы асоб. І ніякі каранавірус гэтага не зменіць. Наадварот, колькасць хворых можа павялічыцца ў выніку таго, што людзі адкладвалі візіт у лекара.

нг