Мікроб, якога навукоўцы назвалі SARS-CoV-2, перавярнуў жыццё на свеце ў гэтым годзе дагары нагамі. Праўда, беларускія ўлады прэзентуюць зусім іншае стаўленне да заразы, чым польскія ды ўлады іншых краін Еўропы, але, як мы бачым, грамадства раз'юшанае такім падыходам і ніхто цяпер не ў стане сказаць, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі ў выніку пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, а часткова таксама і супраць стаўлення ўладаў да небяспекі, якую нясе каранавірусная інфекцыя. Гэта можа быць урокам для кіруючых, каб прыслухоўвацца да боязяў грамадства і па меры магчымасцяў на іх адказваць. Аўтарытарныя ўлады пагарджаюць сваім народам, але цярплівасць людзей калісьці заканчваецца.
Але ў гэтай перадачы пойдзе гаворка пра сітуацыю ў польскай адукацыйнай сістэме ў сувязі з пандэміяй. Трэба нагадаць, што з 12 сакавіка польскія школьнікі вучыліся дыстанцыйна, усе школы, як пачатковыя, так і сярэднія ды вышэйшыя, былі перастаўленыя на аддаленае навучанне. Гэта выклікала шэраг праблем, пытанняў, якія прыходзілася хуткімі тэмпамі вырашаць, а не заўсёды вучні ды настаўнікі былі падрыхтаваныя да такой вучобу, а хутчэй мала хто да яе быў добра падрыхтаваны.
Праз тыдзень пачынаецца новы навучальны год. Пры гэтым радыус пандэміі не змяншаецца, некалькі дзён таму ў Польшчы быў зафіксаваны чарговы рэкорд колькасці заражаных каранавірусам асобаў. Усе, хто нейкім чынам зацікаўлены адукацыяй, як бацькі, так і школьнікі ды настаўнікі, задаюцца пытаннем, як вучоба будзе выглядаць, ці можна бяспечна паслаць дзяцей у школу. Усе з увагай прыслухоўваюцца да словаў міністра нацыянальнай адукацыі Дарыюша Пянткоўскага (Dariusz Piontkowski), які заявіў у аўторак, што прынята рашэнне: школы пачнуць працу ў звычайным рэжыме 1 верасня, таксама як у іншых краінах, адукацыйныя ўстановы зноў адчыняць свае дзверы для вучняў. Тым не менш, дырэктар школы, а таксама міністр адукацыі могуць увесці абмежаванні ў стацыянарным навучанні, калі значна вырасце эпідэміялагічная пагроза. Меркаваннем міністра, няма патрэбы аўтаматычна ўводзіць дыстанцыйнае навучанне, калі дадзены павет трапіць у «чырвоную» зону, гэта значыць, калі там значна вырасце маштаб захворванняў.
- Трэба памятаць, што паветы – гэта часта вельмі вялікая тэрыторыя, у сваю чаргу ачах заражэння можа знаходзіцца ў адным доме апекі для пажылых, дзе хварэе 10-20 чалавек. Жыхары адной часткі павету як правіла не сустракаюцца з жыхарамі іншых частак. Таму на самой справе няма прычын, каб закрываць школы. Таму мы не раз казалі, што неабходна на месцы рэагаваць на рэальную эпідэміялагічную сітуацыю.
Эпідэміялагічная карцінка можа вельмі дынамічна мяняцца, з дня ў дзень колькасць хворых і заражаных асоб можа значна вырасці. Таму дырэктар кожнай адукацыйнай установы павінен сачыць за падзеямі і прыстасоўваць сітуацыю ў сваёй школе да агульнага становішча, – дадае міністр Дарыюш Пянткоўскі.
- Дырэктар школы павінен узяць пад увагу агульныя рэкамендацыі, падрыхтаваныя для ўсіх суб’ектаў. Гэта, між іншым, забарона высылаць у школу хворых дзяцей, дэзынфекцыя рук, санітарная апрацоўка паверхняў, адпаведная прыборка класаў. Гэта агульныя правілы, якія не патрабуюць вялікіх фінансавых выдаткаў. Пры гэтым яны дазваляюць эластычна прыстасаваць агульныя рэкамендацыі да ўмоваў у канкрэтнай адукацыйнай установе.
У выпадку неабходнасці школы могуць звяртацца ў Міністэрства аховы здароўя з просьбаю выдзеліць ім бясплатныя сродкі гігіены. Дарыюш Пянткоўскі адзначае, што перадача ў школы гігіенічных сродкаў – гэта таксама задача муніцыпальных органаў.
- У перыяд з сакавіка па чэрвень некалькі мільёнаў літраў адкасці для дэзынфекцыі было перададзена ў школы. А я нагадаю, што гэта быў час, калі на рынку назіраўся востры дэфіцыт санітайзераў, такіх сродкаў проста не хапала, у крамах іх не было. Цяпер мы таксама забяспечваем школы ў неабходныя сродкі. Таксама муніцыпальныя органы павінны ўзяць на свае плечы частку адказнасці, якая, згодна закону, была на іх ускладзеная.
Пачатак новага навучальнага году роўна праз тыдзень. Міністэрства адукацыі Польшчы сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і Галоўнай санітарнай інспекцыяй падрыхтавала рэкамендацыі для адукацыйных устаноў з 1 верасня. Дадатковыя абмежаванні будуць уведзеныя ў паветах, дзе будзе назірацца высокі ўзровень інфекцыі.
нг