Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Лукашэнка лічыць, што можна вярнуцца да таго, што было раней»

02.10.2020 14:11
«Не можна!»”, - пераконвае старшыня беларускага Прэс-клуба Юлія Слуцкая.
  .
Пратэсты ў Беларусі.PAP/EPA/STRINGER

„Лукашэнка па-ранейшаму лічыць, што можна вярнуцца да таго, што было. Не можна. Ён лічыць, што акцыі пратэсту скончацца і будзе так, як было. Не будзе”,  - кажа ў размове з журналісткай выдання Dziennik Gazeta Prawna Магдаленай Рыгамонці кіраўнічка беларускага Прэс-клуба Юлія Слуцкая.

„Горш за ўсё было ў першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў: 10, 11 і 12 жніўня. Цяпер улады засяродзіліся на запалохванні, каб мы (журналісты- рэд.) знаходзіліся як мага далей ад падзей і былі ўважлівымі да таго, што пішам. Яны паказалі, як эфектыўна палохаць. У рэшце рэшт, трое журналістаў атрымалі раненні. Па іх стралялі падчас працы на акцыях пратэсту. Я ведаю, што словы не робяць адпаведнага ўражання. Але калі я скажу, што пасля выбараў гвалт ужываўся ў дачыненні да 52 журналістаў, гэта ўжо робіць уражанне, так? А, як дадам, што нават тыя, каго паранілі гумовымі кулямі, маюць жудасныя праблемы са здароўем, то ... Але, давайце, я скажу так. Аднойчы падчас акцыі пратэсту група калег стаяла разам. Усе ў камізэльках з надпісам „Прэса”. Раптам функцыянер АМАП-а павярнуўся да іх і стрэліў. Журналістку „Нашай Нівы” Наталлю Лубнеўскую параніў у нагу. Скажаце, нічога - гума. Але рана не гоіцца, яна гніе і засталася дзірка. Ёсць людзі, якія былі параненыя ў жывот. Раны не гояцца тыднямі. Цяпер вы разумееце, у чым справа?”, - кажа Слуцкая. Яна дадае, што Лукашэнка памяняў тактыку паводзінаў у дачыненні да журналістаў.

„У жніўні журналістаў затрымлівалі і выпускалі, праўда збітых і ў розным стане. Тым часам у верасні Лукашэнка памяняў тактыку. Цяпер даюць 10-15 сутак, што з’яўляецца сур’ёзным ударам па невялікіх рэдакцыях. Часам затрыманне 1-2 журналістаў азначае параліч рэдакцыі”,- дадае Юлія Слуцкая. Журналістка звяртае ўвагу на сітуацыю ў рэгіянальных СМІ.

„У рэгіёнах не так, як у Мінску. У сталіцы журналісты былі лепш падрыхтаванымі да таго, што адбылося. Яны прывыклі да пратэстаў, дэманстрацый, да рэакцыі АМАПа. Для калегаў з рэгіянальных СМІ, гэта было нешта нечаканае. Нагадваю, што ўпершыню ў гісторыі пратэсты праходзяць не толькі ў Мінску, але таксама ў меншых гарадах краіны”, - кажа журналістка.

„Лукашэнка верыць, што можна вярнуцца да таго, што было. Не можна. Ён верыць, што пратэсты скончацца і ўсё будзе, як раней. Не будзе. Для Лукашэнкі будучыня – гэта мінулае, а для беларускага народа будучыня – гэта будучыня. Гэта відавочная розніца”, - кажа журналістка.

Многія каментатары параўноўваюць цяперашні крызіс у Беларусі да польскага Жніўня 1980 годa.„Толькі адна заўвага. Пасля двух месяцаў у Беларусі затрымалі больш людзей, чым у 1980-х гадах у Польшчы. Дадаткова мы ўсе прыніжаныя – кіраўніком дзяржавы з’яўляецца чалавек, які на народ кажа – народзец”, - нагадала старшыня беларускага Прэс-клуба Юлія Слуцкая ў інтэрв’ю выданню Dziennik Gazeta Prawna.  

аз