Хутка змяншаецца колькасць месцаў у шпіталях і свабодных апаратаў вентыляцыі лёгкіх, а заражаных Covid-19 усё больш, піша газета Rzeczpospolita. Больш, чым кожная шостая заражаная асоба, пра якіх паінфармавала ў сераду Міністэрства аховы здароўя, гэта жыхар Мазавецкага ваяводства. Ва ўсёй Польшчы за апошнія суткі больш за 3000 выпадкаў інфекцыі.
Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што пацыенты з каранавірусам займаюць 4 тысячы шпітальных месцаў і 283 апараты ШВЛ. Днём раней іх было 3158 і 219 адпаведна.
Мазавецкі ваявода супакойвае і сцвярджае, што няма падставаў, каб меркаваць, што ў шпіталях не хопіць месца для хворых. Менш спакойна да сітуацыі падыходзіць варшаўская ратуша. Ужо пад канец мінулага тыдня там звярталі ўвагу, што са 115 рэспіратараў у варшаўскіх шпіталях занятыя 70.
Падобным чынам сітуацыя выглядае ў іншых ваяводствах. У Лодскім няма ніводнага свабоднага ложка для хворых Covid-19. У адным з кракаўскіх шпіталёў свабодных ложкаў няма ўжо другі тыдзень.
Эпідэмія, якая набірае тэмп, становіцца нагодаю для палітычных гульняў паміж уладамі Мазавецкага ваяводства, у якім кіруе кіроўная партыя «Права і справядлівасць», і ўладамі сталіцы, дзе ўладу трымае апазіцыйная «Грамадзянская платформа». Адныя запэўніваюць, што сітуацыя пад кантролем, іншыя, што мы крок ад катастрофы.
Газета піша, што небяспечна становіцца ў школах. Міністэрства адукацыі паведамляе, што ў гібрыдным фармаце працуе 498 школ у Польшчы, дыстанцыйна – 101. З кожным днём такіх школ становіцца ўсё больш.
ав