Расце непрыязнь да Кітая – піша Gazeta Wyborcza. У цыклічным апытанні Pew Research падыход да Кітая ў кожнай з 14 апытаных краін пагоршыўся. Горшы вынік, чым Сі Цзіньпін, мае толькі Дональд Трамп. У сувязі з пандэміяй даследаванне было праведзена толькі ў 14 краінах. Акрамя Японіі і Паўднёвай Карэі, астатнія краіны належаць да заходняга свету. Пагаршэнне меркавання пра Кітай было відавочнае ўжо з 2019 году. Гэта было звязана, хутчэй за ўсё, з гандлёвай вайной паміж Пекінам і Вашынгтонам. Таксама з разгонам дэмакратычных дэманстрацый у Ганконгу.
Сітуацыя радыкальна памянялася ў кепскі бок, калі каранавірус вырваўся з Кітая і атакаваў рэшту свету. Большасць апытаных (61%) лічаць, што Кітай адыграў кепскую ролю ў пандэміі. Лідарамі такога меркавання з’яўляюцца дзве азіяцкія краіны.
Амаль у кожнай краіне, акрамя Францыі, Японіі і Італіі, ацэнка Кітая найгоршая за 18-гадовую гісторыю даследаванняў. Вялікая змена меркавання пра Кітай адбылася ў Аўстраліі. Тры гады таму пра краіну пазітыўна выказваліся 64% аўстралійцаў. Сёння 81% – негатыўна.
Адначасова Кітай падабаецца сваімі поспехамі ў сферы гаспадаркі. У Еўропе больш за палову апытаных лічаць гэтую краіну эканамічным дамінантам.
ав