Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У свеце павялічваецца колькасць хворых на Covid-19

20.10.2020 14:09
У многіх краінах сітуацыя пачынае выходзіць з-пад кантролю. Улады баяцца паралічу бальнічнай сістэмы, а потым гаспадаркі.
Аўдыё
  • У свеце павялічваецца колькасць хворых на Covid-19
Каранавірус у свецеPAP/EPA/VASSIL DONEV

Польшча не з’яўляецца выключэннем. Сёння Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 9 291 новы выпадак заражэння каранавірусам. З учорашняга дня памерла 107 інфіцыраваных, 98 з якіх мелі хранічныя захворванні. За мінулыя суткі вылечылася 1 942 заражаныя.

Польскі ўрад цяпер працуе над стратэгіяй для кавідных шпіталёў. Старшыня канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык гаварыў, што пацыенты ў вельмі цяжкім стане будуць трапляць у звычайныя шпіталі, у сваю чаргу хворыя ў сярэдняй ступені – у часовыя пляцоўкі:

-Ёсць тры катэгорыя такіх пацыентаў: тыя, хто хварэе бессімптомна, ці мае лёгкія сімптомы. Яны знаходзяцца ў ізалятарах ці дома. Ёсць людзі, у якіх хвароба праходзіць з сярэдняй ступенню цяжкасці. Ім патрэбны кісларод і сталы нагляд лекараў. І менавіта яны трапляюць у часовыя шпіталі. Пацыенты ў цяжкім стане трапляюць у нармальныя шпіталі, якія маюць найлепшае абсталяванне, у тым ліку рэанімацыі.

Першы часовы шпіталь у Польшчы для пацыентаў, якія пакутуюць ад COVID-19, будуецца на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. Першапачаткова ён зможа прыняць 500 пацыентаў і будзе мець магчымасць павялічыць колькасць ложкаў да 1000.

Часовыя шпіталі павінны ўзнікнуць у кожным ваяводстве.

У чацвер будуць прынятыя рашэнні аб магчымым увядзенні далейшых санітарных абмежаванняў у Польшчы – пра гэта заявіў прэс-сакратар урада Пётр Мюлер. Іх прыме ўрадавая група па кіраванні крызіснымі сітуацыямі.

Пётр Мюлер, які быў госцем Польскага радыё, падкрэсліў, што зараз праводзіцца аналіз эпідэмічнай сітуацыі. Паводле яго слоў, рашэнні аб далейшых абмежаваннях будуць залежаць ад колькасці занятых ложкаў і апаратаў ШВЛ:

-Канешне, можна спадзявацца, што некаторыя абмежаванні могуць быць пашыраныя. Мы з самага пачатку пра гэта казалі, што гэта могуць быць ліміты ўваходу ў паасобныя месцы, ці абмежаванні ў працы некаторых галінаў эканомікі. Але гэты другі варыянт адкладаецца на пазнейшыя этапы, толькі калі гэта будзе неабходным.

Пётр Мюлер прызнаў, што таксама разглядаўся варыянт пераходу пачатковых школ на дыстанцыйнае навучанне. Як ён растлумачыў, на дадзены момант урад аналізуе, як дыстанцыйнае навучанне ў сярэдніх школах уплывае на мабільнасць грамадзян.
Прадстаўнік урада паінфармаваў, што на пасяджэннях крызіснай урадавай групы магчымасць закрыцця могілак падчас свята Усіх Святых не сустрэла асаблівага адабрэння. Паводле яго слоў, урад заклікае наведваць могілкі і магілы блізкіх і ў іншыя дні.

Пётр Мюлер дадаў, што працягваецца праца над далейшымі інструментамі падтрымкі галінаў, якія пацярпелі ад уведзеных абмежаванняў. Гэта павінны быць накіраваныя меры, іх характар яшчэ распрацоўваецца.

У сваю чаргу Міністэрства замежных спраў Польшчы рэкамендуе прыпыніць усе замежныя паездкі. У большасці папулярных сярод польскіх турыстаў краін зафіксавана павелічэнне колькасці заражэнняў каранавірусам. Гэта звязана са значнай рызыкай і для турыстаў з Польшчы.

Намеснік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык падкрэсліў, што Міністэрства замежных спраў не забараняе паездкі, а толькі не раіць іх:

-Мы папярэджваем крыху з іншага пункту гледжання, паколькі не хочам ускладняць палякам прыбыванне ў краінах, куды яны накіроўваюцца. Паколькі прыехаўшы, магчыма, яны будуць вымушаныя праходзіць каранцін, рабіць тэсты і чакаць вынікі. Нехта з групы можа мець каранавірус і тады мы таксама будзем вымушаныя ізалявацца.

Намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў дадаў, што пераважная большасць краін не закрывае свае межы, не ўводзіць абмежаванні на турыстычны рух і не прыпыняе рэйсы.
Сітуацыя складаная ў цэлым свеце. Краіны ўводзяць розныя абмежаванні. Тут толькі некалькі прыкладаў. У Італіі з-за рэзкага павелічэння колькасці выяўленых каранавірусных інфекцый рэгіён Ламбардыі з заўтрашняга дня ўводзіць каменданцкую гадзіну.

З-за рэзкага павелічэння колькасці новых каранавірусных інфекцый у Баварыі мясцовы ўрад у Мюнхене разглядае магчымасць паўторнага закрыцця межаў Германіі. З сённяшняга дня ў раёне Берхтэсгадэна дзейнічае поўная блакада.
Ірландыя ўводзіць другі лакдаун.

У Беларусі на сённяшні дзень ачунялі і выпісаныя 80 503 пацыента, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. Статыстыка захворванняў за апошнія суткі не агучвалася.

Усяго ў краіне зарэгістравана 88 909 чалавек з станоўчым тэстам на COVID-19. Усяго праведзена 2 244 310 тэстаў. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 937 пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў, у якіх выявілі каранавірусную інфекцыю.

Многія, аднак, не давяраюць афіцыйнай статыстыцы. Пра гэта таксама на днях гаварылі медыкі, якія запісалі зварот, абвяргаючы абвінавачанні ўладаў у тым, што каранавірусную інфекцыю разносяць удзельнікі пратэстаў.

-Выпадкаў кавіду становіцца ўсё больш. Значна больш, чым гаворыць афіцыйная статыстыка. Кожнаму знаёмаму з інфекцыйнымі захворваннямі ды і ўвогуле кожнаму думаючаму чалавеку відавочная прамая залежнасць захворванняў з пачаткам вучэбнага года, асабліва ва ўмовах недастатковых супрацьэпідэмічных мераў ва ўстановах адукацыі.

Афіцыйна, у мінулыя дні ўзровень захворванняў у Беларусі быў на ўзроўні 500-600 чалавек у дзень. Для параўнання, у Польшчы гэта 8-9 тысяч.

ав

ав