Беларускі гурт Tor Band стаў першым лаўрэатам прэміі імя Ніны Багінскай, якую месяц таму заснавалі беларусы замежжа. Песня «Мы – не «народзец!» стала адным з гімнаў беларускіх пратэстаў.
Тамара Куін, беларуска, якая жыве ў Амерыцы, расказала, як нарадзілася ідэя заснаваць прэмію.
-Прэмія імя Ніны Багінскай за асабістую мужнасць нарадзілася каля месяца таму ў нетрах інтэрнэту, як шмат з таго, што цяпер з’яўляецца. Пасля абмеркавання ў чатах сабралася ініцыятыўная група каля 100 чалавек для ўвасаблення ідэі ў жыццё. Таму віртуальная ідэя стала рэальнай узнагародай для нашых мужных суайчыннікаў.
Чаму заснаваная беларускай дыяспарай прэмія атрымала імя Ніны Багінскай? Тамара Куін кажа, што Ніна Багінская стала бясспрэчным сімвалам змагання беларусаў за свабоду і дэмакратыю. Яна стала сімвалам перамогі над страхам, у якім жылі беларусы і з якога нарэшце прачнуліся.
-Пакуль мы неслі ў сабе свой страх, Ніна Багінская выходзіла адна і несла свой сцяг да сценаў КДБ. Яна атрымлівала велізарныя штрафы і чыхала на іх. Была нават гатовая развітацца са сваім лецішчам, якое ў яе адабралі за штрафы. Магчыма, яна не раз пабывала ў такіх пераплётах, што нам і не снілася. І так на працягу трох дзесяцігоддзяў. Пакуль мы шукалі апраўдання сваім страхам, яна бясстрашна ішла наперад і рабіла тое, што лічыла патрэбным рабіць сама. Магчыма, яна чагосці баялася, як і мы, бо ўсё гэта бачыла, але яе рукі ўсё роўна шылі новае палатно, а ногі неслі ў месца, дзе яна прымала рашэнне пагуляць. Такім чынам Ніна Багінская не толькі сімвал пратэстаў. Яна стала сімвалам мужнасці і перамогі над вечным страхам, у якім мы жылі. Многія згодзяцца, што мець удзячнасць за асабістую мужнасць ад Ніны Багінскай, легендарнай асобы і паважанага чалавека, гэта вялікі гонар.
Дыплом прэміі
Першым лаўрэатам прэміі стаў гурт Tor Band. Тамара Куін кажа, што насамрэч гэтай прэміяй можна ўзнагародзіць многіх.
-Вядомая фраза Марыі Калеснікавай: Беларусы – вы неверагодныя! – падыходзіць да многіх, як ніколі раней. Каб узнагарода знайшла свайго героя, у яго павінны быць прыхільнікі, якія захоплены яго дзейнасцю, якія цэняць уклад гэтага чалавека ў фарміраванне беларускага грамадства. Калі вы бачыце такога чалавека, раскажыце нам пра яго. Калі апякунскі савет пагодзіцца з вамі, то ён прыме рашэнне пачаць збор сродкаў для гэтай узнагароды. Пасля трэба прымаць актыўны ўдзел у падтрымцы свайго прэтэндэнта і сабраць цягам месяца тысячу долараў. Фундатарам можа стаць кожны. За кастрычнік прэміі і дыплом прысуджаны гурту Tor Band за іх смелыя музычныя кампазіцыі.
У лістападзе на прэмію прапанаваныя псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, грамадскі дзеяч, палітвязень Павал Севярынец, палітычны дзеяч Валеры Руселік, блогер Daroha, расійскі гісторык Андрэй Зубаў, «БЧБ-нявеста» Іна Зайцава, палітолаг Уладзімір Мацкевіч, філосаф Ян Грыб, паэт і грамадскі дзеяч Віктар Манкевіч, працаўнікі заводу «Атлант».
Слухайце аўдыё