Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы скупляюць канцэнтратары кіслароду

13.11.2020 16:23
У сувязі з ростам захворванняў на каранавірус і недастаткам месцаў у шпіталях, палякі пачалі масава купляць канцэнтратары кіслароду і пульсаксіметры – інфармуе Gazeta Wyborcza.
Zdj. ilustr.
Zdj. ilustr. Shutterstock/Kiryl Lis

Адмысловыя апараты дагэтуль карысталіся папулярнасцю сярод людзей з хранічнымі захворваннямі, зараз іх скупляюць і бяруць у арэнду здаровыя, якія баяцца захварэць кавідам. Пункты арэнды медычных апаратаў пустыя, а іх працаўнікі кажуць, што зацікаўленне канцэнтратарамі кіслароду і пульсаксіметрамі вялікае, ніхто іх не аддае, усе падаўжаюць арэнду на наступныя месяцы.

Канцэнтратар дапамагае ствараць кісларод з паветра, якое знаходзіцца ў наваколлі. Ён збірае і фільтруе паветра, ператварае ў кісларод і дастаўляе яго ў лёгкія. Лекары перасцерагаюць – карыстацца канцэнтратарам трэба асцярожна. Аб’ёмная падача кіслароду здароваму чалавеку можа пашкодзіць лёгкім. Звычайна ў падачы кіслароду маюць патрэбу асобы з хранічнымі захворваннямі лёгкіх, сэрца ці зараз – хворыя на каранавірусную інфекцыю.

Узровень кіслароду ў арганізме можна праверыць з дапамогай пульсаксіметру. Кроў здаровага чалавека павінна мець ад 95 да 99% утрымання кіслароду. Калі гэты паказчык падае да 90%, варта скантактавацца з лекарам, перш чым карыстацца апаратамі падачы кіслароду. Адмыслоўцы сігналізуюць, што карыстанне канцэнтратарам і пульсаксіметрам, калі хтосьці хворы на КАВІД, можа затрымаць працэс выздараўлення, з прычыны таго, што ў шпіталях выкарыстоўваюцца недаступныя ў аптэках лякарствы.

Няправільнае карыстанне апаратамі можа прывезці да пагаршэння стану здароўя. Нягледзячы на гэта, папулярнасць і запатрабаванне на медычную апаратуру, якой можна карыстацца дома, расце і, як лічаць адмыслоўцы, расці будзе.

Gazeta Wyborcza/аев