За два тыдні ў Польшчы прышчапілі амаль 338 тысяч чалавек.
У бліжэйшыя месяцы польскія ўлады хочуць прышчапіць тры мільёны чалавек, і нават больш. Усё будзе залежыць ад паставак вакцын, - сказаў Польскаму радыё кіраўнік Цэнтра стратэгічных аналізаў пры канцылярыі прэм'ер-міністра прафесар Норберт Малішэўскі. Калі графік паставак не парушыцца, Польшча створыць калектыўны імунітэт да канца летніх канікул.
- Аптымістычны сцэнарый – гэта скажам пад канец вакацый будзе дасягнуты шырокі імунітэт. Галоўная ўмова для гэтага – даступнасць вакцыны. Гэта падстава. Устойлівасць грамадства на хваробу – гэта агульная мэта. Ёсць яшчэ больш дакладныя – радыкальнае скарачэнне шпіталізацыі ды смярцей. Дзеля гэтага трэба прышчапіць людзей ва ўзросце 60 гадоў і больш.
Дагэтуль у Польшчы вакцыну ад канаравірусу атрымалі больш за 300 000 чалавек. З 15 студзеня на прышчэпкі змогуць рэгістравацца людзі старэйшыя за 80 гадоў.
Намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска заявіў, што сістэма рэгістрацыі людзей, якія хочуць зрабіць прышчэпку супраць каранавірусу, добра падрыхтавана.
- Я спакойны за арганізацыю працэсу. Уначы пачынае працаваць інфармацыйная служба. Званкі бясплатныя і званіць можна круглыя суткі. 15 студзеня змогуць зарэгістравацца людзі ва ўзросце ад 80 гадоў. 22 студзеня – людзі ва ўзросце ад 70 гадоў. Інфаслужба 989 – не адзіны метад рэгістрацыі. Можна зарэгістравацца праз інтэрнэт ці непасрэдна ў пунктах выкцынацыі.
Дэпутатка ад партыі “Права і справядлівасць” Тэрэса Варгоцка сказала, што адзінай праблемай пры рэалізацыі нацыянальнай праграмы вакцынацыі ў Польшчы будзе колькасць пастаўленых вакцын. Яна дадала, што такая праблема назіраецца ва ўсім Еўрапейскім Звязе.
- Мы працуем у рамках сістэмы Еўразвязу, калі выдзяляецца колькасць прышчэпак у залежнасці ад колькасці насельніцтва. Штотыдзень мы атрымліваем каля 360 тысяч вакцын. За тыдзень яны выкарыстоўваюцца цалкам. З 8 студзеня мы пачалі поўную вакцынацыю. У працоўныя дні прышчэпкі інтэнсіўна даюцца, у выходныя колькасць прышчэпак малее.
15 студзеня апоўначы пачнецца рэгістрацыя на Нацыянальную праграму прышчэпак у Польшчы. Першымі зарэгістравацца змогуць асобы ва ўзросце ад 80 гадоў. З 22 студзеня рэгістравацца змогуць 70-годзкі, з 25 студзеня – усе астатнія.
Юры Ліхтаровіч