17 месцаў гнездавання для белых буслоў падрыхтавалі ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы супрацоўнікі Абласнога ўпраўлення па ахове навакольнага асяроддзя ў Ольштыне.
Драўляныя слупы вышынёй 9 метраў з платформамі з гатовымі гнёздамі размяшчаюцца ў месцах, выбраных невыпадкова. Гэта адказ на паведамленні ад жыхароў, – тлумачыць Юстына Янушэвіч, прэс-сакратар Абласнога ўпраўлення ў Ольштыне:
- У выніку рамонтаў будынкаў, а таксама са змяненнем дахаў, змяншаецца колькасць месцаў гнездавання гэтай птушкі. Кожны год нам паведамляюць пра разнародныя здарэнні, як падзенне гнязда, трэшчыны на сценах будынкаў і пашкоджанні канструкцыі даху з-за вялікай вагі гнязда. Гэта выклікае вялікую пагрозу бяспекі насельніцтва.
Паводле ацэнак навукоўцаў, гняздо буслоў важыць ад 300 да нават 700 кілаграмаў.
У Польшчы найбольшая колькасць белых буслоў сустракаецца ў краю Варміі і Мазураў.
У гэтым рэгіёне знаходзіцца вядомая вёска буслоў Жыўкова (Żywkowo) у гміне Górowo Iłowieckie – у вёсцы жыве ўсяго 19 чалавек, і штогод там гняздуецца 40 пар буслоў і некалькі дзясяткаў маладых.
Белыя буслы таксама палюбілі вёску Львовец (Lwowiec) у гміне Сэмпопаль (Sępopol) блізу мяжы з Калінінградскай вобласцю – там буслы гняздуюцца пераважна на даху гатычнага каталіцкага храму XIV стагоддзя.
яс