Каранавірус збірае ў Польшчы смяротнае жніво, паведамляе на сваіх палосах газета Rzeczpospolita. І хоць сутачны рост заражаных каранавірусам грамадзян падае, то аднак смяротнасць у выніку COVID-19 знаходзіцца на высокім узроўні. У сераду памерлі 443 чалавекі, днём раней – 291, хоць лічба заражаных склала ўсяго каля 5 тыс. чалавек. Гэта нямнога, калі ўзяць пад увагу, што некалькі тыдняў таму сутачная колькасць заражаных SARS-CoV-2 даходзіла да 30 тыс. А вось лічба смяротных зыходаў утрымліваецца на высокім узроўні. Для прыкладу, тыдзень таму штодзень памірала каля 500 чалавек. Чаму такая высокая смяротнасць? – задае пытанне газета.
Паміраюць перш за ўсё грамадзяне ва ўзросце 70-80 гадоў і старэйшыя, у якіх дыягназаваныя іншыя хранічныя захворванні. Галоўны дарадчык польскага ўраду па пытаннях COVID-19 прафесар Анджэй Хорбан упэўнены, што смяротныя зыходы – гэта вынік Калядаў. Паводле яго, адказнасць за смерць нясуць людзі, якія не паслухалі спецыялістаў і накіраваліся святкаваць Ражджаство да сваіх родных. «Перад Калядамі мы заклікалі абмежаваць кантакты з сям’ёй у святочны перыяд. На жаль, многія нас не паслухалі, і цяпер мы назіраем за сумным вынікам Ражджаства», – сказаў спецыяліст. Іншы польскі навуковец, вірусолаг, прафесар Уладзімеж Гут таксама зазначыў, што шматлікія маладыя палякі не паслухалі адмыслоўцаў і паехалі на святы ў свае сем’і, заражаючы падчас візіта сваіх дзядуль і бабуль. «Старэйшы людзі, калі трапляюць у шпіталь, то амаль адразу ж трапляюць пад штучную вентыляцыю лёгкіх. Для большасці з іх – гэта смяротны прыгавор, хоць і адкладзены на два альбо тры тыдні», – кажа прафесар Гут.
У Польшчы Ражджаство – гэта самае важнае сямейнае свята, калі збіраецца ўся сям’я, прычым некалькі пакаленняў. Перад Калядамі кіраўніцтва краіны і спецыялісты заклікалі палякаў адмовіцца ад наведвання родных і па меры магчымасці не перамяшчацца. Як бачна па статыстыцы смяротнасці, не ўсе паслухалі адмыслоўцаў, паведамляе газета Rzeczpospolita.
вс