Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Не ўсім спадабаўся хаўрус дабрачыннасці з Страйкам жанчын

01.02.2021 14:56
Мэта акцыі зусім не палітычная – збор сродкаў на лячэнне дзяцей.
   , 31.01.2021
Цэнтр Варшавы падчас фіналу, 31.01.2021фота: PAP/Rafał Guz

Учора ў Польшчы ды паза яе межамі прайшоў фінал штогадовай дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі». Мэта акцыі зусім не палітычная – збор сродкаў на лячэнне дзяцей, сёлета збіралі грошы, між іншым, на дзіцячую ларынгалогію. Тым не менш, фінал выклікае кожны год шмат эмоцый, і не ўсе яны пазітыўныя. Сёлета арганізатар акцыі Ежы Оўсяк заключыў хаўрус з лідарамі так званага Страйку жанчын, якія пратэстуюць супраць абвастрэння супрацьабортных нормаў у краіне. На аўкцыёне аркестра былі выстаўлены прадметы, ахвяраваныя Страйкам жанчын, але яны не карысталіся вялікай папулярнасцю пакупнікоў – паведамляе інтэрнэт-выданне Niezalezna.pl. Пакет, у склад якога ўваходзіць, у прыватнасці, страйкавы сцяг, маска з маланкай (сімвалам страйку), дасягнуў невысокую цану – 510 злотых.

Рашэнне Оўсяка граць разам з лідарамі Страйку жанчын выклікала абурэнне нават сярод яго прыхільнікаў. Многія лічаць, што ён без патрэбы ўваходзіць у палітыку.

Тым не менш, нягледзячы на гэтыя непаразуменні, сёлета зноў быў пабіты рэкорд колькасці сабраных сродкаў, аб чым піша Rzeczpospolita. Падчас 29-га фіналу ўдалося сабраць, паводле папярэдніх падлікаў, амаль 127,5 млн. злотых.

Грошы збіралі каля 120 тыс. валанцёраў, збор праходзіць таксама ў інтэрнэце і ў некалькіх дзясятках краін свету, між іншым, у Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Германіі і Злучаных Штатах Амерыкі.

нг