Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

З жыцця пайшоў легендарны польскі велагоншчык Рышард Шуркоўскі

01.02.2021 15:57
Вядомасць Рышарду Шуркоўскаму прынесла Велагонка Міра, ён перамагаў у ёй чатыры разы – у 1970, 1971, 1973 і 1975 гадах.
Аўдыё
  • У дзясятую гадавіну сваёй першай перамогі ў Велагонцы Міра 1970 года спартовец успамінаў, што ўжо пасля першых этапаў спаборніцтва адчуваў сябе фаварытам.
Ryszard Szurkowski
Ryszard SzurkowskiPAP/Stanisław Dąbrowiecki

1 лютага памёр Рышард Шуркоўскі, адзін з лепшых польскіх веласіпедыстаў у гісторыі, двухразовы алімпійскі прызёр. Ён чатыры разы выйграваў Велагонку Міра, быў трохразовым чэмпіёнам свету-аматарам і 12-разовым чэмпіёнам Польшчы. 12 студзеня 2021 года Рышарду Шуркоўскаму споўнілася 75 гадоў.

Вядомасць Рышарду Шуркоўскаму прынесла Велагонка Міра. Ён перамагаў у ёй чатыры разы – у 1970, 1971, 1973 і 1975 гадах. У 1972 годзе ў Мюнхене і праз чатыры гады ў Манрэалі заваяваў сярэбраны алімпійскі медаль у камандным заліку. У 1973 годзе ў Барсэлоне стаў індывідуальным чэмпіёнам свету ў аматарскай гонцы з агульным стартам і каманднай гонкай на час.

Рышард Шуркоўскі быў самавукам, валодаў прыродным талентам шпаркай язды на веласіпедзе. У спаборніцтвах удзельнічаў з 1963 года, першапачаткова як не ўлічаны аматар. У 1960-ыя гады Шуркоўскі раз-пораз перамагае ў розных нацыянальных спаборніцтвах, у тым ліку ў горным кросе. З 1969 года Рышард Шуркоўскі залічаны ў склад нацыянальнай зборнай.

У дзясятую гадавіну сваёй першай перамогі ў Велагонцы Міра 1970 года спартовец успамінаў, што ўжо пасля першых этапаў спаборніцтва адчуваў сябе фаварытам. Архіўны запіс голасу Рышарда Шуркоўскага 1980 года:

-Выцягнуў першы, трэці і пяты этап, то-бок, кожны другі дзень. Гэта дало мне псіхалагічную перавагу над маімі супернікамі. Узмацніла мяне псіхалагічна, бо я зразумеў, што змагу добра і шпарка даехаць да канца.

Вядомы веласіпедны гоншчык Рышард Шуркоўскі нагадаў, што ў тыя часы польская каманда была адной з лепшых у свеце. Палякі не пакідалі сусветную веласіпедную вяршыню таксама з пункту гледжання абсталявання, гэта значыць ровараў:

- Польскія ровары выпускаліся пад маркай Romet. Аднак на самой справе яны збіраліся з італьянскіх і англійскіх частак. З пункту гледжання тэхнічных характарыстык нашых веласіпедаў мы не чым не саступалі супернікам. А ўжо ў выпадку нашай экіпіроўка, яна безумоўна заступала заходнім камандам. Нашыя касцюмы шыліся недзе ў Лодзі з вельмі кепскіх матэрыялаў. Памятаю, што кашулю можна было выкідаць пасля аднадзённага заезду, яна змяняла колер і губляла які-кольвек кшталт. Але, у гэтым выпадку, мне пашанцавала больш за маіх таварышаў. З першага этапу я атрымаў замежную кашульку лідара, і яна была значна больш вытрывалая чым польская.

Асаблівае месца ў кар’еры легенды польскага веласпорту Рышард Шуркоўскага займаюць Wyścigi Pokoju – добра памятная нашым старэйшым слухачам Велагонка Міра. Міжнародная шматдзённая велагонка, якая была створана як магутная прапагандысцкая зброя. Яе пачалі праводзіць у 1948 годзе друкаваныя органы кампартый краінаў народнай дэмакратыі – польская Trybuna Ludu, нямецкая Neues Detschland і чэхаславацкая Rudé právo.

Вось як пачатак ХХVII Велагонкі Міра, у якой браў удзел Рышард Шуркоўскі, асвятляў галоўны польскі кіначасопіс – Polska Kronika Filmowa:

-Пачалося пры жахлівым надвор’і – моцны вецер і дождж на афіцыйным адкрыцці. Аднак давайце паглядзім на мускулістыя твары нашых велагоншчыкаў. Яны будуць змагацца з моцнай канкурэнцыяй – 106 велагоншчыкаў з 18 краінаў.

У 65-ую гадавіна першай Велагонкі Міра, у 2013 годзе, Рышард Шуркоўскі ўспамінаў незвычайную атмасферу, якая суправаджала гэтыя спаборніцтвы і якія сталі пачаткам яго кар’еры:

- Велагонкі Міра былі марай для кожнага польскага велагоншчыка. Кожны маладзён, якія сядаў на ровар, хацеў удзельнічаць у Велагонках Міра. Гэта былі найбольшыя спаборніцтвы не толькі ў Польшчы, я лічу, што і ва ўсёй Еўропе. Калі ўпершыню трапіў у польскую зборную на Велагонкі Міра, зразумеў, што я ўжо не аматар, а сапраўдны велагоншчык.

У чэрвені 2018 года Рышард Шуркоўскі сур'ёзна пацярпеў у аварыі падчас гонкі ветэранаў у Кёльне. Спартовец перанёс некалькі аперацый, і спатрэбілася дарагая рэабілітацыя. У той час Першая праграма Польскага радыё (славутая Jedynka) арганізавала дабрачынны аўкцыён сувеніраў, падораных дзеля гэтай мэты выбітнымі польскімі спартоўцамі, каб прыспешыць выздараўленне Рышарда Шуркоўскага. Аб дапамозе веласіпедысту, а таксама аб яго шматгадовым супрацоўніцтве з Польскім радыё гаварыў тагачасны кіраўнік спартыўнай рэдакцыі Польскага Радыё Цэзары Гурʼеў:

- Рышард Шуркоўскі – гэта вялікі спартовец, вялікі паляк і вялікі чалавек. Нават не звяртаючы ўвагі на яго спартовыя дасягненні, ён выдатная асоба. Ён вялікі сябар Польскага Радыё, лічыць Першую Праграму (Jedynka) сваёй улюбёнай. Быў не толькі героем нашых рэпартажаў з Велагонак Міра, але на працягу доўгіх гадоў быў нашым карэспандэнтам на Tour de Pologne (Туры Польшчы).

Рышарда Шуркоўскага цанілі не толькі за спартыўныя дасягненні, а таксама за спартыўную сумленнасць. У 1970 годзе ён стаў лаўрэатам прэміі Fair Play, якая прысуджаецца ЮНЕСКА, калі ён аддаў свой запасны ровар Зігмунду Ханусіку падчас чэмпіянату Польшчы з сумесным стартам. Двойчы выйграў галасаванне «Przeglądu Sportowego» у намінацыі «Лепшы польскі спартовец.

Пасля заканчэння карʼеры ў 1984-1988 гадах Рышард Шуркоўскі быў трэнерам зборнай Польшчы. Найбольшых поспехаў ён дасягнуў з Лехам Пясецкім, які пад яго кіраўніцтвам у 1985 годзе выйграў Велагонкі Міра і стаў чэмпіёнам свету сярод аматараў у гонцы з агульнага старту. Праз тры гады Шуркоўскі прывёў польскую зборную да сярэбранага алімпійскага медаля ў каманднай гонцы ў Сеуле.

Рышард Шуркоўскі таксама быў заснавальнікам першай польскай прафесійнай веласіпеднай групы (1988), а таксама прэзідэнтам польскага Саюзу веласпорту ў 2010-11 гадах.

iar/pr/эж