Нацыянальны музей у Варшаве святкуе 60-ю гадавіну пачатку польскіх археалагічных раскопак у старажытным горадзе Фарас у паўночным Судане. Вынік згаданых раскопак па сённяшні дзень лічыцца найвялікшым поспехам польскай археалогіі. Менавіта таму Нацыянальны музей у Варшаве падрыхтаваў з гэтай нагоды багатую юбілейную праграму.
2 лютага 1961 года археалагічная місія пад кіраўніцтвам прафесара Казіміра Міхалоўскага(Kazimierz Michałowski) прыбыла ў старажытную Нубію ў горад Фарас, цяпер затоплены водамі возера Насер. Падчас раскопак былі выяўлены руіны хрысціянскай святыні. Сцены храма былі пакрытыя фрэскамі перыяду ад VІІ да XІV стагоддзяў.
Сусветная прэса назвала адкрыццё святыні ў Фарасе і выратаванне 120 фрэсак „цудам з Фараса”. Гэта дала пачатак вялікай кар'еры прафесара Казіміжа Міхалоўскага.
Адкрыццё ў Фарасе было адным найвялікшых поспехаў польскай археалогіі XX стагоддзя, сказала падчас інаўгурацыі святкавання куратар Выставы Фараса Аляксандра Сулікоўска-Бэлчоўска(Aleksandra Sulikowska-Bełczowska):
- Былі знойдзеныя руіны святыні. У гэтым ніхто не сумняваўся, паколькі былі выяўленыя дзве вельмі прыгожыя фрэскі. Гэта быў пачатак археалагічнай працы, якую сусветная прэса назвала „цудам з Фарасa”. Гэта таксама быў пачатак вялікай кар’еры прафесара Міхалоўскага і іншых даследчыкаў, якія працавалі разам з ім.
Нубійская святыня была адкрытая польскай археалагічнай місіяй у 1960-1964 гадах мінулага стагоддзя падчас гэтак званай нубійскай кампаніі. Польскія археолагі пачалі даследаваць дзюну з некалькімі дзясяткамі каменных блокаў ля яе падножжа.
„Міхалоўскі ведаў, што гэта не выпадковы ўзгорак. Інтуіцыя яго не падвяла. Гэта быў храм, праўда не егіпецкі, як меркавалася, але пазнейшы з часоў хрысціянскай Нубіі”, - успамінаў прафесар Стэфан Якабельскі(Stefan Jakobielski), адзіны ўдзельнік польскай місіі ў Судане, які застаўся сярод жывых.
Паводле яго, гэта была сенсацыя. Але ўсё гэта неўзабаве павінна было пайсці пад ваду ў сувязі з будаўніцтвам Вялікай Асуанскай плаціны і затапленнем усяго рэгіёну водамі Ніла. З гэтага моманту асноўнай задачай місіі стала выратаванне фрэсак. Работы праводзіліся пад наглядам кансерватараў. Фэрскі былі пакрытыя пластамі воску, калафанійскай смалы й палатна, а потым іх выразалі са сценаў.
Са 169 выяўленых фрэсак са сценаў аб’екта былі знятыя 120. У адпаведнасці з пагадненнем, заключаным паміж урадамі Егіпта, Судана і ЮНЕСКА, якія звярнуліся да міжнароднай супольнасці з просьбай аб дапамозе ў выратаванні старажытнага помніка, усе знаходкі былі падзелены на дзве часткі. Адна засталася ў краіне, дзе праходзілі раскопкі, то бок у Судане, а другую атрымала краіна, якая здзейсніла адкрыццё.
У 1962 годзе першыя артэфакты з Фараса былі пастаўленыя ў Нацыянальны музей у Варшаве. У музеі фрэскі былі адноўлены. Згаданы працэс працягваўся 10 гадоў – да 1972 года, калі адбылося ўрачыстае адкрыццё Выставы Фараса.
Святкаваннi 60-годдзя польскіх археалагічных раскопак у Судане будуць доўжыцца да восені 2022 года.
Юбілейнага праграма ўключае: выданне кнігі, якая паказвае неапублікаваныя раней фотаздымкі і іншыя архіўныя матэрыялы з раскопак. Таксама запланаваныя сустрэчы і дыскусійныя панэлі з удзелам гледачоў, майстар-класы, экскурсіі і іншыя адукацыйныя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых. У іх прымуць удзел вядомыя археолагі і даследчыкі нубійскай культуры, у тым ліку ўдзельнік польскіх раскопак у Фарасе прафесар Стэфан Якабельскі.
Анна Кнапек(Anna Knapek) з Музейнага цэнтра школьнай адукацыі тлумачыць, што юбілей павінен прыгадаць працу археолагаў, музейшчыкаў і кансерватараў, дзякуючы якім мы можам сёння глядзець фрэскі са святыні ў Фарасе:
- Вы зможаце сустрэцца з выдатнымі вучонымі, якія па сённяшні дзень даследуюць старажытную Нубію, часта спасылаюцца на вынікі працы археалагічнай місіі ў Фарасе. Падчас вакацыяў мы плануем запрасіць Вас у палатку археолага, дзе вы зможаце даведацца, у чым заключаецца згараданая прафесія. Мы будзем таксама заахвочваць пазнаёніцца з нашым выданнем, у якім раскажам пра археалагічныя раскопкі ў Фарасе ў Нубіі.
Мерапрыемствы рыхтуюцца ў супрацоўніцтве з Цэнтрам міжземнаморскай археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, Інстытутам міжземнаморскіх і Усходніх культур Польскай акадэміі навук, а таксама музейшчыкамі і адмыслоўцамі з усяго свету.
Галерэя Фараса ў Нацыянальным музеі ў Варшаве - гэта адзіная ў Еўропе выстава помнікаў культуры і мастацтва Нубіі хрысціянскага перыяду.
67 фрэсак, а таксама мноства іншых экспанатаў са святыні Фараса, якія знаходзяцца ў варшаўскім музеі складаюць найбуйнейшую і найбольш каштоўную калекцыю археалагічных артэфактаў, выяўленых падчас замежных раскопак і атрыманых Польшчай.
Астатнія выяўленыя тады экспанаты знаходзяцца ў Нацыянальным музеі Судана ў Хартуме.
Нагадваем, з панядзелка Нацыянальны музей у Варшаве можна ўжо наведваць асабіста. У адпаведнасці з новым планам змякчэння абмежаванняў, звязаных з эпідэміяй каранавіруса, з 1 лютага музеі і мастацкія галерэі ў Польшчы аднавілі працу.
З гэтай нагоды Нацыянальны музей у Варшаве падрыхтаваў спецыяльную прапанову для наведвальнікаў, паведаміў яго дырэктар Лукаш Гавэл(Łukasz Gaweł):
- Па- першае, нам удалося прадоўжыць выставу пад загалоўкам „Сіла польскіх карцінаў”. Якая з панядзелка мела пераязджаць у Нацыянальны музей у Познані, але нам удалося адтэрмінаваць гэта да канца тыдня, то бок да 7 лютага. Адкрытыя ўсе пастаянныя выставы, у тым ліку Выстава старажытнага мастацтва. І на канец самая важная інфармацыя – да 7 лютага ўступ у музей бясплатны.
Гледачы ўпершыню змогуць наведаць Выставу старажытнага мастацтва, рэканструкцыя якой працягвалася амаль 10 гадоў. Гэта адна з найважнейшых выставаў старажытнага мастацтва ў Польшчы. На новаадкрытай выставе знаходзіцца каля 1 800 храналагічна размешчаных артэфактаў старажытных цывілізацый Егіпта, Блізкага Усходу, Грэцыі і Рыма.
Аляксандра Сулікоўска-Бэлчоўска падкрэслівае, што шматлікія з іх паходзяць з польскіх раскопак, праведзеных у той час, калі закон дазваляў атрымаць некаторыя знаходкі, выяўленыя ў ходзе замежных археалагічных работ:
- Пачаткам гэтай калекцый з’яўляюцца 1920-1930 гады мінулага стагоддзя, калі пачаліся раскопкі Этфу пад кіраўніцтвам прафесара Міхалоўскага. Яны прыехалі ў Нацыянальны музей у Варшаве і далі пачатак калекцыі.
Экспанатам Выставы старажытнага мастацтва была вернутая непаўторная пышнасць дзякуючы грунтоўнай кансервацыі.
Нагадваем, што ў музейных установах трэба прытрымлівацца санітарнага рэжыму. Абавязвае дыстанцыя, дэзынфекцыя рук і маскі.
аз