Чалавек заўсёды шукаў рэчаў, пры якіх забываў пра ўвесь астатні свет. Раней гэта былі ваенныя практыкаванні, кніжкі, радыё ці шахматы. Сёння наша залежнасць мае новы твар – сацсеткі і камп’ютарныя гульні. Развіццё новых тэхналогій і, перадусім, інтэрнэту, паспрыяла таму, што кожны ў сваёй сям’і меў або мае дзіця, якое было або дасюль застаецца залежным ад лічбавага свету. Тое, чым нас прыцягвае віртуальная рэчаіснасць, звязанае перадусім з дапамінам, кажа адукатарка, ініцыятарка праекту KinoSzkoła доктар Яанна Заблоцка-Скорэк:
-Дапамін адказны за нашае самаадчуванне, энергію, матывацыю і адчуванне шчасця. Варта не забываць, што з дапамінам мы знаёмы, калі мы калі-небудзь закахаліся. Гэта адзін і той жа гармон. Узгадайце момант, калі вы закахаліся – гэта чыста хімічны момант, у якім павялічваецца колькасць дапаміну. Калі хтосьці назірае за намі ў такі момант, скажа: гэта чалавек адарваны ад рэчаіснасці. Вельмі часта закаханы не бачыць негатыўных рысаў аб’екту свайго кахання. Менавіта так працуе псіхіка дзіцяці, калі яно гуляе ў гульні. У яго такі адрэналін і дапамін, што ён не бачыць свету.
Механізмы, пры якіх наш арганізм вырабляе дапамін, знойдзем у штодзённым жыцці. Калі хтосьці любіць гатаваць – ён атрымлівае энергію, калі стаіць пры пліце гадзінамі, ён не чуе стомы. Тое ж самае з кніжкамі ці тэлебачаннем. Залежнасць ад гульняў была вядомая ўжо ў старажытныя часы. Пра такі спосаб барацьбы з голадам пісаў вядомы гісторык Герадот. Пра гэты выпадак расказаў адукатар Лукаш Нярадка:
-Гульні – гэта не навінка. Яны такія ж старыя, як чалавецтва. Чалавек пастаянна стараецца іх палепшыць, дадаць нешта, мадыфікаваць. Ужо Герадот пісаў пра гульні. Ён пісаў пра караля Лідзіі Атыса, які дзве тысячы гадоў да Хрыста запрапанаваў людзям гуляць у гульні падчас масавага голаду. Адзін дзень яны гулялі, другі дзень елі. І так, паводле Герадота, яны пражылі 18 гадоў. Гульня-ежа, гульня-ежа і так 18 гадоў. Якія высновы з гэтага? Адной з прычын таго, што мы гуляем, з’яўляецца эскапізм – мы ўцякаем ад праблем. Там адчуваем сябе лепш, хочам дасягнуць чагосьці – у гульнях гэта магчыма. Хочам таксама суперніцтва, або ў іншы бок – супрацы. Гуляць можам таксама, каб стаць кімсьці іншым.
Тое, што маюць сённяшнія гульні, а чаго не мелі гульні ў старажытнасці, гэта амаль бясконцы сюжэт – яны развіваюцца пастаянна, да іх дадаюць новыя магчымасці, постаці і заданні. Гульні захапляюць тым, што кожны раз перад табой нешта новае і можаш адкрываць далейшыя ўзроўні.
-Стваральнікі гульняў, калі ствараюць гульню, памятаюць пра тое, каб усе заданні былі магчымыя да выканання. Бо калі яны будуць надта цяжкія, гулец разнервуецца і занудзіцца. І гэта называем «flow». Ідэальная гульня трымае чалавека ў стане «flow» – плавання. Чаму ён так важны? Калі адкажам на гэтае пытанне, адкажам і на пытанне, чаму людзі становяцца залежнымі ад гульняў. Добрая гульня зроблена такім чынам, каб чалавек быў у «flow». Уявім сабе сістэму каардынатаў. Калі гульня будзе надта цяжкай, не будзе гэтага становішча, бо чалавек адчуе сябе няўпэўненым. У другі бок – калі гульня будзе надта лёгкай, гулец выключыць яе. Трэба захаваць раўнавагу. І гэтае «flow» маюць стваральнікі. Таксама, калі мы нешта ствараем, можам засяродзіцца настолькі, што час перастае існаваць. У нас такая радасць ад таго, што мы робім, што ўсё навокал знікае. Без гэтага адчування не было б вялікіх артыстаў, вялікіх шэдэўраў. Таму «flow» добрае. Але, калі хтосьці выкарыстоўвае гэты механізм дзеля трымання нас пры нечым зусім доўга, ці гэта не маніпуляцыя?
Сёння з праблемай сутыкаюцца ўсе дзяржавы свету. Лідарамі ў барацьбе з залежнасцямі з’яўляюцца азіяцкія краіны. У Карэі ўведзена забарона гуляць дзецям ноччу, а ў Кітаі ўведзены ліміты, як на колькасць гадзін у дзень, якія можна правесці за камп’ютарам, так і грошай, якія можна выдаткаваць на мікраплацяжы. Еўрапейскія краіны спрабуюць стварыць свае ўласныя сістэмы папярэджвання шкодных звычак, звязаных з гульнямі, каб з аднаго боку дзеці развівалі свае лічбавыя здольнасці, а з іншага не трацілі так шмат часу і грошай на гульні.
Альберт Ежы Вяжбіцкі