У выданні Sieci вялікае інтэрв’ю з галоўным камендантам Памежнай варты Польшчы генералам Томашам Прагай (Tomasz Praga). Гаворка ідзе пра складаную сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, дзе ў часовым лагеры прабываюць тысячы нелегальных мігрантаў, якія намераны прарвацца на польскую тэрыторыю.
Генерал адказвае на пытанне журналістаў, што пагранічнікаў вінавацяць у жорсткім стаўленні да мігрантаў. Па словах Прагі, яны наадварот дапамагаюць людзям, выратавалі ўжо шмат асоб, якія сталі ахвярамі гандляроў жывым таварам. Першая рэакцыя супрацоўнікаў Памежнай варты – праверыць, у якім стане здароўя мігрант, знойдзены на мяжы, праверыць яго дакументы, хаця гэта бывае складана, паколькі ў іх часта зусім няма дакументаў. Найважнейшы факт – ці мігранты хочуць падаць у Польшчы прашэнне аб прытулку, калі не – яны атрымліваюць пастанову, у выніку якой павінны неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы. Часцей за ўсё яны не хочуць заставацца ў Польшчы, а трапіць у Германію ці Швецыю, дзе сацыяльная дапамога значна большая.
Здавалася б, што тысяча мігрантаў – гэта не так шмат – адзначае журналіст. Ген. Прага адказвае, што цяперашні міграцыйны крызіс – не адзіны. З 18 жніўня мінулага года Польшча прыняла амаль 19 тыс. беларусаў. Усіх жыхароў Беларусі, якія ўцякаюць у Польшчу ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі, тут прымаюць. Яны звяртаюцца ў польскія дыпламатычныя ўстановы, або падаюць заяву аб прытулку на кантрольна-прапускным пункце на мяжы, былі толькі два выпадкі нелегальнага перасячэння мяжы.
З боку беларускіх пагранічнікаў здараюцца правакацыі, чуваць стрэлы. Па абодвух баках мяжы сканцэнтраваныя вялікія сілы ўзброеных сілавікоў, – кажа генерал.
Томаш Прага вітае рашэнне аб будаўніцтве агароджы вышынёю ў пяць метраў. Яна дазволіць лепш ахоўваць дзяржаўную мяжу.
Як генерал успрымае крытыку ў бок памежнікаў, што яны негуманна ставяцца да мігрантаў, не даючы ім перайсці на польскі бок і высылаючы назад у Беларусь? Ён адзначае, што разумее жаданне дапамагчы людзям, якія трапілі ў тупіковую сітуацыю, заклікі ўпусціць усіх, а пазней разбірацца, хто яны. Аднак, калі б палякі гэта зрабілі, то сёння мы б размаўлялі не пра 30 тыс. асоб, а пра 300 тыс, а можа і мільён чалавек.
нг