Паводле ацэнак грамадзянскай супольнасці па палітычных прычынах за кратамі знаходзяцца да 3 тысяч чалавек. Беларуская дыяспара рэгулярна ладзіць акцыі ў падтрымку палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку і незаконна арыштаваных праваабаронцаў.
Чарговыя акцыі адбыліся ў Міжнародны дзень правоў чалавека ў Вільні ды Варшаве. У літоўскай і польскай сталіцах прайшлі пікеты ў падтрымку беларусаў, зняволеных па палітычных прычынах, у тым ліку праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама падпісанне паштовак салідарнасці палітычным зняволеным Беларусі. Пра мэты акцыі распавядае варшаўскі арганізатар праваабаронца Зміцер Салаўёў з ПЦ «Вясна».
- У Беларусі цяпер адбываецца катастрафічная сітуацыя з правамі чалавека. Пасля выбараў 2020-га года дзясяткі тысяч чалавек былі арыштаваныя, каля 10 чалавек былі забітыя. Мы не ведаем дакладную лічбу. Некаторыя былі застрэленыя, іншых закатавалі ў турмах, як Вітольд Ашурак. Больш за 1000 катаванняў зафіксавалі прадстаўнікі нашай арганізацыі. Працуе місія ААН па выкрыцці катаванняў. Ёсць больш за 900 зняволеных. Мы змагаемся за тое, каб людзі выйшлі на свабоду, каб спыніліся катаванні, каб, нарэшце адбыліся, свабодны выбары.
Удзельнікі пікету казалі, што яны далучыліся да акцыі, каб падтрымаць палітвязняў, нагадаць свету, пра злачынствы, што адбываюцца ў Беларусі. Гаворыць Наталля Крывашэй.
- Каб яшчэ раз нагадаць беларусам, палякам, усяму свету аб тым, што ў Беларусі, у цэнтры Еўропы, - ёсць палітвязні. Палітычным зняволеным можа стаць любы чалавек, хто выступае супраць дзейснага рэжыму.
Адмыслова на акцыю прыйшла Ганна, бо яна не пагаджаецца з тым, што адбываецца ў Беларусі
- Я прачытала ў Сеціве пра акцыю і прыйшла падтрымаць, таму што гэта акцыя звязаная з правамі чалавека. У нашай краіне, у Беларусі, яны пастаянна парушаюцца.
Валеры Сляпухін прыйшоў на акцыю таму, што правы чалавека для яго – не пусты гук.
- Я шмат часу прысвяціў грамадскай актыўнасці, асабіста знаёмы з Леанідам Судаленкам, якія цяпер за кратамі, адзін з палітвязняў. 2020 год усё змяніў у прававым плане, цяпер сітуацыя вельмі моцна пагоршылася ў Беларусі. Цяпер амаль кожны сутыкнуўся з рэпрэсіямі ды парушэннем правоў чалавека. Усе парушэнні сыходзяць ад уладаў. Паўплываць на іх можа толькі міжнародная супольнасць.
Удзельнікі акцый нагадалі, што ў Беларусі ў СІЗА застаюцца сотні палітзняволеных за сваю мірную місію і прыхільнасць правам чалавека. Падтрымаць іх можна праз лісты салідарнасці – гэта самая простая і адчувальная падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам, заклікаюць праваабаронцы. Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак Салідарнасці; ініцыятыву «Вклеточку» і письмо.бел.
Юрась Ліхтаровіч