Быць беларускамоўным у Беларусі – гэта выклік. Яшчэ большым выклікам з’яўляецца выхоўванне дзіцяці на роднай мове. Ёсць сем’і, якія прынцыпова выхоўваюць дзяцей беларускамоўнымі, нягледзячы на тое, што для гэтага трэба прыкласці больш намаганняў.
Мы паразмаўлялі з Алінай Нагорнай, прадстаўніцай ініцыятывы «Умовы для мовы», аўтарка кнігі «Мова 404», суаўтаркай дапаможніка «Абаронім мову». Яна з мужам Ігарам Случакам выхоўваюць беларускамоўнага сына Стэфана.
Аліна мяркуе, што толькі размаўляць на беларускай мове з дзіцём – недастаткова.
-Справа ў тым, што беларуская мова не ідзе сама па сабе. Беларуская мова ідзе з культурай, са светапоглядам. Таму, на мой погляд, проста размаўляць на мове – недастаткова. Важна, каб у дзіцёнка быў розны кантэнт на мове. Хацелася б больш мульцікаў, казак, кніг на беларускай мове. У Беларусі выхаваць беларускамоўнае дзіця складаней, чым на рускамоўнае. Магнітных літарак ці цацак, якія «размаўляюць» па-беларуску, проста не існуе. Ад бацькоў патрабуецца больш высілкаў. Напрыклад, нельга проста ўключыць мульцікі па-беларуску па тэлевізары. Іх трэба шукаць, захоўваць, а потым уключаць.
У Беларусі выхоўваць дзіця на беларускай мове складана, як і нялёгка функцыянаваць беларускамоўнаму чалавеку. Для гэтага патрэбныя большыя высілкі, якія не кожны гатовы прыкладаць, таму ён выбірае зносіны на рускай мове. Сям’я Аліны выбрала беларускую мову, а таму і прыкладае больш высілкаў.
Паводле Аліны Нагорнай, хоць ёсць ініцыятывы, якія дапамагаюць выхоўваць дзяцей на беларускай мове, то сітуацыя ў краіне не спрыяе развіццю беларускай мовы і культуры.
-Расце колькасць ініцыятываў, з’яўляецца больш кніг, мульцікаў. Але тое, што больш людзей хоча размаўляць па-беларуску, мала як уплывае на сітуацыю. Як ты раней не мог аддаць дзіця ў беларускамоўны садок, так і цяпер гэтага зрабіць нельга. Попыт і жаданне ёсць, але няма магчымасці.
Большасць грамадства ў Беларусі – рускамоўная. Як дзіця, якое выхоўваецца ў беларускамоўная сям’і, функцыянуе ў рускамоўным грамадстве?
-У Беларусі немагчыма не ведаць рускую мову. Дзеці агулам вельмі лёгка засвойваюць мовы і яны не маюць праблем, што сябры ў садку гавораць на іншай мове. Беларускамоўныя дзеці дома гавораць па-беларуску, у садку таксама намагаюцца як мага больш. Больш праблем у бацькоў. Яны, напрыклад, хочуць завесці дзіця ў басейн ці гульнявы зал, а знайсці іх па-беларуску вельмі цяжка. Калі ў Мінску яшчэ ёсць прапановы, то ў рэгіёне гэта немагчыма. Была гісторыя, калі жанчына шукала для дзіцяці інструктара па плаванні з беларускай мовай, ёй паабяцалі, а на месцы быў рускамоўны інструктар. Дзіця не ўсё разумела і плакала. Гэтая сітуацыя вельмі паказальная. Беларуская мова – дзяржаўная. Па законе, кожны яе павінен ведаць для выканання службовых абавязкаў. Дзяржава і грамадства закрываюць на гэта вочы, мала хто патрабуе выкананне гэтага закону. Таму паяўляюцца сітуацыі дыскрымінацыі беларускай мовы.
Аліна прызнае, што апошнім часам назіраецца большая зацікаўленасць да беларускамоўнага кантэнту, літаратуры, творчасці. Гэтага, усё ж, на яе думку, мала, а тэорыя не становіцца практыкай.
-Пасля апошніх падзей людзі таксама пачалі праяўляць больш цікаўнасці да беларускай мовы. Аднак усё роўна дыскрымінацыя застаецца. Калі раней я падчас кантактаў з людзьмі чула здзіўленне: «Вы по-беларуски говорите», мяне гэта крыху бянтэжыла, цяпер я звычайна чую: «У вас такая класная беларуская мова», ужо каментуюць са станоўчым сэнсам. Адзін і другі прыклад – дыскрымінацыя. Хоць гэта лепш, чым было раней. Попыт на беларускую мову ёсць, ёй цікавяцца, але цікавасць не заўжды перарастае ў тое, што людзі пачынаюць на ёй размаўляць.
Мы папрасілі Аліну даць аргументы на карысць беларускай мовы тым бацькам, якія задумваюцца, на якой мове выхоўваць дзяцей.
-Беларуская мова дае адчуванне прыналежнасці да краіны, да нацыі. Гэта будзе чалавек з глебай, які будзе ведаць гісторыю, ганарыцца сваёй краінай. Мне падаецца, што такі чалавек будзе больш шчаслівы, паколькі ў яго ёсць тое, што ніколі не адымеш. Можна адняць грошы, страціць здароўе, але нельга страціць памяць і адчуванне, што ты частка класнай краіны і класнага народу. Гэта важна проста для сябе.
Нашай суразмоўцай была Аліна Нагорная, прадстаўніца ініцыятывы «Умовы для мовы», аўтарка кнігі «Мова 404», суаўтарка дапаможніка «Абаронім мову».
Поўная размова ў далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав