Беларуская Служба

На святую Гару Грабарку прыбываюць сотні праваслаўных паломнікаў

17.08.2023 13:53
Галоўныя ўрачыстасці Праабражэння Гасподняга ў святым для праваслаўных месцы будуць праходзіць 18 і 19 жніўня.
Аўдыё
  • На святую Гару Грабарку прыбываюць сотні праваслаўных паломнікаў
Святая гара Грабарка Polskie Radio dla Zagranicy Anna Pietrowska

Сёння на святую Гару Грабарку прыйшлі праваслаўныя паломнікі, якія некалькі апошніх дзён ішлі пешшу. Галоўныя ўрачыстасці Праабражэння Гасподняга ў святым для праваслаўных месцы будуць праходзіць 18 і 19 жніўня. Звычайна ва ўрачыстасці прымаюць удзел некалькі тысяч вернікаў.

Святая гара Грабарка з невялікай царквой і жаночым манастыром з’яўляюцца для праваслаўных у Польшчы найважнейшай царкоўнай святыняй. Традыцыя здзяйсняць паломніцтвы ў гэтае месца бярэ пачатак з 1710 года. Аднак культ іконы «Спаса і Збаўніка» быў вельмі папулярны на гэтай тэрыторыі ўжо ў 13 стагоддзі, расказвае гісторык, прафесар Антон Мірановіч:

-Да цудатворнай іконы «Спаса і Збаўніка», якая тады знаходзілася ў Мельніку ў царкве Багародзіцы, прыходзілі не толькі простыя людзі, але і князі. Калі татары напалі на Валынь, на паўднёвае Падляшша, ікону перанеслі ў больш недаступнае месца, сярод лесу. Гэтая ікона «Спаса і Збаўніка» прыцягвала людзей у XVI стагоддзі. Мала хто ведае, але дакументы паказваюць, што ў канцы XVI- пачатку XVIІ стагоддзя з Немірава былі арганізаваныя спецыяльныя каталіцкія місіі, якія павінны былі абмежаваць уплыў манахаў, якія хваляць цудатворную ікону «Спаса і Збаўніка». Больш вядомыя факты пра гэтае месца паходзяць з XVIІІ стагоддзя, калі ў 1710 годзе падчас Паўночнай вайны ў гэтым месцы была шырока распаўсюджана зараза. Аднаму з жыхароў Сямятыч прыснілася, што ёсць вызначанае Богам месца, дзе можна атрымаць ратунак. Так і сталася. З 1710 году гэта цудатворнае месца для праваслаўных, але і ўсіх астатніх.

Калі адбываліся цудоўныя вылячэнні, на месцы была пабудавана капліца, а потым царква. Царква аднаўлялася, рамантавалася і добраўпарадкоўвалася, але ў 1990 годзе яе падпалілі, царква цалкам згарэла. Новы храм, ужо мураваны, быў асвечаны ў 1998 годзе.

У 1947 годзе на святой Гары Грабарцы ўзнік праваслаўны жаночы манастыр імя св. Марты і Марыі. З тых часоў гісторыя гары неаддзельная ад гісторыі манастыра. Сёстры моляцца і даглядаюць гэтае святое месца.

З 2000 года на Святой гары знаходзіцца Іверская ікона Божай Маці, напісаная на Святой гары Афон, ахвяраваная да 2000-годдзя хрысціянства.

У паломнікаў ёсць звычай ставіць на ўзгорку драўляныя крыжы. Сярод дрэў, якія растуць на ўзгорку, іх тысячы, некаторыя крыніцы кажуць пра 10 тысяч. Кожная група пілігрымаў усталёўвае крыж, шмат хто пакідае і свой, які нёс у розных прыватных інтэнцыях.

Найбольшая колькасць паломнікаў пачала прыязджаць у Грабарку пасля Другой сусветнай вайны, калі галоўныя праваслаўныя святыні (Пачаеў, Жыровічы) апынуліся ў межах Савецкага Саюза. Найбольш шматлікія пілігрымкі прыходзяць на святую Гару ў свята Праабражэння Гасподняга (18/19 жніўня), але вернікі, паломнікі і турысты едуць сюды круглы год.

Дакладных дадзеных аб колькасці праваслаўных у Польшчы няма. Праваслаўныя іерархі  налічваюць каля 500 тысяч вернікаў. Гэтую лічбу прывяло таксама Галоўнае статыстычнае ўпраўленне ў апублікаванай некалькі месяцаў таму справаздачы «Рэлігійныя канфесіі ў Польшчы ў 2019-2021 гадах». Найбольшая канцэнтрацыя вернікаў праваслаўнай царквы знаходзіцца на Падляшшы.

Падчас папярэдняга перапісу 156 тысяч чалавек дэкларавалі прыналежнасць да праваслаўнай царквы ў Польшчы. Аднак гэтыя звесткі іерархі лічаць ненадзейнымі. Даных апошняга перапісу насельніцтва, праведзенага ў 2021 годзе, пакуль няма.

ав

слухайце аўдыё