Беларуская Служба

Польскія навукоўцы распрацоўваюць мадэль апекі над пацыентамі з дэменцыяй

22.08.2023 10:11
У 2030 годзе колькасць людзей у свеце, якія хварэюць дэменцыяй, можа ўзрасці да 82 мільёнаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарfernandozhiminaicela/pixabay.com/CC0 Public Domain

Навукоўцы з Любліна распрацуюць мадэль аховы здароўя людзей з дэменцыяй, якая стане асновай для ўвядзення зменаў у гэтай галіне ва ўсіх краінах Еўрасаюза, паведамляе выданне Nasz Dziennik.

Мяркуецца, што каля 50 мільёнаў чалавек жывуць з дэменцыяй галаўнога мозгу, у тым ліку хваробай Альцгеймера. Штогод такі дыягназ ставіцца 10 мільёнам новых пацыентаў. Прагнозы вельмі трывожныя. У 2030 годзе колькасць людзей у свеце, якія жывуць з дэменцыяй, можа ўзрасці да 82 мільёнаў. У Польшчы на гэтае захворванне хварэе да паўмільёна чалавек. Між тым, паводле экспертаў, мадэль аховы здароўя гэтых пацыентаў – гэта праблема, з якой змагаецца ўвесь свет.

Менавіта таму міжнародны праект, да якога запрасілі таксама польскіх навукоўцаў, мае на мэце распрацаваць рашэнні, якія дапамогуць хутчэй дыягнаставаць і лячыць пацыентаў ва ўсёй Еўропе.
Выданне паведамляе, што каманда даследчыкаў з Польшчы будзе працаваць пад кіраўніцтвам старшыні Польскага неўралагічнага таварыства з кафедры і клінікі неўралогіі Люблінскага медыцынскага ўніверсітэта прафесара Конрада Рэйдака.

У рамках даследавання медыцынскія арганізацыі будуць прапаноўваць свае рашэнні, ідэі, як паўплываць на натуральны ход дэменцыі. Нагадваем, нейрадэгенератыўныя захворванні цяжка выявіць, паколькі іх сімптомы доўгі час незаўважныя.

«Толькі пасля некалькіх гадоў фіксуюцца першыя праблемы з памяццю. Таму дэменцыя з’яўляецца такім вялікім выклікам для медыцыны», – паясняе прафесар Конрад Рэйдак у інтэрв’ю выданню Nasz Dziennik.

аз