Беларуская Служба

100 гадоў таму ў Варшаве здарыўся найбуйнейшы тэрарыстычны акт у гісторыі Польшчы

13.10.2023 15:47
Яго выканаўцамі былі агенты Савецкага Саюза.
        .
Пра выбух у цытадэлі шырока паведамлялі СМІ у Польшчы.Фота: Polskie Radio/"Ilustrowany Kurier Codzienny", "Ilustrowane Życie Polskie", "Nowiny Ilustrowane"

Польскае агенцтва друку паведамляе, што роўна 100 гадоў таму, 13 кастрычніка 1923 года, у варшаўскай Цытадэлі адбыўся найбуйнейшы тэрарыстычны акт у гісторыі Польшчы. Яго выканаўцамі былі агенты Савецкага Саюза, а мэтай – дэстабілізацыя сітуацыі ў Польшчы.

Паражэнне Савецкай Расіі ў вайне з Польшчай і Рыжскі мір у Крамлі лічылі часовым перапынкам у дзейнасці, накіраванай на пашырэнне камуністычнай ідэалогіі. Савецкая прапаганда сцвярджала, што Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна – гэта землі, якія заўсёды належалі Расійскай імперыі. Масква меркавала, што яна мае права таксама на Бесарабію, краіны Балтыі і Фінляндыю.

Адным з інструментаў барацьбы з Польшчай была дыверсійная дзейнасць Камуністычнай партыі Польшчы і дыверсійных груп, якія пранікалі за савецка-польскую мяжу. Вясной 1923 г. па ўсёй Польшчы адбылося некалькі нападаў на дзяржаўныя ўстановы. У арміі была адкрыта сетка камуністычных дыверсантаў, былі арыштаваныя два афіцэры – паручнікі Валерый Багінскі і Антоні Вечаркевіч – члены Польскай камуністычнай партыі

У 9 гадзін раніцы 13 кастрычніка выбухнуў парахавы склад у сталічнай Цытадэлі, у той час, калі побач трэніраваліся салдаты. Загінулі 28 чалавек, 90 атрымалі цяжкія раненні. Хваля выбуху ўдарыла і па сценах турмы, дзе сядзелі Вечаркевіч і Багінскі. Яны ўсталі і праспявалі камуністычную песню. Ваенны суд прысудзіў афіцэраў да смяротнага пакарання. Неўзабаве савецкае прадстаўніцтва папрасіла зладзіць абмен палоннымі. Польскія ўлады чакалі рашэння вышэйшай інстанцыі. У студзені адбыўся напад камуністычных баевікоў на турму, але спроба адбіць вязняў скончылася няўдачай.

Увесну прэзідэнт замяніў смяротнае пакаранне Багінскага на пажыццёвае зняволенне, а Вечаркевіча – на 15 гадоў турмы. Пазней удалося дамовіцца з Расія аб абмене іх на палонных палякаў, але да абмену не дайшло, паколькі абодва вязні былі застрэленыя канваірам Юзэфам Мурашкам. Свой учынак ён матываваў патрыятычнымі матывамі. Мурашка атрымаў два гады пазбаўлення волі.

PAP/нг