Беларуская Служба

Дызайнерка зборніка вершаў расстраляных паэтаў: Актуальнасць зборніка цяпер вялікая як ніколі

29.10.2023 08:11
Усё больш беларусаў прыкладаюць намаганні, каб згадаць не толькі трагічныя падзеі, але і творчасць расстраляных паэтаў і пісьменнікаў.
Аўдыё
  • Дызайнерка зборніка вершаў расстраляных паэтаў: Актуальнасць зборніка цяпер вялікая як ніколі

Ноччу з 29 на 30 кастрычніка 1937 году функцыянеры НКУС у Мінску расстралялі больш за 130 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, публіцыстаў. Савецкі рэжым знішчыў больш за 90% вышэйшых чыноўнікаў, святароў, інтэлектуалаў, людзей мастацтва Беларусі. Гэтую ноч называюць Ноччу расстраляных паэтаў.

29-га кастрычніка беларусы адзначаюць Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Гэта ініцыятыва прыватных асобаў, даследчыкаў і грамадскіх дзеячаў. Гэта яны дзясяткі гадоў збіраюць інфармацыю, раскіданую па шматлікіх архівах былога Савецкага Саюза.

Дзякуючы іх высілкам стала вядома, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску расстралялі больш за 100 дзеячаў беларускай культуры, мастацтва, навукі.
Для савецкай улады – гэтыя людзі былі ворагамі, шпіёнамі. 22 асобы з расстраляных – гэта былі пісьменнікі, літаратурныя крытыкі. Таму гэты расстрэл называюць «пісьменніцкім».

Пазней органы савецкай жа юстыцыі былі вымушаныя прызнаць, што справы супраць усіх расстраляных былі сфабрыкаваныя. Асноўная частка ахвяраў была рэабілітаваная пасля 1956-га году. Рэшту рэабілітавалі паводле загаду Гарбачова з 1989-га году. Загінулі невінаватыя людзі. Эксперты называюць гэта свядомым вынішчэннем нацыянальнай эліты.

Да 2020 году акцыі з нагоды Ночы расстраляных паэтаў праходзілі ў Беларусі. Цяпер гэта немагчыма. За тое ўсё больш беларусаў у замежжы прыкладаюць намаганні, каб згадаць не толькі трагічныя падзеі, але і творчасць паэтаў і пісьменнікаў, расстраляных у 1937 годзе.


Зборнік Насты Чарновай «Я хачу» Зборнік Насты Чарновай «Я хачу»

Наста Чарнова сёлета закончыла факультэт дызайну ў у ЕГУ. На тэму дыпломнай працы яна выбрала тэму расстраляных паэтаў. Яна падрыхтавала зборнік вершаў паэтаў «Я хачу», якія былі расстраляныя ноччу з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Наста выбрала гэтую тэму, паколькі бачыць несумненныя паралелі 1937 году і актуальнай сітуацыі ў Беларусі:

-Актуальнасць зборніка цяпер вялікая як ніколі. Падаецца, што некаторыя вершы былі напісаныя цяпер, а не 86 год таму. Яны настолькі рэзануюць з падзеямі і пачуццямі сучаснасці. Апроч таго, рэжымы, якія лічаць сябе нашчадкамі Савецкага Саюзу і адпаведна сябе паводзяць, стараюцца замятаць сляды савецкіх рэпрэсій. Я палічыла, што трэба як мага больш казаць пра гэта. Не праводзіць паралелі з падзеямі ў сучасным беларускім грамадстве і падзеямі 1937 году проста немагчыма.

Вершы ў зборніку падабраныя так, каб можна было прасачыць цячэнне 20-30-х гадоў.

-Спачатку я падбірала вершы больш аптымістычныя. Паэты спадзяваліся, што прыйшла рэвалюцыі і зменіць усё да лепшага. З цягам часу настрой вершаў мяняецца, яны задумваюцца, куды ўсё цячэ, становяцца больш рэалістычнымі, а не ўзвышанымі, дзесьці агітацыйнымі. У канцы – вершы трагічныя, калі паэты зразумелі, куды ўсё прывяло. Вершы праўдзівыя, трагічныя, шчырыя, дзе паэты кажуць, што яны не думалі, куды прывядзе сталінская таталітарная сістэма. Зборнік сканчаецца вершам Міхася Чарота «Прысяга», напісаны на сцяне вязніцы. На волю яго перадаў іншы паэт, Мікола Хведаровіч, – расказвае Наста Чарнова.


Зборнік Насты Чарновай «Я хачу» Зборнік Насты Чарновай «Я хачу»

У зборніку няма біяграфічных звестак, здымкаў паэтаў і архіўных дакументаў, паколькі дызайнерка хацела расказаць пра паэтаў праз эмоцыі, а не факты. Важна было адлюстраваць душу эпохі пры дапамозе вершаў паэтаў. Да кожнага верша і паэта падабраныя адмысловыя вобразы і прыёмы, каб зборнік быў сучасным у сваёй візуальнай мове.

Наста Чарнова спадзяецца, што зборнік стане першым прыступкам, якая зацікавіць чытачоў да далейшага вывучэння творчасці і жыцця паэтаў.


. 

ав

слухайце аўдыё