– Польскія фермеры баяцца таннага збожжа, а мы – украінскага транспарту. Нас затапілі іх грузавікі, – распавядае эканамічнаму парталу money.pl Яцэк Сакол, удзельнік пратэсту.
12 дзён – столькі звычайна чакаюць кіроўцы, якія працуюць у фірме Томаша Баркоўскага, каб вярнуцца з Украіны ў Польшчу.
– Пры ўездзе ва Украіну яны рэгіструюцца ў сістэме электроннай чаргі, што дазваляе ім пакінуць краіну. Чаканне – не менш за 12 дзён. Наша праца ва Украіне займае ўсяго два дні – даехаць да Кіева, разгрузіць і вярнуцца. Таму астатнія 10 дзён кіроўцы праводзяць на стаянцы. І паскорыць гэта не могуць, – тлумачыць Баркоўскі.
– Паняцця не маю, чаму з польскага боку няма чаргі, а з украінскага так доўга чакаюць. На жаль, у цяперашняй сітуацыі вадзіцеляў, якія жадаюць працаваць у такіх умовах, становіцца ўсё менш. Гэта 10 дзён нуды, большасць людзей аддадуць перавагу правесці гэты час у дарозе. Акрамя таго, ідзе вайна, хоць мяжа ў бяспецы. Але гэта некамфортная сітуацыя, – дадае Баркоўскі.
У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, польскія перавозчыкі вырашылі выказаць пратэст. У Дарагуску, Грэбэнным і Корчаве яны перакрылі выезды ўкраінскім грузавікам, якія ехалі на ўсход. Кожную гадзіну прапускаюць адну фуру.
Галіна баіцца, што транспарт чакае тая ж доля, што і сельскую гаспадарку – няроўная барацьба з украінскімі кампаніямі. Увесну 300 цягачоў праехалі па Варшаве ў рамках акцыі пратэсту. З тых часоў мала што здарылася, кажуць удзельнікі.
Паводле Яцэка Сакола з Камітэту абароны перавозчыкаў і працадаўцаў транспарту, фермеры сутыкнуліся з некантраляваным паступленнем збожжа, а «мы – з некантраляваным транспартам». Да вайны выдавалі па 160 тысяч дазволаў на Польшчу і Украіну, што азначае, што штогод мяжу перасякала 320 тысяч грузавых аўтамабіляў. Аднак толькі сёлета колькасць перавозак з Украіны склала 800 тысяч.
- Нас затапілі ўкраінскімі грузавікамі. Гэта разбурыла раней збалансаваны рынак транспартных паслуг. Калі б гэта былі перавозкі толькі ва Украіну і з Украіны, гэта не дэстабілізавала б наш рынак, але, на жаль, украінскія кампаніі выкарыстоўваюць нядобрасумленныя практыкі, у тым ліку перавозкі ў межах Еўрасаюзу, што абсалютна забаронена для іх і іншых перавозчыкаў з-за межаў ЕС без адпаведнага дазволу, – кажа Сакол.
Удзельнікі блакады патрабуюць, сярод іншага: увядзенне камерцыйных дазволаў украінскім кампаніям на перавозку грузаў, за выключэннем гуманітарнай дапамогі і паставак для ўкраінскага войска, прыпыненне дзеяння ліцэнзій для кампаній, якія былі створаны пасля пачатку вайны ва Украіне, і іх праверкі.
-Мы не супраць украінцаў, мы хочам ім дапамагчы, але таксама важны наш інтарэс і эканамічная бяспека. Мы гатовыя прыняць выключэнне з абавязковых дазволаў для гуманітарных і ваенных перавозак, але не для камерцыйных перавозак. Наш урад і ЕС стварылі гэтую сітуацыю. Гэта выйшла з-пад кантролю. Цяпер яны павінны гэта выправіць, – кажа Сакол.
ав/money.pl