Я вырашыў змяніць сваё жыццё
Аляксандр патрапіў у Польшчу з эканамічных прычын. Маючы дзве вышэйшыя адукацыі не змог знайсці ў Беларусі працу за якую мог бы атрымліваць прыстойны заробак і жыць.
-Не задавальняла мяне ні праца ў Беларусі, ні яе аплата. У нас шмат агенцтваў у буйных гарадах па працаўладкаванню. Я звярнуўся ў адно з іх, заплаціў грошы і мне зрабілі візу, далі накіраванне на працу і так я першы раз апынуўся ў невялікім горадзе Лешна.
Праца была на заводзе металічных канструкцый, як згадвае Аляксандр. Прычым, даволі цяжкая, даводзілася працаваць пазменна, у тым ліку і ў начныя змены. Але іншай працы не шукаў, адпрацаваў той тэрмін колькі дазваляла знаходзіцца віза і вяртаўся дамоў.
-Але калі я ехаў у аўтобусе і пад’язджаў да Брэста, то зразумеў, што ізноў вярнуся сюды. Бо як бы не было тут цяжка, але я адчуваў сябе добра і мне было тут цікава.
Канешне, значным аргументам, каб вярнуцца на цяжкую фізічную працу былі не толькі заробкі, якія ў разы большыя чым у Беларусі. Але мой суразмоўца гаворыць аб гэтым толькі агульна.
-Неяк працаваць у Беларусі мне было няўтульна. Я ў сваім жыцці не раблю таго што мне не падабаецца. Не хацеў там хадзіць у нейкага прасіць якую кольвек пасаду. Я вырашыў усё змяніць, цалкам змяніць сваё жыццё.
Тая самая праца ў Беларусі ацэньваецца ў два разы танней
Другі яго прыезд на працу пачаўся з таго, што трапіў адразу да махляра, які займаўся нібы будоўляй, але ў той самы час ашукваў сваіх рабочых.
-Я быў ужо не першы. Ён набраў сабе людзей у будаўнічую кампанію, але ў той самы час не рабіў для іх ніякіх дакументаў, а значыцца мы працавалі незаконна. І калі я запытаўся пра дакументы, ён пачаў сыпаць абяцанкамі, маўляў, пазней. Але я адразу зразумеў, што гэта махляр і развітаўся. Ведаючы трохі польскую мову з папярэдняй паездкі пачаў шукаць працу праз інтэрнэт.
Знайшоў фірму па ўкладцы тратуарнай пліткі. Досвед такой працы раней ужо быў. У фірме працуюць толькі польскія рабочыя. Аляксандр кажа, што яму падабаецца гэты занятак і калектыў у якім працуе.
-Мы ўкладаем плітку прамысловых спосабам. Гэта калі ты кладзеш не толькі рукамі, а гэта робіць адмысловая машына, якая кладзе адразу 38 костак. Для мяне гэта было напачатку дзіўна, бо ў Беларусі я не бачыў такіх тэхналогій. І вось тут я працую ўжо 10 месяцаў.
Аляксандар працай задаволены, хаця кажа, што зімой даводзіцца значна цяжэй, але, маўляў, такая праца, а зіма праз некалькі месяцаў скончыцца. Затое ўсё аплочваецца належным чынам.
-Я вам проста скажу, што тая самая праца ў нас аплочваецца ў два разы меней, а кошты на жыццё ў нас у два разы даражэйшыя. І відавочна, што грошы ў мяне тут збіраюцца. Дапамагаю дачцэ і сыну ў Беларусі. І мне на жыццё хапае, а калі хочаш, то можна і падпрацоўку знайсці.
І працую, але і адпачываю
У польскім калектыве, дзе працуе Аляксандр, з яго слоў, таксама стаўленне на роўных, як і да польскіх рабочых.
-Ставяцца ў калектыве, як да свайго. Напачатку прыглядаліся, але не было ніякай розніцы, што я беларус. Заўсёды глядзелі на тое, што ты ўмееш, як ты працуеш. Там няма ніякай розніцы. Працуеш добра, адпавядаеш працы, добрасумленна выконваеш абавязкі і на гэтым усё.
Цікаўлюся ў суразмоўцы – як праводзіць тут вольны час, ці мае сяброў сярод беларусаў. Аляксандр усміхаецца і адказвае:
-Ёсць сябры і сярод беларусаў і ўкраінцаў, і сярод палякаў. Сябрую з усімі, але сам люблю займацца спортам, у лазню хаджу, у басейн. Некалі бегаў, але паколькі зараз праца цяжкая, то толькі плаваю. На імпрэзы з сябрамі хаджу. Нядаўна былі на канцэрце беларускага гурта Naviband.
Розніца ў эканамічных сістэмах
Спрабуем з Аляксандрам разважаць пра тое чаму з Беларусі з'язджаюць на працу і будаўнікі і лекары, людзі іншы прафесій і розных узростаў. Паводле суразмоўцы, праблема крыецца ў розных эканамічных сістэмах.
-Ты ведаеш, што цябе тут не ашукваюць. Тое што зрабіў – за тое і атрымаў. Гэта вельмі важна. І потым цябе не абкладаюць немагчымымі падаткамі. Наадварот, калі за год не маеш пэўнай сумы даходаў, то падаткі табе вяртаюць. Ды і заробкі падвышаюць. Я напачатку атрымліваў 22 злотых за гадзіну, а потым 23, 24. Яны глядзяць на тваю працу. А ў Беларусі ці ты добра працуеш, ці горш – табе плацяць тое самае.
Трохі падумаўшы Аляксандр дадае:
-Але ўсё ж паказчык, калі мы бачым, як шмат людзей з’язджаюць з Беларусі, прычым, самых розных прафесій, у каго ёсць рукі, у каго галава варыць. Вось у чым наша боль і праблема – людзі не могуць там сябе рэалізаваць, як яны могуць гэта зрабіць тут у Польшчы. Умовы павінны быць такімі, каб людзі працавалі ў сябе дома і там будавалі, лячылі, вучылі…
Па дому асабліва не сумую
Цікава, што мой суразмоўца даволі аптымістычна глядзіць у будучыню. Ён упэўнены, што наступіць час калі большасць беларусаў з еўрапейскім досведам вернуцца ў сваю краіну і пабудуюць там сапраўдную Беларусь. Я цікаўлюся – што б ён хацеў найперш змяніць у Беларусі?
-Першае, я б дазволіў, каб пускалі з хатнімі жывёламі ў транспарт грамадскі, у крамы. Бо жывёла – гэта сябра чалавека. І тут на кожным кроку гэта бачыш. І ў грамадскі транспарт і ў кавярні спакойна з імі заходзяць. І не бачу тут беспрытульных жывёлаў, ніводнага разу не бачыў.
Што датычыць Беларусі, то Адяксандр кажа, што асабліва не сумуе па дому. Праўда, калі сустракаецца ў Польшчы з беларусамі, то імкнецца размаўляць, распытваць. А сваю беларускасць падтрымлівае тым, што чытае літаратуру, слухае беларускую музыку.
-Ды і эмігрантам я сябе не лічу. Во, радзіма мая побач, я так пакуль у суседзяў, у гасцях. Канешне, сумую па сыну па бацьках, сябрах, але не так, каб там нейкая дэпрэсія была. Ды і няма часу стрэсаваць, то праца, то адпачынак – расклад такі.
Павел ЗАЛЕСКІ