Беларуская Служба

Ці адменяць у Польшчы вольныя ад гандлю нядзелі?

09.12.2023 13:20
Калі прэзідэнт А.Дуда не падпіша законапраекту, то няма шанцаў вярнуць гандаль у нядзелю.
Гандлёвая галерэяKristi Blokhin / Shutterstock.com

Прэзідэнт Анджэй Дуда не пакідае ніякіх сумневаў. Калі новы ўрад захоча адмяніць забарону на нядзельны гандаль, ён накладзе вета на законапраект. Тады трэба будзе ўгаварыць «Права і справядлівасць», аднак гэта выглядае нерэальна, – піша Gazeta Wyborcza.

У 2018 годзе Сейм прыняў акт, які паступова ўводзіў забарону на гандаль па нядзелях. З 2020 года гэтая забарона не дзейнічае толькі ў сем нядзель на працягу года.

Падчас выбарчай кампаніі частка партыяў новай парламенцкай большасці заявіла пра аднаўленне гандлёвых нядзеляў.

«Грамадзянская платформа» гаварыла пра поўную адмену забароны, але гарантавала кожнаму працаўніку дзве свабодныя нядзелі ў месяц і падвойную аплату працы ў выходныя дні.

 Кааліцыя «Трэці Шлях» казала пра дзве гандлёвыя нядзелі ў месяц. У сваю чаргу «Левыя» цалкам супраць гандлёвых нядзель.

Ці здымуць забарону на нядзельны гандаль у многім залежыць ад прэзідэнта Анджэя Дуды.

Gazeta Wyborcza запыталася ў Канцылярыі прэзідэнта, ці падтрымае кіраўнік дзяржавы нейкую папраўку ў гэты законапраект. Там адказалі, што пазіцыя прэзідэнта, выкладзеная ў яго прамове падчас цырымоніі падпісання законапраекту ў 2018 г., застаецца ў сіле». Фактычна гэта азначае, што нават калі б бальшыні ў Сейме ўдалося дасягнуць згоды і прасунуць законапраект пра гандаль у нядзелю праз Сейм, Анджэй Дуда накладзе вета.

Для адхілення вета прэзідэнта неабходная кваліфікаваная большасць у 3/5 галасоў, гэта значыць 276 галасоў. Таму новай большасці ў Сейме трэба было б угаварыць «Права і справядлівасць», аўтараў ідэі вольных ад гандлю нядзель, змяніць падыходы, аднак у ПіС не гандлёвыя нядзелі лічаць сваім вялікім поспехам на карысць працаўнікоў крамаў і іх сем'яў і ўжо абвясцілі, што не згодныя адмяняць дзейсны закон.

яс