За 26 дзён прайшоў 814 кіламетраў
Перш чым апынуцца ў Польшчы пасля падзей 2020 году Яўген прарабіў даволі доўгі і няпросты шлях. Амаль два гады пражыў у Турцыі, але там легалізавацца не ўдалося, а таму падаўся ў Арменію. А там адразу яго арыштавалі па запыту Беларусі, паколькі знаходзіўся ў вышуку, як удзельнік падзей 2020 году.
-Паўтара месяца мяне не выпускалі з краіны. Трохі патрымалі ў ІЧУ, хаця гэта нават цяжка назваць ІЧУ. Хоць і сядзеў у камеры, але стаўленне да мяне было не такое, як у Беларусі. Прапаноўвалі некалькі разоў на дзень есці, пыталіся ці не хачу больш. Ну і ўвогуле: Жэня-джан, не хвалюйся, усё будзе добра, хутка выпусцяць, у нас такія ўжо былі.
Яўген з павагай кажа пра армян, бо ў Беларусі прайшоў праз суды, камеры і добра ведае, як там ставіліся да людзей. Проста яму, відаць, не вельмі хочацца пра гэта згадваць. Ён распавядае, што за паўтара месяца ў Арменіі здолеў нават трохі пападарожнічаць. Але найбольш гаворыць усё ж пра Турцыю, дзе ўжо даўно займаецца арганізацыяй пешых тураў па гэтай краіне.
Згадвае, што некалі прыехаў туды на адпачынак і пабачыўшы тыя краявіды проста захапіўся іх прыгажосцю, сам шмат прайшоў і нават распрацаваў некалькі маршрутаў для пешага турызму.
-У мінулым годзе я прайшоў Сафійскі шлях – гэта са Стамбула ў Конью, гэта частка таго шляху, якім ішлі мусульмане ў Мекку. Я за 26 дзён прайшоў 814 кіламетраў, з заплечнікам, пешшу…
На маё здзіўленне да цікавасці такіх падарожжаў Яўген толькі ўсміхаецца.
-Гэта проста жаданне атрымаць нейкую асалоду ад жыцця. Не ведаю з якіх часоў я стаў разумець, што мы тут не надоўга. Наш жыццёвы шлях вельмі кароткі і таму трэба выкарыстоўваць кожнае імгненне, каб з асалодай потым мець нейкія ўспаміны. Гэта вялікая падзяка майму дзядулю і майму дзядзьку, якія жывуць на Палессі і навучылі мяне ставіцца да асяроддзя, да прыроды ў тым сэнсе, што мы не гаспадары тут, а жывём у адзіным доме. Вось, хутчэй за ўсё так.
Найбольшыя ўражанні ад людзей
Цікаўлюся ў спадара яго ўражаннямі ад далёкай краіны.
-Найбольшыя ўражанні ад людзей, якіх ты сустракаеш. І ты пачынаеш разумець, што гэта ўжо частка твайго жыцця, бо не бывае выпадковых сустрэч – я так лічу. Усе людзі, якія з’яўляюцца ў нашым жыцці прыходзяць для таго, каб даць табе нейкі ўрок і атрымаць нейкі досвед. І я таксама даю гэты досвед іншым. Ну і, канешне, гісторыя самой краіны. Гэта велізарная гісторыя. Там калі ісці ад Асманскай імперыі…, Урарту – вельмі ўразіла. Яна перасякаецца з Арменіяй – вельмі цікава. Ды і ў кожнай частцы Турцыі свая гісторыя і свае цікавосткі.
20-ы год даў разуменне беларусаў
-Вы кажаце, што ўсе людзі якіх мы сустракаем невыпадковыя, даюць нам нейкі досвед. А які досвед даў вам 20-ы год і тыя людзі, якіх вы сустрэлі?
-Ён даў досвед, што беларусы сапраўды моцная нацыя. Шкада, што зараз усё так атрымліваецца, але я ўпэўнены, што ў хуткім часе ўсё зменіцца і кожны зможа вярнуцца ў сінявокую да бацькоў, да родных, да знаёмых і да тых каго сустрэў у 20-ым годзе. Да тых моцных неабыякавых людзей, якія гатовы дапамагаць адзін аднаму. Тады ж і з’явілася гэта, што беларус беларусу беларус.
Маё жыццё можна запіхнуць у заплечнік
Па прыезду ў Польшчу Яўген знайшоў працу, але патрапіў у фірму махляроў, якія не хацелі плаціць заробак. Праўда, грошы свае ён зыскаў, але потым пачаў займацца непасрэдна тым, чым любіць займацца – пачаў падарожнічаць па краіне, вядзе інстаграм, і водзіць экскурсіі ў горы, каб зарабляць такім чынам на жыццё.
-Хто са мной знаёмы тыя ведаюць, што мне шмат не трэба. Маё жыццё, як многія мне кажуць, можна запіхнуць у заплечнік – намёты, дыванкі розныя… Я жыву ў хостале, бо не бачу сэнсу здымаць кватэру. Я не ведаю дзе буду на наступным тыдні. Яшчэ нядаўна я быў у Гданьску, Гдыні, Сопаце… Я катаюся па Польшчы часам на свае грошы, а часам нехта з падпісантаў падкідвае нейкія данаты на падарожжы. Многія лічаць, што гэта праца. Я таксама лічу, што трачу на гэта свой час.
Дарэчы, у Польшчы Яўгену трапляюцца пераважна, як ён сам заўважае, добрыя спагадныя людзі. І вельмі падабаецца прырода, якая б здавалася вельмі падобная да беларускай.
-Мяне вельмі ўразіла Дравінская пушча, якая знаходзіцца недалёка Гожува Велькапольскага. Пушча гэта побач з руслам Дравы – вельмі прыгожыя мясціны, вельмі. Калі казаць па праўдзе – у Беларусі такіх няма лясоў. Вельмі багата букаў – прыгожыя дрэвы, велізарныя і, як кажуць, магутная энергетыка, месца сілы.
Вельмі сумую па Палессі
У Польшчы Яўгену таксама падабаюцца гарады, асабліва са старой забудовай, касцёлы, нават у невялічкіх мястэчках. І ён са шкадаваннем дадае, што, на жаль, у Беларусі засталося вельмі мала нечага падобнага. Цікаўлюся ў яго - ці сумуе па радзіме?
-Канешне, канешне сумую. Вельмі сумую па Ельні, па Альманскіх балотах, па Палессі наагул. Хто жыве на Палессі той са мной пагодзіцца, што ў нас нават сонейка ўзыходзіць і заходзіць інакш чым у астатняй Беларусі. Таму, калі атрымаецца прыехаць у Беларусь, то найперш паеду на Палессе, там прайшло маё дзяцінства, там пахавана бабуля і астатнія продкі.
На развітанне пацікавіўся ў Яўгена – што для яго падарожжа?
-Падарожжа – гэта людзі. Гэта не новыя мясціны і пыл нейкіх дарог. Гэта людзі, якіх я сустракаю і якія пішуць гісторыю маіх дарог. Для мяне кожнае падарожжа, як новая кніга, а людзі, якіх я сустракаю, і ёсць падарожжа…
Ужо на наступны год Яўген запланаваў новыя падарожжы. Адно з іх: шлях Султан-трэйл ад Вены да Стамбулу. Больш за дзве з паловай тысячы кіламетраў. Яўген разлічвае пераадолець за тры месяцы пешшу.
Павел ЗАЛЕСКІ