Пісьменніца Святлана Курс захоплівае аўдыторыю шчырасцю адказаў, дыялогам без пыхі, вобразнасцю метафар. У Варшаве адбылася сустрэча з пісьменніцай, падчас якой яна падзялілася сваімі назіраннямі пра тое, у якіх жанрах раманаў жывуць людзі, і чым яе зачароўвае Варшава.
Бадай што кожная сустрэча з пісьменніцай закранае тэму містыкі, знахарства ў Беларусі. Святлана ахвотна дзеліцца гісторыямі, як сама сутыкалася з праявамі чараўніцтва, народнымі практыкамі лячэння хваробаў.
«Асабліва на мяне ўплывала, калі я бачыла, як яна сядзіць і ловіць рыбу. У чорным сваім шмацці сядзіць на шлюзе і выцягвае адну за адной рыбіны. А навокал гэтай саджалкі сядзяць злыя мужыкі і ловяць плотачак. І баяцца яе прагнаць, бо яна ім можа так начараваць, што і мужчынамі быць перастануць. Мне гэтыя сцэны вельмі падабаліся. Мне падабаюцца старэчыя жаночыя галасы, адвечныя, як бы зямля сама гаварыла. І ўвогуле бабулькі нашыя бясцэнныя, бясцэнныя», – кажа Святлана.
Разам з тым пісьменніца кажа, што не варта імкнуцца зазірнуць у іншасвет: «Я адчуваю, што там ёсць нешта грознае, не прызначанае для жывога чалавека. Мы не так доўга жывем, куды спяшацца, можна і пачакаць».
Для тых, хто толькі адкрыў для сябе беларускую Беларусь Святлана раіць шукаць найперш тое, што прыносіць прыемнасць, выклікае цікаўнасць. Гэта можа быць этнаграфія, музыка, гісторыя. «Гэтую Атлантыду, гэты архіпелаг трэба ўвесь час адкрываць», – перакананая пісьменніца.
«Дай нам Бог папросту зрабіцца гаспадарамі на ўласнай зямлі, і ўсе нашы калодзежы, крыніцы, шведскія пагоркі, якія часцей і не шведскія, а гэта курганы дахрысціянскай эпохі, усё гэта паўстане і выйдзе з зямлі. Вы не ўяўляеце, колькі археолагаў памятаюць, дзе знаходзіліся капішчы, усе ўсё памятаюць, усё запісана. Ёсць такая шыкоўная рэч, як беларуская тапаніміка. Я д’ябльскім розумам часам думаю, калі б я была маскалём, я б памяняла беларускую тапаніміку на ўсялякія атрадныя, уютныя. Як яны спаскудзілі Калінінградскую вобласць, Крым, замяніўшы мясцовую татарскую і прускую тапанміку на атраднае, мірнае, уютнае. Гэта мерцвячына. Пасля таго, як у Беларусі дабілі лацініцу, я ўсё чакаю, калі ж пачнуць мяняць назвы, але спадзяюся, што яны мяне не чуюць і не пачнуць гэтага рабіць, бо тапаніміку змяняць усё ж цяжка – тысячу назваў ты не зменіш. Гэта дорага, цяжка, людзей цяжка прывучыць, і гэта ўсё жывое».
Пісьменніца таксама распавяла, што знайшла горад, месца сваёй душы. І гэта Варшава, дзе яна жыве ўжо васемнадцаты год.
«Беларусь тут па-за канкурэнцыяй, гэта мая душа, я беларус і толькі беларус. Але Варшава, Божа мой, я нідзе не бываю такая шчаслівая. Мне спадабалася Прага, Лос-Анджэлес, Берлін, Парыж, бельгійскія гарадкі. Але ўсюды, дзе я была, мне падабалася менш, чым у Варшаве. Мне вельмі падабаецца, што Варшава выглядае як Мінск, толькі Мінск свабодны. Мінск, дзе захаваліся традыцыі, старая архітэктура. А галоўнае, гэта кантрасты. Пераходзіш з аднаго раёна ў другі: тут жывуць поўныя жлабы, гэта раён алкагалічны, тут жывуць багатыя снобы, гэта раён, дзе сустракаюцца геі. Ёсць мярзотнейшы раён Гроты. Я выпадкова туды патрапіла – там увогуле няма архітэктурнай задумы, усё будавалася ў 1980-1990-ыя. Гэта такая таска! Там людзі брыдка апранаюцца, быццам ніколі не наступіў 1994-ты год. І паныла брыдуць сярод брыдкіх і выпадкова злепленых дамоў. Пераходзіш у іншы раён, а там пачынаюцца вілы, лес. І яшчэ ў 25-ці кіламетрах ад Варшавы Кампіноская пушча. Я абажаю сваю Волю, бо мне падабаецца жыць сярод нізкіх сацыяльных слаёў. Я сярод іх пачуваюся як рыба ў вадзе. Мне падабаюцца алкаголікі, бяздомныя, злодзеі, крыклівы бабы, сямейныя скандалы, рынак Алімпія», – дзеліцца сваімі назіраннямі пісьменніца.
А тым, хто нядаўна прыехаў у Варшаву, Святлана раіць даследаваць горад пешшу і ўсё, што будзе спатканае па шляху, успрымаць як радасць для душы. Я сваімі крокамі «18 гадоў сшываю Варшаву», кажа Святлана.
Пісьменніца падзялілася і сваімі назіраннямі, якія кніжныя гісторыі пражываюць людзі, і яна асабіста:
«Фарс-вадэвіль. Нават калі я ва ўзвышаным настроі і мару пра каханне, іду і слухаю рамантычныя саундтрэкі, кшталту з фільма «Амелі», жыццё мяне бярэ за шматы і ўтыкае ў нізкія жанры: сацыяльная камедыя, сітком і гэтак далей. Я ўпэўненая, што маё жыццё – гэта фарс вадэвіль. Некаторыя кажуць, што ты прыбядняешся? А я не магу выйсці з гэтага жанру, гэта мой жанр. Я заўважыла, што некаторыя людзі жывуць у драме, гэта каралевы і каралі драмы, іншыя – у махлярскім рамане, некаторыя жывуць у сацыяльным скандынаўскім дэтэктыве, а некаторыя ў трагедыі – у іх няма грошай, хваробы, здраджваюць мужы і жонкі, дзеці паскуды і гэтак далей. Гэта вельмі цікава».
Святлана Курс як пісьменніца вядомая пад псеўданімам «Ева Вежнавец». Яна аўтарка двух кніг «Шлях дробнай сволачы» і «Па што ідзеш, воўча?». Апошняя ў 2021-м гэтая стала лаўрэатам прэміі Гедройця.
вх