Полька ў НАСА будзе вывучаць марсіянскія і месяцавыя пароды. Як стала вядома Польскаму радыё, прафесар Моніка Кусяк будзе аналізаваць пробы з паверхні Марса і Месяца, каб знайсці новую інфармацыю пра паходжанне Зямлі.
Прафесар Моніка Кусяк, геахімік па ізатопах Інстытута геафізікі Польскай акадэміі навук, восенню накіруецца ў даследчы цэнтр НАСА ў Х'юстане ў ЗША, яна атрымала прэстыжную стыпендыю Фулбрайта.
- Для мяне гэта вялікая радасць, а найперш магчымасць праводзіць даследаванні, якія ў іншых абставінах не было б умоваў рабіць. Я буду супрацоўнічаць з Сайманам Джасцінам, кіраўніком геахімічнай групы, якая вырашае, дзе ўзяць пробы на Марсе. А мой праект і мае даследаванні будуць датычыць пробаў марсіянскіх метэарытаў, якія ўпалі на Зямлю, а таксама ўзораў грунту з Месяца, дастаўленых місіямі Апалон 11-17, акрамя беспаспяховай трынаццатай. Я буду даследаваць гэтыя пробы ў кантэксце генезісу Зямлі.
Прафесар Кусяк распавяла, што наша планета налічвае 4,5 мільярда гадоў. Яна патлумачыла, што з самага старэйшага перыяду існавання Зямлі адсутнічаюць асадкавыя пароды. Гэты перыяд называюць «катархей» ці «гадэй». 4 мільярды гадоў таму праходзіць мяжа паміж катархеем і археем. З архея і паходзяць найстарэйшыя аскепкі зямной пароды. Самымі старажытнымі знойдзенымі мінераламі зʼяўляюцца цырконы, і паводле прафесар Кусяк, цырконы старэйшыя за алмазы.
- Мы спадзяемся знайсці фрагменты гэтых мінералаў – цырконаў, а таксама горных парод з Месяца, і з іх мы зможам даведацца нешта новае пра геахімічныя асаблівасці зямной кары.
Прафесар Кусяк на Марсе і на Месяцы шукае адказы на пытанні пра пачаткі Зямлі. Яна адзначае, што даследаванне, якім будзе займацца, эксклюзіўнае і наватарскае.
- Я рада, што такая ідэя ўзнікла. На Зямлі вядуцца маштабныя даследаванні найстарэйшых асадкавых парод з мэтай вывучэння касмічнай матэрыі, а другі - аналіз марсіянскіх і месяцавыя парод, каб даведацца, якой была нашая Зямля 4 мільярды гадоў таму – такія даследаванні не вядуцца. Я спадзяюся, што атрымаюцца цікавыя вынікі.
Ідэя развіцця супрацоўніцтва з НАСА нарадзілася падчас папярэдняга візіту Монікі Кусяк у Х’юстан.
- Я там ужо раз была і даследавала метэарыт з Месяца, які ўпаў на Антарктыду. Гэта быў мой першы кантакт з тамтэйшымі навукоўцамі. Тады і нарадзілася думка аб працягу супрацы, якая будзе доўжыцца не адзін-два тыдні, а некалькі месяцаў, каб спакойна рэалізаваць вялікі праект.
Тады польская вучоная вывучала не толькі метэарыт з Месяца, знойдзены ў Антарктыдзе, а таксама ўзоры грунту з Марса, якія прывезлі місіі «Апалон-15» і «16».
Прафесар Моніка Кусяк зʼяўляецца пераможцам шматлікіх конкурсаў грантаў і стыпендый, у тым ліку Японскага таварыства садзейнічання навуцы, Фонда Аляксандра фон Гумбальта, стыпендыі Марыі Складоўскай-Кюры, а таксама польскіх фондаў, такіх як Нацыянальны навуковы цэнтр і Фонд для польскай навукі.
Моніка Кусяк праводзіць даследаванні, у прыватнасці, у Антарктыдзе, Грэнландыі і Лабрадоры, Японіі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі. Антарктыда, Грэнландыя і Лабрадор уяўляюць для даследчыцы асаблівую цікавасць, бо там знаходзяцца фрагменты найбольш старажытных горных парод на Зямлі.
«Магчымасць атрымаць для даследавання пароды ўзростам амаль чатыры мільярды гадоў і параўнаць іх з больш маладымі – гэта нешта неверагоднае», – сказала прафесар.
Моніка Кусяк любіць палярныя экспедыцыі не толькі з навуковых меркаванняў.
- Памятаю сваю першую паездку ў Антарктыду ў 2011 годзе на востраў Кінг-Джордж і раніцу ў намёце. Прачынаешся – цішыня, прыгожа. Бясконцы далягляд, няма ні дрэў, ні якіх-небудзь арыенціраў. Бегаюць пінгвіны. І мне запомнілася ўласная думка: хто сказаў, што рай – гэта пальмы? Сапраўдны рай тут! Да таго ж можна пакінуць адчыненыя кансервы і ніякія чарвякі ў іх не завядуцца. Я зрабіла выснову, што Антарктыда – маё месца на Зямлі!
Прафесар Моніка Кусяк удзельнічала ў адзінаццаці экспедыцыях у палярныя раёны.
З прафесар Монікай Кусяк гутарыла Анэта Паўлоўска-Краць з праграмы Польскага радыё PR24.
яс