Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў пачатак маштабнай рэформы войска, якая павінна пачацца ўжо ў чэрвені. Адна з галоўных зменаў — павышэнне грашовага забеспячэння вайскоўцаў.
Паводле Зяленскага, мінімальны заробак для вайскоўцаў тылавых падраздзяленняў павінен складаць не менш за 30 тысяч грыўняў (каля 580 еўра). Камандзіры, сяржанты і афіцэры, паводле яго слоў, павінны атрымліваць у некалькі разоў больш.
— Дзяржава павінна мець большую павагу да дасведчанага камандавання ўзброеных сіл. Украіна павінна забяспечыць рэальны стымул, каб людзі, якія ўмеюць камандаваць войскам непасрэдна на лініі фронту і ў баі, былі матываваныя служыць. Каб яны адчувалі, што мы цэнім іх досвед.
У залежнасці ад баявых задач пяхотнікі змогуць атрымліваць да 400 тыс. грыўняў (каля 7,7 тыс. еўра).
Уладзімір Зяленскі таксама заявіў пра магчымасць звальнення са службы вайскоўцаў, якіх мабілізавалі ў ліку першых. Прэзідэнт Украіны дадаў, што ўжо на наступным тыдні чакае даклад з канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі вайсковай рэформы.
iar/эж