Польскае тэлебачанне не будзе ўкладваць грошы ў фінансаванне тэлеканала «Белсат», таму што грамадскаму вяшчальніку гэта не па кішэні, даведаўся партал wirtualnemedia.pl. Паводле TVP, сёлета ўтрыманне канала «Белсата», на якім працуе да 300 чалавек, мела каштаваць 90 мільёнаў злотых.
У аўторак Агнешку Рамашэўску-Гузы звольнілі з пасады дырэктаркі тэлеканала «Белсат». Яе абавязкі прыняў на сябе цяперашні намеснік Аляксей Дзікавіцкі.
У паведамленні TVP чытаем, што змены – гэта вынік працы над новай мадэллю замежных каналаў TVP, якія фінансуюцца Міністэрствам замежных спраў.
У сацыяльных сетках Рамашэўска-Гузы паведаміла, што яна не згадзілася на скарачэнне бюджэту тэлеканала на 47 працэнтаў. Яна таксама не згодная з выдаткамі на ўтрыманне, пра якія паведаміла TVP, гэта значыць 90 мільёнаў злотых. «Гэта поўнае глупства, адкуль яны гэта ўзялі? На гэты год я запланавала 75 мільёнаў злотых», – сказала журналістка.
Звальненне Агнешкі Рамашэўскай-Гузы крытычна на платформе Х ацанілі многія публіцысты. «Я здавён чую крытыку беларусаў на адрас «Белсата», але трэба сказаць пра звольненую Агнешку Рамашэўскую-Гузы, што яна стварыла найлепшы інструмент польскай soft power, важнае беларускамоўнае СМІ», – канстатаваў Тамаш Вальчак са штодзёнкі Super Express.
Можна мець розныя заўвагі наконт «Белсата», але, незалежна ад іх, тэлеканал – гэта перавага, якую мы павінны захаваць, дадаў Лукаш Варжэха з Do Rzeczy.
Рашучы пратэст супраць звальнення Агнешкі Рамашэўскай-Гузы выказала таксама кіраўніцтва Асацыяцыі польскіх журналістаў.
Партал wirtualnemedia.pl нагадвае, што Агнешку Рамашэўскую-Гузы ўжо раз звольнілі з пасады галоўнага рэдактара «Белсата» ў сакавіку 2009 годa, але пасля хвалі крытыкі праз тыдзень яна была адноўленая на згаданай пасадзе.
аз