Некалькі дзён таму патруль паліцыі з Гайнаўкі спыніў для планавай праверкі «Опель» з польскімі нумарамі. Кіроўца, 30-гадовы ўкраінец, перавозіў двух афганцаў гадоў 20. Усе яны прыехалі з Берліна – кіроўца павінен быў адвезці іх да польска-беларускай мяжы і пакінуць там.
«Грамадзяне Афганістану прызналіся, што мелі намер трапіць у Беларусь праз «зялёную» мяжу насуперак правілам. Раней яны нелегальна прыехалі ў Еўропу балканскім шляхам. Цяпер гэтыя мужчыны праходзяць працэдуру атрымання бежанства – адзін у Германіі, другі ў Аўстрыі.
Яны былі ў Польшчы нелегальна, кажа прэс-сакратар Падляшскага аддзелу памежнай аховы ў Беластоку маёр Катажына Здановіч. Рашэннем суда абодва былі адпраўленыя ў цэнтр для замежнікаў у Беластоку. Украінскі кіроўца будзе дэпартаваны з пазнакаю забароны на ўезд у Шэнгенскую зону на пяць гадоў.
Паводле інфармацыі ад Памежнай службы, мігранты мелі намер выступіць у ролі праваднікоў для мігрантаў з Беларусі ў Заходнюю Еўропу.
Роля «гіда» – палегчыць пераадоленне агароджы на мяжы і хутка правесці мігранта да кропкі збору, дзе чакае кіроўца, які давязе іх да пункта прызначэння, найчасцей гэта Германія, Францыя, Нідэрланды.
За 2023 года на польска-беларускай мяжы было затрымана 76 чалавек, якія мелі ролю так званых «гідаў», сёлета – восем такіх асобаў.
Адну з такіх груп «гідаў» выявілі памежнікі, калі ў сацыяльных сетках знайшлі рэкламу, у якой паведамлялася, што кантрабандысты арганізоўваюць нелегальны маршрут з Беларусі праз Польшчу ў Германію, быў указана нават нумар тэлефона для кантакту.
«Гіды» перамяшчаюцца паміж Польшчай і Беларуссю, каб суправаджаць групы мігрантаў, якія аплацілі іх паслугі. Памежная служба прыходзіць да высновы, што на гэтую ролю часта вярбуюць маладых замежнікаў, якія легальна знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Часта гэта студэнты з Іраку, Турцыі ці былых постсавецкіх рэспублік.
Яны навучаныя, як паводзіцца на мясцовасці, як размаўляць з мігрантамі, як знайсці кантакт з кур'ерам, як паводзіцца падчас затрымання польскімі службамі, як хутка вярнуцца ў Беларусь.
Ціск на мяжу, хоць і меншы, чым быў у папярэднія гады, тым не менш стабільна захоўваецца. У сярэднім, нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу за двое сутак спрабуюць каля 180 чалавек.
З надыходам цёплага сезону памежнікі чакаюць, што колькасць спробаў перакрочыць нелегальна беларуска-польскую мяжу можа павялічыцца.
За ўдзел у незаконным перамяшчэнні людзей прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне з вяртаннем затрыманых асобаў у краіны паходжання, а частка з іх патрапляе пад крымінальныя абвінавачванні.
Rzeczpospolita/вх