Пункты аплаты з'явіліся ў Венецыі на вакзале і на Рымскай плошчы, куды прыязджаюць аўтобусы з турыстамі. Больш за 200 інспектараў правяраюць, ці наведвальнікі заплацілі за гэтае задавальненне.
Эксперыментальны план па барацьбе з «гадзінным турызмам» гарадскія ўлады ўвялі ў верасні, а 25 красавіка ён пачаў дзейнічаць. З гэтага часу толькі за ўваход у гістарычны цэнтр — у выбраныя дні — турыстам трэба плаціць 5 еўра.
У гэтым годзе платныя перыяды: 25 красавіка - 5 мая і выхадныя да 14 ліпеня (апроч 1-2 чэрвеня, калі святкуецца Дзень Рэспублікі) з 8.30 да 16.00. Ваўчары неабходна набыць загадзя на сайце муніцыпалітэта Венецыі (www.cda.ve.it). У першы дзень горад зарабіў 78 тысяч еўра на зборы, кантралёры праверылі 14 тысяч чалавек. За адсутнасць ваўчара можна атрымаць штраф у памеры ад 50 да 300 еўра.
Пры гэтым працаўнікі, якія ездзяць на працу ў Венецыю, і студэнты, якія навучаюцца, звольненыя з аплаты. Жыхары Венецыі і людзі, якія нарадзіліся тут, а таксама арэндадаўцы, нават калі яны жывуць у іншым месцы, вызваляюцца ад збору. Дзеці да 14 гадоў, а таксама людзі з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама супрацоўнікі пажарнай аховы і італьянскіх узброеных сіл не плацяць. Акрамя таго, вызваляюцца тыя, хто прыязджае ў Венецыю на лячэнне, і тыя, хто збіраецца наведаць сяброў, якія жывуць там - але яны павінны падаць адпаведную даведку.
Не ўсім падабаецца новая сістэма, адныя абвінавачваюць улады ў тым, што, уводзячы білеты, яны яшчэ больш ператвараюць горад у Дыснэйлэнд. Другія звяртаюцца да турыстаў з прапановаю патрабаваць вяртання 5 еўра, калі славутасці не адпавядаюць іх чаканням.
Уведзеная сістэма пакуль на змагла зменшыць колькасць турыстаў, але мэр горада Лука Бруньяро лічыць, што пачатак кампаніі ўдалы.
Крыніца: Gazeta Wyborcza