Да Дня палітвязня была падрыхтаваная інтэрактыўная выстава “Муры”. Выступы прадстаўнікоў розных арганізацый, былых палітвязняў і іх дзяцей – так выглядае акцыя беларусаў кожную нядзелю ў Варшаве. Учора арганізатары таксама адкрылі інтэрактыўную выставу «Муры», прысвечаную беларускім палітвязням.
Выстава мае інтэрактыўную і інтэрперсанальную форму. На стэлажы з калючым дротам кожны прысутны мог павесіць чорна-белы здымак палітзняволенага. Гэта сімвалічнае адлюстраванне той сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца беларускае грамадства, перакананы Алег Кулеша з Асацыяцыя палітвязняў “Да Волі”:
-Мы наўмысна выкарыстоўваем чорна-белыя фота. Цяпер у Беларусі няма каляровых фота, сітуацыя ў краіне вельмі цяжкая. Праз тое, што людзі самыя прычапляюць фота, кожны ўдзельнік можа чарговы раз падумаць: гэта таксама чалавек. Я сам палітвязень. Я ведаю, што калі адбываюцца такія акцыі, то пра іх абавязкова даведваюцца ў зонах. Адзін з сённяшніх выступоўцаў раней мне расказваў, што падчас адной варшаўскай акцыі іх на пераправерцы трымалі на гадзіну даўжэй. А вертухаі казалі: але ж вас там і падтрымліваюць. Мы спрабуем данесці, асабліва да польскага грамадства, што адбываецца ў нас у краіне. Нездарма на кожным фота ёсць QR-код, які адсылае да гісторыі гэтага чалавека.
.
Выстава зладжана ў рамках мерапрыемстваў на Дзень палітвязня, які ПЦ “Вясна” вызначыў на 21 траўня. Гаворыць праваабаронца “Вясны” Зміцер Салаўёў:
-21 траўня – дзень відавочнага забіцця Вітольда Ашурка за сваю нязломную пазіцыю, за беларускую мову. Цела выдалі родным з агромністымі сінякамі на галаве, нельга верыць лукашыстам, што ён сам упаў. Яго смерць стала вынікам дзеянняў адміністрацыі калоніі. Мы мусім рабіць усё, каб больш не загінуў ніхто са зняволеных. Загінулі ўжо шэсць чалавек, бо ўмовы ўтрымання можна лічыць катаваннямі. Прыклад Мікалая Клімовіча. Ён ішоў на суд і казаў, што ў яго хворае сэрца, а кожны тэрмін для яго будзе смяротным. Так і атрымалася. Прыкладна праз месяц ён і памёр. Алесь Пушкін памёр ад язвы, бо яму не аказалі дапамогі. Гэта не тое захворванне, ад якога сёння мусяць паміраць людзі.
Павал Латушка
Ці мы можам перастаць ладзіць і прыходзіць на такія акцыі? – задаецца пытаннем кіраўнік АПК Павал Латушка:
-Важна прыходзіць на такія акцыі, каб свет бачыў, што мы не здаёмся і стаім за людзей, якія сёння за нас цярпяць. Гэтыя людзі змагаюцца ў турмах за вольную Беларусь. А ці мы маем права не прыходзіць на акцыі? Мы павінны. Таксама важна накіроўваць запыты да міжнародных палітыкаў, чаму Лукашэнка дагэтуль не пацягнуты да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, за ваенныя злачынствы. Гэта галоўны выклік дэмакратыі. Дэмакратыя пераможа ў Беларусі тады, калі наступіць адказнасць. Гэта выклік для нас і для нашых сусветных партнёраў.
Да якой сітуацыі мы дажыліся, што прыходзіцца ладзіць кангрэс па палітвязнях, гаварыла прадстаўніца АПК па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык:
-Гэта найгоршыя праявы сталіншчыны. Краіна ператварылася ў турму, нам пагражае занавес паміж Беларуссю і аб’яднанай Еўропай. Калі мы, беларусы, не будзем змагацца за палітвязняў, за сябе, за нашую агульную волю, то ад нашай краіны нічога не застанецца на мапе. Мы павінны кожны дзень нагадваць пра палітвязняў. Праз некалькі дзён я буду ў Празе, на кангрэсе, прысвечаным пытанням палітзняволеных. Уявіце, да чаго мы дажыліся, што павінны рабіць кангрэсы па палітвязнях. Гэта страшна.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём палітвязня. Прынагодныя мерапрыемствы праходзяць значна даўжэй, чым адзін дзень - 18-26 траўня.
ав
слухайце аўдыё
.