Беларуская Служба

Польскія баксёркі ламаюць стэрэатыпы, што бокс – гэта не жаночы спорт

28.05.2024 07:00
Тры польскія баксёркі едуць на Алімпійскія гульні ў Парыжы.
Аўдыё
  • Польскія баксёркі ламаюць стэрэатыпы, што бокс – гэта не жаночы спорт
  ()
Анэта Рыгельска (злева) і Юлія Шарамета фота: radyjo.net

Гэта Анэта Рыгельска, Юлія Шарамета і Эльжбета Вуйцік. Спартоўкі цэляць высока, бо хочуць здабыць залаты медаль.

Анэта Рыгельска стартуе ў вагавай катэгорыі да 66 кг. Яна гаворыць, што сама кваліфікацыя для яе гэта невялікі пачатак, паколькі яна ўпэўнена ідзе па золата:

-Перад усім гэта спаўненне мары кожнага спартоўца, каб атрымаць магчымасць паехаць і змагацца за алімпійскі медаль. Калі мы яго здабудзем, гэта будзе спаўненнем нашых мараў. Сама паездка на Алімпіяду – гэта вельмі вялікі поспех і не кожны можа паехаць. Вядома, што кожны спартсмен мае вялікія амбіцыі і хоча здабываць залатыя медалі, бо срэбны ці бронзавы таксама абазначае пэўную паразу. Мы не хочам паразы, таму пастаянна кажам, што мы едзем па залаты медаль. Напэўна гэта пэўны ціск, які мы самыя аказваем на сябе, на ўвесь штаб. Аднак гэта магчыма, таму мы можам адкрыта гэта казаць.

У ранейшых інтэрв’ю Анэта Рыгельска расказвала, што ведае спартсменаў, якія едуць на Алімпійскія гульні і не вераць, што заваююць медалі. Аднак для яе такі падыход немагчымы.

Юлія Шарамета, якая за Польшчу будзе выступаць у вагавай катэгорыі да 57 кілаграм, займаецца боксам сем гадоў. Каб быць гатовым да спаборніцтваў на Алімпіядзе трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў, гаворыць спартсменка:

-У нас дзве трэніроўкі ў дзень. Адзін дзень у тыдзень ёсць адпачынак. Ён вельмі важны, каб форма замацавалася. Цяпер на баксёрскіх сілавых трэніроўках мы вельмі шмат працуем над вынослівасцю цягліц і будуем сілу. Час перад алімпіядай вельмі інтэнсіўны, але цяжкая праца напэўна прынясе на Алімпіядзе шмат карысці.


Анэта Рыгельска (злева) і Юлія Шарамета Анэта Рыгельска і Юлія Шарамета (злева)

Бокс для жанчын ў цяперашні час квітнее. Гэтая дысцыпліна павышае фізічную форму і сілу, дапамагае зняць напружанне, паляпшае фігуру, каардынацыю і дазваляе дасканаліцца ў самаабароне.

Аднак прафесійны бокс – гэта таксама боль. Польскія баксёркі кажуць, што да ўдараў можна прызвычаіцца, а дапаможным з’яўляецца адрэналін.

-Падчас барацьбы ў нас вялікі адрэналін, таму боль мы асабліва не адчуваем. Можа крыху больш на спарынгах, калі мы менш сканцэнтраваныя, але таксама баліць не вельмі, – кажа Юлія Шарамета.

Анэта Рыгельска падкрэслівае, што праціўнік на рынгу імкнецца прычыніць боль, але гэта ўзаемнае жаданне:

-Па-мойму, мы прызвычаіліся да гэтых удараў. Нельга сказаць, што яны не баляць, бо праціўнік, які выходзіць з намі на бой, хоча нас пакрыўдзіць, і мы таксама хочам яго пакрыўдзіць, таму ўкладваем ва ўдары вельмі шмат сілы. Але мы трэніруемся абараняцца, каб не атрымліваць непасрэдных удараў, якія маюць вялікую вагу. Мы таксама змагаемся ў большых рукавіцах, у дзясятках, хлопцы таксама ў дзясятках, а большая вага нават у дванаццатках. Таму гэта не ажно такі прафесіянальны бокс, там рукавіцы меншыя. Вядома, што гэтыя ўдары крыху баляць, але адрэналін вельмі вялікі, мы заціскаем зубы і робім далей. Як па мне, да ўсяго можна прызвычаіцца.

З польскімі баксёркамі мы размаўлялі на Алімпійскім пікніку. Гэта маштабная мерапрыемства, на якое ў Варшаве прыходзяць тысячы сем’яў. Пераважна дзеці, але і дарослыя таксама, маглі спрабаваць свае сілы ў розных відах спорту. Спартсменкі перакананыя, што спорт дапамагае спраўляцца з жыццёвымі паразамі і быць мацнейшымі.

-Лічу, што спорт мяне сфармаваў, выхаваў. Я займаюся спортам ад дзіцяці і перажыла сапраўды шмат. Сустрэла на сваім шляху прыкрыя сітуацыі і змагла з імі справіцца. Я ўмею справіцца з паразай ці перамогай. І гэта вельмі важна. Я лічу, што спорт трэба прывіваць з дзяцінства, а напэўна ў жыцці будзе прасцей, – пераконвае Анэта Рыгельска.

Юлія Шарамета пачынала свой кантакт са спортам не з бокса:

-Я прыгоды са спортам пачала ва ўзросце 6 гадоў. Мама запісала мяне на каратэ. Праз сем гадоў я прыйшла да высновы, што хачу паспрабаваць свае сілы ў боксе. І я тут. Паразы напэўна вельмі баляць. Трэба гэта прайсці і паглядзець. Пасля паразы трэба падняцца, абдумаць, паспрабаваць з падвойнай сілай. Як у спорце.


Анэта Рыгельска  (злева) і Юлія Шарамета раздаюць аўтографы Анэта Рыгельска (злева) і Юлія Шарамета раздаюць аўтографы

Жаночы бокс для гледача з’яўляецца спецыфічным відам спорту. Не кожны гатовы ўспрыняць жаночы бой на рынгу. Звычайна пераважае меркаванне, што гэта брутальны спорт для мужчын.

Мы ламаем гэтыя стэрэатыпы, гаворыць Анэта Рыгельска:

-Мы напэўна ламаем стэрэатыпы, што баксёркі выглядаюць як мужчыны, што яны не жаночыя. Наш стыль бокса ён больш жаночы, я б сказала. Ён адрозніваецца ад мужчынскага, таму мы нават гэтым адрозніваемся. А як я трапіла ў бокс? Шлях кожнай з нас іншы, але прынамсі мяне на бокс прывялі сябры.

Алімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня па 11 жніўня, паралімпійскія – з 28 жніўня па 8 верасня. У спаборніцтвах возьмуць удзел некалькі сотняў польскіх спартоўцаў,а канчатковая колькасць яшчэ невядомая, паколькі кваліфікацыйныя спаборніцтвы працягваюцца.

ав

слухайце аўдыё