Беларуская Служба

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская не можа засяродзіцца на падрыхтоўцы да Алімпіяды. У Беларусі пераследуюць яе бацькоў

29.05.2024 12:08
Крысціна Ціманоўская перажывае цяжкія часы. Нягледзячы на ​​тое, што да Алімпійскіх гульняў у Парыжы засталося няшмат часу, вынікі спрынтаркі ніжэйшыя за чаканыя.
Kryscina Cimanouska
Kryscina Cimanouska Attila Husejnów / FORUM

Аднак засяродзіцца толькі на спаборніцтвах ёй цяжка. Крысціна кажа, што беларускія ўлады пастаянна нагадваюць пра сябе.

Ціманоўская не задаволеная сваім стартам у Дэсаў-Рославе. У мінулы ўік-энд яна пераадолела дыстанцыю 100 м за 11,44 секунды. Прычыны свайго дрэннага выніку  назвала ў сацыяльных сетках.

«Цяжка рыхтавацца да бегу і спаборніцтваў, калі напярэдадні ў дом да цябе прыходзяць людзі, цяжка рыхтавацца, калі супраць цябе на радзіме заведзена крымінальная справа, цяжка, калі не ведаеш, што будзе з тваёй сямʼёй заўтра», – напісала спартоўка ў Instagram.


Дзейнасць беларускіх службаў можа быць звязаная з яе падрыхтоўкай да Алімпіяды. Пра яе ўцёкі ў Польшчу падчас Алімпійскіх гульняў у Токіё не забыліся на радзіме. Раней спартоўка ўдзельнічала ў акцыях пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі і адкрыта крытыкавала актывістаў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

«Я хачу сваёй краіне свабоды, я хачу прыехаць туды на выходныя, наведаць бацькоў, сустрэцца з сябрамі, пагуляць па Мінску, схадзіць у любімую кавярню (...) У мяне забралі дом, цяпер дабраліся да сямʼі, дзе мой бацька пражыў усё жыццё, а мая маці была супрацоўніцай банка, я не разумею, чаму даводзіцца перажываць маёй сямʼі з-за маіх рашэнняў. Ёсць пытанні, запрашаю да сябе на вобшук і гутарку», – дадала яна.

Пазней Ціманоўская выдаліла гэты запіс.

Алімпійскія гульні ў Парыжы стартуюць 26 ліпеня. Часу на падрыхтоўку да аптымальнай формы застаецца ўсё менш.

Крысціна Ціманоўская кваліфікавалася на Алімпіяду ў эстафеце 4х100.

Крысціна Ціманоўская падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай каманды за тое, што яе разам з іншымі спартоўкамі хацелі паставіць бегчы эстафету на той дыстанцыі, якую яна ніколі не бегала (яна заяўлялася на 100 і 200 метраў).

Пасля таго яе адхілілі ад спаборніцтваў і спрабавалі вывезці ў Беларусь, але яна адмовілася пакінуць Японію і папрасіла міжнароднай абароны. Пазней спартсменка пераехала ў Польшчу і атрымала грамадзянства гэтай краіны.

eurosport.tvn24.pl/вх