Беларуская Служба

Забытая спадчына PGR (калектыўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў) можа здзівіць шмат каго з беларусаў

30.05.2024 12:31
У Польшчы выйшла кніга журналіста Польскага радыё Барташа Панэка «Збожжа расло як лес» (Zboże rosło jak las), прысвечаную гісторыі польскіх дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, скарочана PGR, а таксама жыццё іх працаўнікоў пасля распаду камуністычнай сістэмы.
Аўдыё
  • У Польшчы выйшла кніга пра спадчыну калектыўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў
Ілюстрацыйнае фотаhttps://www.facebook.com/bartosz.panek.90

Мы паразмаўлялі з аўтарам пра тое, чым былі польскія PGR, чым яны адрозніваліся ад беларускіх калгасаў, і чаму яны не захаваліся ў рынкавых умовах.

Апошнія PGR у Польшчы зніклі пры канцы 1993-га года, але працэс ліквідацыі калектыўнай сельскай гаспадаркі пачаўся ў 1991-м годзе. Сёння ад тых устаноў засталіся дзе-нідзе руіны некаторых будынкаў, у грамадскай свядомасці PGR пайшлі ў забыццё. Менавіта гэта і падштурхнула Барташа Панэка зацікавіцца дадзенай тэмай: куды знікла актыўная некалі частка жыцця, і чаму нікога тая гісторыя не цікавіць.

- У большасці маіх суразмоўцаў дамінавала пачуццё горычы за тое, што іх забылі, адсунулі на пэўным этапе найноўшай гісторыі Польшчы, звязанай з эканамічнай трансфармацыяй. Не зусім праўда, што ніхто не цікавіўся тым, што сталася з людзьмі, якія засталіся ў кінутых дзяржавай PGR-ах, бо яна была адзіным уласнікам. Мясцовая прэса цікавілася лёсам тых людзей, пішучы як яны жылі ў залежнасці ад сацыяльнай дапамогі. Але гэты інтарэс быў хутчэй таблоідны, дзе асноўным акцэнтам была слабізна тых людзей. З’явіўся нават тэрмін набытая беспараднасць.

Аўтар даводзіць, што згаданая беспараднасць больш стэрэатып, чым праўда. Калектыўная сельская гаспадарка была прызнана неэфектыўнай у часы трансфармацыі, хаця тысячам палякаў PGR далі шанец на паляпшэнне ўмоў жыцця пасля вайны.

- Галоўнай задачай буйных таварных сяльгаспрадпрыемстваў у тыя часы было вырабляць шмат харчавання, каб накарміць народ, грамадства, якое было вельмі бедным і галодным пасля вайны. Прапаганда потым расхвальвала жыццё ў PGR-ах, якія прадстаўляліся як будучыня сельскай гаспадаркі ў сусветным маштабе. Іх параўноўвалі да буйных амерыканскіх ферм. Сацыяльны аванс для працаўнікоў ПГР быў выразны асабліва ў першых гадах іх існавання. Потым сітуацыя стала пагаршацца. Выразна пра гэта сведчаць лічбы, што я сабраў з паловы 1960-ых гадоў. Яны тычыліся найлепшых прафесій у тагачаснай Польшчы. Сярод 30 найлепшых прафесій працаўнік PGR быў на 27 месцы. Бухгалтарка, заатэхнік ці аграном былі значна вышэй, але звычайныя рабочыя былі ўнізе сацыяльнай драбіны. Горшы чым калгаснікі мелі толькі прыбіральшчыцы ды кантралёры білетаў у трамваях.

Пасля прачытання кніжкі, выразна бачна тое, што польскія PGR-ы не зусім падобныя да савецкіх калгасаў, якія гвалтам насаджваліся ў Беларусі савецкімі ўладамі. Польскі досвед адрозніваўся ад савецкага, тлумачыць аўтар.

- Калектывізацыя ў Польшчы не была паўторам савецкай ленінска-сталінскай мадэлі з 1920-30-ых гг., але мела сваю варыянтнасць. Стварэнне PGR-аў у Польшчы не суправаджалася прымусовым высяленнем і дэпартацыяй людзей. Уступленне было добраахвотным, дзяржава заахвочвала да гэтага, абяцаючы жытло, лепшыя ўмовы жыцця для сялян, якія часта жылі ў трагічнай сітуацыі: шматдзетныя сем’і на рэштках кепскай зямлі, сем'і без аніякай уласнасці, што раней жылі пры фальварках і працавалі там парабкамі на пана. Дзяржава ж абяцала ім кватэры ды стабільную працу. Прымусовая калектывізацыя ў Польшчы была толькі пры канцы 1940-ых гадоў і тычылася стварэння харчовых кааператываў. PGR-ы былі заснаваныя на добраахвотнасці. Некаторы ціск, у асноўным адміністрацыйны, быў толькі пры вытворчых кааператывах.

У такім выпадку, чаму PGR-ы не захаваліся ў рынкавых умовах трансфармацыі ў Польшчы?

- Таму што гэта быў элемент эканомікі цэнтральнага планавання і дзяржаўнага кіравання, які патрабаваў вялізарных датацый з дзяржаўнага бюджэту. Новы падыход, які пачаў рэалізоўвацца ў 1990-ыя гады, палягаў на тым, што прадпрыемства павінна на сябе зарабляць, а дзяржава не можа ўвесь час яго ўтрымоўваць і пакаваць туды мільёны злотых. У звязку з тым, што інфраструктура прадпрыемстваў была ў руках дзяржавы, яна вырашыла, што яе трэба прыватызаваць. Хто мог сабе дазволіць набыццё ці арэнду - скарыстаўся. Не было адной хвалі прыватызацыі PGR-аў. Першая доўжылася да канца 1990-ых гадоў і прынесла шмат праблем. Мноства людзей збанкрутавалі, бо не былі ў стане ўтрымаць маштабы прадукцыі на дзясятках гектараў. Гэта вельмі складаны працэс і не было разумення, як усё пачаць нанова. Усё адбывалася па прынцыпу спроб і памылак. Чытаючы дакументы з тых гадоў, я бачыў, што ў Сейме кіраўніцтва PGR-аў было маргіналізаванае высілкамі прадстаўнікоў прафсаюза «Салідарнасці індывідуальных сялян» і фермерамі. Дзяржава тады больш паверыла індывідуальным сялянам, а не тым, хто прадстаўляў «стары парадак». На маю думку, у Польшчы не было спрыяльнай атмасферы ў грамадстве для PGR-аў, яны заўсёды ўспрымаліся праз прызму «першароднага граху».

То бок створаныя ўладамі згодна з адзіным планам, коштам індывідуальнай сельскай гаспадаркі. Цяпер пасля 30 год у Польшчы бачна змена стаўлення грамадства да вясковасці, зазначае Барташ Панэк.

- Доўгія гады ў Польшчы існаваў стэрэатып эфектыўнага фермера, хай сабе і на 3 гектарах слабой зямлі, ды няробаў з калгасаў: у вас нічога няма, і таму вы ніхто. Цяпер, мне здаецца, што мы навучыліся быць больш адкрытымі ды звяртаць увагу на эмоцыі іншых, нават тых слабейшых насуперак прынятага раней падзелу мы ды яны. На маю думку, нават калі гэта толькі дэкларацыі, у Польшчы цяпер імкнуцца звяртаць увагу на тых, хто належыць да іншай сацыяльнай групы, ці мае іншы сацыяльны досвед, адрозны ад нашага. Сялянскае паходжанне або шырэй з правінцыі больш не з’яўляецца непрыемным цяжарам. Менавіта гэта было адной з характарыстык польскай трансфармацыі. Змяніўся погляд на тое, што лічыць сацыяльным авансам.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч