Мікіта Паўленка з Малдовы, праўда, нарадзіўся ва Украіне, але ў дзяцінстве разам з бацькамі пераехаў у Малдову на радзіму мамы. Там мінула яго дзяцінства, скончыў школу, а пасля паступіў у Ягелонскі ўніверсітэт на факультэт паліталогіі, дзе зараз і займаецца.
У школе большасць прадметаў вучыў на расійскай мове, але пры гэтым вывучаў румынскую дзяржаўную мову, а таксама англійскую, якой валодае свабодна, і французскую. Да ўсяго дадае, што зараз вывучае шведскую і абсалютна натуральна валодае беларускай мовай. Роднай мовай Мікіта лічыць румынскую, а ў сям’і размаўляюць па-рознаму.
- Мы можам часам і па-польску гаварыць, на ўкраінскай, бо тата ўкраінец. Мама з Малдовы, але я яшчэ імкнуся вывучаць габрэйскую мову з сваімі сваякамі з Ізраілю. А калі хто з сяброў знаходзіцца, да прыкладу ў Швецыі, то шведскую, калі ў Нямеччыне нехта, то нямецкую і г.д.
Палітыкай цікавіўся з дзяцінства
Паліталогію, як сам распавядае, абраў таму, што з дзяцінства цікавіла ўсё, што звязана з палітыкай. І нават ужо ў школе распачаў палітычную дзейнасць.
- Так, у нас існуе актыўнасць сярод моладзевых арганізацый, куды можна далучыцца. Я яшчэ ў школе стаў сябрам Нацыянальнага моладзевага савету Малдовы, а таксама далучыўся да Нацыянальнага савету вучняў школ з тым, каб вырашаць праблемы студэнтаў, школьнікаў і наагул моладзі Малдовы.
Дзяржаўная мова ў нас - румынская
Што датычыць моўнай сітуацыі ў Малдове, то хлопец кажа, што дзяржаўная мова ў іх лічыцца румынская, а малдаўская з’яўляецца яе дыялектам.
- Я лічу, што малдаване і румыны, нават нягледзячы на некаторыя разбежнасці ў гісторыі, культуры і г.д., але ўсё ж у нас адна мова, адна культура і ментальна мы практычна тыя самыя.
Праўда, Мікіта дадае, што не ўсе ў Малдове лічаць так, як ён. Да прыкладу, у паўднёвай частцы краіны сустракаюцца прарасійскія настроі, а ў цэнтральным і паўночным рэгіёнах, паводле яго, такія настроі практычна не сустракаюцца.
- Што датычыць палітыкаў, то большасць у парламенце складае кіруючая партыя “Дзеянне і справядлівасць”, якая прытрымліваецца таго, што дзяржаўная мова ў нас румынская. Так запісана ў нашай Канстытуцыі і Канстытуцыйны суд таксама вырашыў, што гэта не супярэчыць асноўнаму Закону.
Будучыня Малдовы ў Еўропе
Будучыню сваёй краіны хлопец бачыць толькі ў Еўропе, паколькі лічыць яе еўрапейскай, як і большасць жыхароў Малдовы.
- Вядома, што існуе такая частка насельніцтва ў нашай супольнасці ў якой мазгі прамыты расійскай прапагандай. І гэта нават не факт, што гэтыя людзі насамрэч думаюць, яны папросту паўтараюць расійскія наратывы. Тым не менш, я лічу, што Малдова – гэта еўрапейская краіна і яна больш ніколі не пападзе ў лапы расійскай імперыі і Пуціну не ўдасца зламаць такі моцны народ, як народ Малдовы. Зрэшты, як і іншыя народы, якія зараз змагаюцца за сваю незалежнасць: украінцаў, беларусаў, грузінаў і іншых.
Купалавы словы захапілі
Цікаўлюся ў Мікіты – калі ён упершыню пачуў беларускую мову? Яшчэ паўгода таму ён мовай не валодаў, але дзякуючы сябрам, якія з ім вучацца і размаўляюць на беларускай мове, хутка пачаў вучыцца.
- А пачалося магчыма ўсё са словаў:
— А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромістай такой грамадзе?
— Беларусы...
Вось, калі я пачуў гэтыя словы Янкі Купалы, мяне гэта кранула і вельмі захапіла.
Падзеі 20-га году моцна ўразілі
Дарэчы, у 20-ым годзе Мікіта праз інтэрнэт сачыў за падзеямі ў Беларусі і анлайн выказваў сваю падтрымку пратэстоўцам. А цяпер разам з іншымі беларусамі імкнецца ўдзельнічаць у беларускіх праектах, чытае беларускіх класікаў і сучаснікаў.
- Я ўжо згадваў Купалу, чытаю Коласа, Альгерда Бахарэвіча, Аляксандра Чарнуху. І вось дзякуючы літаратуры, а таксама музыцы - НРМ і новыя імёны. Дзякуючы гэтаму я цяпер магу тое, чаго дасягнуў.
Паколькі палітыкай Мікіта цікавіўся з дзяцінства, то да 20-га году ведаў, што ў Беларусі зніклі апазіцыйныя палітыкі, што ў краіне ўсталяваўся дыктатарскі рэжым, глядзеў дакументальныя фільмы аб падзеях у Мінску.
- Я ўжо тады думаў пра тое, які зверскі рэжым у Беларусі, хаця яшчэ хадзіў у школу. Але ўжо ведаў пра падзеі 2006 і 2010 году і мяне заўсёды гэта цікавіла.
Трохі падумаўшы, Мікіта дадае, што падзеі 20-га году яго моцна ўразілі.
- Я захапляюся смеласцю вашага народу і кожнага чалавека, пачынаючы ад школьнікаў, якія выходзілі на пратэсты разам з сваім бацькамі і не баяліся, студэнтамі, якія патрапілі пад рэпрэсіі і Нінай Багінскай, якая няспынна выходзіла з бел-чырвона-белым сцягам. Вось што мне падабаецца ў беларускай нацыі і што я бяру ад іншых – не баяцца.
КДБэшнікі на мяжы, савецкія сімвалы і нейкая прыгажосць
Летась Мікіта рызыкнуў і паехаў у Мінск у госці да сяброў. Праўда, як згадвае ўжо на мяжы адчуў існуючы рэжым, калі яго дапытвалі беларускія КДБэшнікі, пагражалі, што могуць дэпартаваць, калі раптам нешта не так.
У Беларусі пабачыў савецкія сімвалы, якія ўспрымаюцца не больш, чым іранічна, пабачыў людзей, адны з якіх дагэтуль настальгуюць па савецкаму саюзу, але і другіх, якія носяць у сэрцы бел-чырвона-белы сцяг і хвалююцца за сваю краіну.
- Але ёсць нейкая прыгажосць у гэтай краіне. І нават маленькую частку яе пабачыў у музеі Янкі Купалы. Нават памятаю, што мне аднаму зрабілі там экскурсію. Я не вельмі прыслухоўваўся да экскурсавода, а проста глядзеў на надпісы і, нават не маючы нейкай сувязі з беларускай культурай, адчуваў такі гонар, як беларус, за тое, што бачыў.
Павел Залескі
Здымак: Мікіта Паўленка