Беларуская Служба

Звыш паловы дзяцей і падлеткаў у Польшчы маюць дэфекты зроку, часцей за ўсё гэта блізарукасць

04.06.2024 17:12
«Пры працы на блізкай адлегласці вельмі важна рабіць перапынкі паводле правіла 20/20/20». 
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock.com

Лад жыцця ў значнай ступені ўплывае на наша здароўе, у тым ліку на стан вачэй. Сучасны чалавек вельмі шмат часу праводзіць, углядаючыся ў экраны. Гадзіны, праведзеныя каля экранаў, асабліва негатыўна ўплываюць на вочы дзяцей і падлеткаў. У выніку можа паявіцца блізарукасць – адзін з самых распаўсюджаных дэфектаў зроку.  

Блізарукаму чалавеку далёкія аб'екты здаюцца размытымі. Таму блізарукі імкнецца скараціць адлегласць паміж вачыма і прадметам, набліжае прадмет да вачэй, прыжмурвае вочы. Дзеці часта саромеюцца насіць акуляры. А калі блізарукасць не вельмі глыбокая, бацькі могуць на настойваць і дазволіць сыну або дачцэ абыходзіцца без іх. Аднак лекары папярэджваюць, што блізарукасць можа выклікаць, акрамя пагаршэння якасці штодзённага жыцця, такія сімптомы, як галаўны боль і галавакружэнне, пачуццё дэзарыентацыі, пагаршэнне зроку ўвечары і ўначы, а нават сурʼёзныя захворванні, уключаючы глаўкому. Калі мы часта жмурымся, паціраем вочы, гэта можа выклікаць канʼюнктывіт, празмерную слязлівасць і боль.

Звыш паловы дзяцей і падлеткаў у Польшчы маюць дэфекты зроку, часцей за ўсё гэта блізарукасць. Прагляд тэлевізара, праца за кампʼютарам, бесперапыннае ўзіранне ў экран смартфона або планшэта, у тым ліку пры дрэнным асвятленні – гэта асноўныя прычыны пагаршэння зроку.

«Таму пры працы на блізкай адлегласці вельмі важна рабіць перапынкі па правіле 20/20/20, гэта значыць кожныя 20 хвілін трэба хаця б на 20 секунд перавесці зрок на адлегласць не менш за 20 футаў, гэта значыць, 6 метраў» – тлумачыць акулістка Катажына Семянюк.

- Калі мы глядзім на нешта, што знаходзіцца блізка ад нас, наша вока прымушана моцна напружвацца, каб мы добра бачылі. Такое напружанне вока не павінна працягвацца даўжэй, чым 20 хвілін. Таму для вачэй важна, на якой адлегласці знаходзіцца абʼект. Пра малую адлегласць гаворым тады, калі чытаем або працуем на камп’ютары. У такім выпадку мы павінны раз у 20 хвілін зрабіць перапынак і паглядзець на нешта, што знаходзіцца на адлегласці 5-6 метраў ад нас.

Блізарукасць у дарослага чалавека – гэта ўжо, як правіла ўстойлівы дэфект зроку, які можна карэктаваць пры дапамозе хірургічнай аперацыі. У сваю чаргу, у дзіцяці блізарукасць неабходна выяўляць і кантраляваць як мага раней, – дадае Катажына Семянюк.

- Трэба падабраць акуляры, але гэта спецыяльныя акуляры, якія дазваляюць кантраляваць блізарукасць. Ёсць таксама мяккія лінзы, прызначаныя дзеля кантролю блізарукасці. Яшчэ ёсць орта лінзы – вельмі цікавы метад. Ён палягае ў тым, што нанач дзіця апранае спецыяльную цвёрдую лінзу, якая за ноч крыху змяняе рагавіцу. Яна становіцца крыху больш плоскай, чым звычайна. І тады на працягу дня ў дзіцяці няма дэфекту зроку. Гэты дэфект карэктуецца без неабходнасці насіць акуляры або лінзы на працягу дня.

Такі метад выпраўлення блізарукасці ў дзяцей называецца ортакераталогіяй. Акуліст Пётр Тачалоўскі каля 15 гадоў прапісвае цвёрдыя лінзы пацыентам. Ён кажа, што калісьці імі карысталіся пераважна дарослыя, а цяпер яны ўсё больш папулярныя сярод дзяцей.

- Раней часцей за ўсё карыстальнікамі цвёрдых карэкцыйных лінзаў былі паліцыянты, жаўнеры, сцюардэсы. Ім было зручна апранаць лінзы толькі ноччу, а ў дзень не насіць акуляраў, каб выконваць свае прафесійныя задачы. Але на працягу апошніх 10 гадоў было праведзена вельмі шмат даследаванняў, якія паказалі, што ортакераталогія стрымлівае паглыбленні блізарукасці ў маладых людзей. Акрамя таго, так значна зручней жыць. Скажам, пры невялікай блізарукасці – да мінус аднаго, можна апранаць лінзы праз адну ноч. Часам дастаткова нават адзін ці два разы ў тыдзень.

Як стрымаць паглыбленне дэфекту зроку ў дзіцяці? Што бацькі могуць зрабіць, акрамя візіту ў акулісты і закупу акуляраў ці лінзаў? Ці дыета мае ўплыў на зрок? Важны агульны стан арганізму, – адзначае акуліст.

- Неабходна клапаціцца пра добры стан здароўя. Акрамя таго, калі мы працуем на камп’ютары, чытаем, глядзім на экран тэлефона, на зрок канцэнтруецца на адной адлегласці. Трэба раз на нейкі час паглядзець далей, за акно, на сцяну, на свае пальцы і г.д. Важна таксама як мага больш знаходзіцца на свежым паветры. Скажам, у Паўднёвай Карэі вельмі шмат блізарукіх дзяцей. Думалі, гэта віна генаў. Але аказалася, што калі яны з бацькамі эмігруюць у Аўстралію, значна менш дзяцей мае горшы зрок. Зрабілі даследаванні. І аказалася, што ў Карэі дзеці знаходзяцца на паветры паўгадзіны, а ў Аўстраліі тры гадзіны ў дзень. Так што наш стыль жыцця мае вялікае значэнне. Трэба займацца спортам, глядзець удалечыню, выходзіць на паветра.

Спецыялісты нагадваюць, як клапаціцца пра зрок – карыстаючыся электроннымі прыладамі, трэба чытаць і працаваць пры належным асвятленні, а пры блізарукасці неабходна рабіць адпаведную карэкцыю зроку, дбаць пра рацыянальную дыету і фізічную актыўнасць.

І Пр. ПР/IAR

нг