Беларуская Служба

79% палякаў лічаць неабходным далей аказваць дапамогу Украіне

06.06.2024 16:11
Большасць выступае за тое, каб спрасціць бежанцам знаходжанне ў Польшчы толькі пасля прыбыцця.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Damian Pankowiec/Shutterstock

Большасць палякаў па-ранейшаму выступаюць за дапамогу Украіне, хаця многім значна менш падабаецца перспектыва доўгатэрміновага знаходжання ваенных бежанцаў у Польшчы. Gazeta Wyborcza змяшчае на сваіх старонках вынікі апытання, праведзенага перад выбарамі ў Еўрапарламент.

Поўнамаштабная вайна ідзе ўжо больш за два гады, і таму, канешне, жаданне дапамагаць бежанцам змяншаецца, але большасць палякаў далей падтрымлівае Украіну і яе грамадзян. Падобным чынам ставяцца да бежанцаў жыхары Германіі, Францыі, Швецыі і Вялікабрытаніі. Апытанні на гэтую тэму праводзілі Opinia24 і YouGov па замове Міжнароднага камітэта выратавання (IRC).

Згодна апытанню, 79% палякаў лічаць неабходным прадастаўленне Украіне дапамогі ў выглядзе харчавання, вады, медычнай дапамогі і прытулку. Практычна аднолькава грамадзяне падтрымліваюць доступ бежанцаў да розных паслуг – аховы здароўя, адукацыі. Падобнае стаўленне немцаў, крыху большую падтрымку ўкраінцам заяўляюць французы, а найбольшую падтрымку выказваюць шведы і брытанцы. Палякі (42 адсоткі апытаных) выступаюць за доўгатэрміновае знаходжанне выхадцаў з Украіны ў Польшчы, 44% лічаць, што Польшча не павінна аказваць такую падтрымку, а 14% не маюць меркавання на гэты конт.

«Такім чынам, можна меркаваць, што большасць з нас выступае за тое, каб спрасціць бежанцам знаходжанне ў Польшчы толькі на самым пачатку. Пытанне доўгатэрміновага знаходжання грамадзянаў Украіны ў выгнанні аказваецца не менш спрэчным і іншых краінах, яно дзеліць грамадствы амаль папалам», – падкрэслівае газета.

Перад выбарамі ў Еўрапарламент апытанні паказваюць магчымы паварот у еўрапейскай палітыцы ў бліжэйшыя гады. Гэтая сітуацыя паўплывае на ўзровень дапамогі ЕС, якая аказваецца ахвярам войнаў і стыхійных бедстваў, – адзначае аўтар тэксту.

«Гэтая магчымая змена будзе мець сурʼёзныя наступствы не толькі для краін, пацярпелых ад канфлікту, уключаючы, зразумела, Украіну, але і для рашэнняў, якія тычацца міграцыі і інтэграцыі. Таму гэтыя выбары такія важныя з пункту гледжання ўкраінскіх бежанцаў», – сказала выданню Яанна Нагорска (Joanna Nahorska) з Міжнароднага камітэта выратавання.

PAP/нг