Паэт, перакладчык і рэпер Віталь Рыжкоў апынуўся сярод тых беларускіх творцаў, якія па палітычных прычынах былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму і падацца ў эміграцыю.
На гэтым тыдні Віталь, які зараз пражывае ў Варшаве, наведаў беластоцкія курсы "Мова нанова", дзе падзяліўся са слухачамі сваёй новай прозай і некалькімі вершамі.
Віталь, Вы з’ехалі з Беларусі пасля 2020 году. Як пішацца ў выгнанні? Што наогул для паэта значыць выгнанне, эміграцыя, неабходнасць уцякаць з роднай краіны?
- Найперш трэба адзначыць, што доўгі час я не пісаў знаходзячыся і дома, на радзіме, таму што гэта неяк мяне пакінула. Як казала паэтка Таццяна Сапач - паэзія мяне пакінула. І я, у цэлым, не збіраўся рэанімаваць гэта ўсё знаходзячыся тут у выгнанні. Але ў нейкі момант я выгарэў на сваіх трох-чатырох працах, звярнуўся па дапамогу супраць выгарання да тэрапеўтаў. І тэрапеўтка, высветліўшы, што я чалавек, які завязаў з пісаннем, параіла мне вярнуцца да яго. Атрымліваецца, пісанне ў выгнанні - гэта вельмі важны элемент рэфлексіі, самарэфлексіі таго, што адбываецца з табой і таго што адбываецца навокал. І ў цэлым вялізарная процьма новых тэм і новых назіранняў. Нейкія думкі пра сябе, пра нас, пра беларусаў як народ проста не маглі б прыйсці да галавы, проста не маглі б з’явіцца і ўвасобіцца ў нейкія словы, сказы, у правільны парадак чагосьці, што мы называем творчасцю ці мастацтвам.
Сустрэча з Віталём Рыжковым.
Адна справа пісаць, іншая - выйсці са сваёй творчасцю да чытача. Ёсць такія магчымасці ў эміграцыі?
Такі магчымасцяў, скажу шчыра, нават больш. Літаральна нядаўна, можа крыху больш чым месяц таму, я зладзіў такі канцэрт пад назвай "Прэзентацыя". Гэта было ў самым цэнтры Варшавы ў кінатэатры Atlantyk. Квіткі на канцэрт былі платныя, умовы ад кінатэатра былі абсалютна камерцыйныя. І дырэктарку тэатра, у адрозненні ад загадчыка любой установы ў Беларусі, абсалютна не цікавіла, што мы будзем чытаць на гэтым маім творчым вечары. То бок, ага, вы робіце мерапрыемства, на ім штосьці будзе адбывацца, мы разам заробім, і цудоўна, запрашаем!
Размаўляў Яраслаў Іванюк