Беларуская Служба

98 гадоў таму ў Варшаве малады беларус застрэліў савецкага пасла (ФОТА)

06.06.2025 06:02
19-гадовы Барыс Каверда страляў у прадстаўніка СССР, каб адпомсціць за бальшавіцкі тэрор.
Аўдыё
  • 98 гадоў таму ў Варшаве малады беларус застрэліў савецкага пасла
  ()
Барыс Каверда (злева) і Пётр Войкаўграмадскі набытак

98 гадоў таму на чыгуначным вакзале ў Варшаве быў смяротна паранены пасол Савецкага Саюзу Пётр Войкаў. Страляў у савецкага дыппрадстаўніка 19-гадовы беларус Барыс Каверда. Замах на Войкава выклікаў шырокі рэзананс у свеце і прывёў да рэзкага пагаршэння польска-савецкіх адносін.

На пачатку – пра галоўных герояў тагачаснай падзеі, якая мела месца 7 чэрвеня 1927 года.
Нарадзіўся Барыс 21 жніўня 1907 года ў Вільні ў беларускай сям’і Сапрона і Ганны Кавердаў, якія паходзілі з сялян Беласточчыны.

Барыс Каверда. Грамадскі набытак
Барыс Каверда. Грамадскі набытак

Хлопец, як і яго дзве сястры, спачатку вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але адчуваў сябе там дрэнна, бо, паводле яго слоў, вучні мелі камуністычныя погляды. З беларускай школы Барыс перавёўся ў гімназію Віленскага рускага таварыства, але беднасць не дазваляла плаціць за навучанне, таму ён прапускаў заняткі, за што і быў выключаны.

Барыс Каверда пачаў працаваць экспедытарам беларускай газеты «Наша думка». Пазней ён палічыў яе камуністычнай і перайшоў у рэдакцыю газеты антыкамуністычнай арыентацыі «Грамадскі голас», дзе, добра ведаючы беларускую мову, працаваў карэктарам і экспедытарам. У студзені-лютым 1926 года выдавец і лекар Арсен Паўлюкевіч перайменаваў сваё выданне ў «Беларускае слова».

Пётр Войкаў нарадзіўся ў Керчы ў 1888 годзе. Паводле некаторых гісторыкаў, яго сапраўднае імя і прозвішча – Пінхус Лазарэвіч. Будучы рэвалюцыянерам, у 1907 годзе, апасаючыся царскага пераследу, выехаў у Швейцарыю. За мяжой вучыўся ў Жэнеўскім і Парыжскім універсітэтах.

Пасол СССР у Польшчы Пётр Войкаў Пасол СССР у Польшчы Пётр Войкаў

У жніўні 1917 года вярнуўся ў Расію разам з Леніным у славутым пламбаваным вагоне. У 1917 годзе – член Екацярынбургскай рады і Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Актыўны прыхільнік расстрэлу Мікалая II. Прымаў удзел у расстрэле царскай сям’і і знішчэнні слядоў забойства – падпісаў дакумент пра выдачу вялікай колькасці сернай кіслаты для знішчэння целаў забітых.

Барыс Каверда падрыхтаваў замах на Войкава разам з рэдактарам газеты «Беларускае слова» Арсенем Паўлюкевічам, былым удзельнікам Слуцкага паўстання, і казачым есаулам Міхаілам Якаўлевым. Забіццё савецкага пасла павінна было стаць актам адплаты за яго ўдзел у расстрэле царскай сям’і і наогул за бальшавіцкі тэрор.

Паводле гісторыкаў, для гэтага Каверда прыехаў з Вільні ў Варшаву і некалькі дзён чакаў Войкава на вакзале, бо ведаў, што пасол там з’явіцца. Але савецкі дыпламат не з’яўляўся. У Барыса ўжо закончыліся грошы і ён збіраўся вяртацца дадому, калі з’явіўся шанец на рэалізацыю пастаўленай мэты.

Народны камісар замежных спраў СССР Георгій Чычэрын (злева) і паўнамоцны прадстаўнік СССР у Польшчы Пётр Войкаў. Візіт Чычэрына ў Варшаву, верасень 1925 года Народны камісар замежных спраў СССР Георгій Чычэрын (злева) і паўнамоцны прадстаўнік СССР у Польшчы Пётр Войкаў. Візіт Чычэрына ў Варшаву, верасень 1925 года

7 чэрвеня 1927 года а 9-й гадзіне раніцы Пётр Войкаў у суправаджэнні супрацоўніка пасольства прыехаў на галоўны вакзал Варшавы для сустрэчы паўнамоцнага прадстаўніка савецкага ўраду ў Лондане Аркадзя Разенгольца. Сустрэўшыся, яны выпілі кавы ў буфеце, а потым выйшлі на перон да хуткага цягніка, які адыходзіў а 9:55 і на якім Разенгольц накіроўваўся ў Маскву. У той момант, калі Войкаў і Разенгольц знаходзіліся каля спальнага вагона, прагучаў стрэл, пасля чаго Войкаў кінуўся ўцякаць, а Барыс Каверда пачаў страляць яму ўслед. У адказ на гэта Войкаў выхапіў з кішэні пісталет і некалькі разоў стрэліў у Каверду, а потым нахіліўся і ўпаў на рукі паліцэйскага.

Барыс Каверда на допыце ў варшаўскай паліцыі. Грамадскі набытак
Барыс Каверда на допыце ў варшаўскай паліцыі. Грамадскі набытак

Барыс Каверда добраахвотна здаўся ў рукі паліцыі і заявіў, што страляў, бо хацеў забіць пасланніка Войкава, каб адпомсціць савецкаму рэжыму за мільёны людзей. Пры беларускім тэрарысце былі знойдзеныя пісталеты «Маўзер» M1910 з пустой абоймай і «Браўнінг» з поўнай абоймай. Пётр Войкаў быў перавезены ў шпіталь, дзе а 10:40 памёр у прысутнасці міністра замежных спраў Польшчы Аўгуста Залескага, які наведаў бальніцу ад імя польскага ўраду.

Са шпіталя цела Пётра Войкава перавезлі ў савецкае прадстаўніцтва, якое выкарыстала выпадак для арганізацыі ў Варшаве камуністычных дэманстрацый. Труна была выстаўленая ў залі прадстаўніцтва на працягу двух дзён. Польскі ўрад выказаў удаве і ўраду СССР спачуванні і выканаў усе фармальныя абавязкі. 10 чэрвеня труну перавезлі на вакзал і адтуль цягніком – у Маскву.

Нягледзячы на праявы афіцыйнага шкадавання, амаль усе газеты засведчылі жэсты сімпатыі польскага грамадства, якія выклікаў Барыс Каверда сваёй маладосцю і патрыятызмам, пры тым яму нават даравалі выкліканыя ягоным учынкам палітычныя ўскладненні.

У адказ на замах бальшавіцкае знешнепалітычнае ведамства ўручыла дзве ноты пратэсту польскаму паслу і абвінаваціла ўрад у Варшаве ў адказнасці за забойства. Акрамя таго, бальшавікі запатрабавалі выслаць з тэрыторыі Польшчы расійскіх эмігрантаў і прыгразілі не заключаць польска-савецкага пакту аб неагрэсіі, падпісанне якога рыхтавалася.

Барыс Каверда ў дзень абвяшчэння прыгавору. Грамадскі набытак
Барыс Каверда ў дзень абвяшчэння прыгавору. Грамадскі набытак

Суд над Барысам Кавердам быў праведзены вельмі хутка: 7 чэрвеня быў здзейснены замах, а ўжо 15-га быў вынесены прыгавор. Абодва зацікаўленыя ўрады, польскі і савецкі, мелі для гэтага падставы. Польшча не хацела ўскладняць адносін са сваім небяспечным суседам, з якім яна нядаўна скончыла вайну. Для Савецкага Саюза ж доўгае следства і разбор прычын замаху пагражалі ператварыць суд над Кавердам у асуджэнне савецкага рэжыму ў вачах у сусветнай грамадскасці. Бальшавікі баяліся паўтарэння суда над іншым рускім эмігрантам, швейцарскім падданым, белым афіцэрам Марысам Канрадзі, які застрэліў у 1923 годзе кіраўніка савецкай дэлегацыі Вароўскага. Швейцарскі суд апраўдаў Канрадзі і тым самым падчас працэсу выкрыў ды асудзіў бальшавіцкія злачынствы ў Расіі. Масква таксама апасалася, што грамадскасць даведаецца пра забойства царскай сям’і, удзел у якім браў Войкаў.

Для паскарэння працэсу польскі ўрад знайшоў магчымым прымяненне закона аб надзвычайных судах, які адносіцца да злачынстваў супраць польскіх афіцыйных асоб. А Войкава як дыпламата, які карыстаецца дзяржаўнай абаронай, прыраўнялі да такіх. У складзе старшыні і двух членаў такі суд выносіць хуткія і суровыя прысуды, якія з'яўляюцца канчатковымі і абскарджанню не падлягаюць.

Труна з целам Войкава ў савецкім пасольстве ў Варшаве. Чэрвень 1927 года Труна з целам Войкава ў савецкім пасольстве ў Варшаве. Чэрвень 1927 года

З самай раніцы будынак суда быў акружаны натоўпам, які ледзьве стрымлівала паліцыя. Некалькі жанчын прыйшлі з букетамі кветак, а зала суда была перапоўненая. Асвятляць працэс прыехала 120 прадстаўнікоў прэсы, у тымі ліку «Правды» і «Известий», якія трымаліся ўбаку ад «буржуазных» журналістаў. Таксама ў зале былі прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый і беларускай прэсы.

Нягледзячы на тое, што Барыса Каверду абаранялі чатыры найлепшыя тагачасныя польскія адвакаты, ён быў прагавораны да пажыццёвых катаржных работ. Паводле сведчанняў, Каверда вердыкт суда прыняў з усмешкай, бо за забойства пагражала смяротнае пакаранне. Праз нейкі час прысуд быў заменены на 15 год зняволення па рашэнню прэзідэнта Польшчы.

Барыс Каверда (у цэнтры ў касцюме) сярод выпускнікоў і выкладчыкаў Рускага кадэцкага корпусу. Горад Белая Царква, Югаславія, 1938 год. Грамадскі набытак Барыс Каверда (у цэнтры ў касцюме) сярод выпускнікоў і выкладчыкаў Рускага кадэцкага корпусу. Горад Белая Царква, Югаславія, 1938 год. Грамадскі набытак

Каверда быў вызвалены па амністыі ў 1937 годзе, пасля адбыцця 10-гадовага тэрміну. Пасля выхаду на свабоду ён адправіўся ў Югаславію, дзе здаў экстэрнам экзамен на атэстат сталасці пры Рускім кадэцкім корпусе.

Пачатак Другой сусветнай вайны заспеў Каверду ў Польшчы. Летам 1944 года ён выехаў у Германію і стаў афіцэрам Зондэрштаба «Р» генерала Барыса Хольмстан-Смыслоўскага, які рыхтаваў агентаў і афіцэраў для вайсковых фармаванняў з савецкіх грамадзян, што ваявалі на баку Трэцяга Рэйху.

Пасля вайны Барыс Каверда з жонкай і дачкой жыў у Швейцарыі, Францыі і ФРГ, адкуль у 1952 годзе сям’я перабралася ў ЗША. Там ён працаваў у нью-ёркскай газеце «Расія», затым у друкарні «Новага рускага слова». Памёр у 1987 годзе ў Вашынгтоне.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу