Беларуская Служба

Беларускасць на чужыне: Як традыцыі становяцца апорай у эміграцыі

19.06.2025 07:54
«Я імкнуся рабіць мерапрыемствы, каб чалавек сам мог у іх удзельнічаць»
Аўдыё
  • Марыя Грыц – журналістка, грамадская актывістка, папулізатарка беларускай культуры – распавядае пра інтэграцыю ў новае грамадства і пра тое, чым стала для яе традыцыйная беларуская культура ў эміграцыі.
 :    .
Ілюстрацыйны здымак: Будынак Ратушы ў Беластоку. Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net, Павел Залескі

Марыя Грыц – журналістка, грамадская актывістка, папулізатарка беларускай культуры – распавядае пра інтэграцыю ў новае грамадства і пра тое, чым стала для яе традыцыйная беларуская культура ў эміграцыі.

— Марыя, паколькі вы актыўна займаецеся папулізатарствам беларускай культуры, раскажыце, калі ласка, пра вашы культурніцкія праекты.

— Самае галоўнае — гэта тое, што звязана з традыцыйнай культурай. Беларускія традыцыі — гэта мае карані, якія трымаюць мой маральны стан, маё маральнае здароўе. Напрыклад, дома мне здавалася, што ладзіць нейкія традыцыйныя святы непатрэбна. А тут аказалася, што напячы булак на святы і прынесці іх у офіс — гэта сур’ёзная справа, якая мяне больш натхняе, чым тых, хто гэтыя булкі з’есць.

Разам з Цэнтрам беларускай культуры летась мы праводзілі Калядны фестываль, дзе я арганізоўвала майстар-класы па гатаванні страваў, якія ставяць на калядны стол, паказвала батлейку, разам рабілі павукоў з саломы, выціналі, займаліся тым, чым традыцыйна займаліся беларусы ў гэты час. Быў час і на гульні, і на спевы. Яшчэ я ўдзельнічала ў арганізацыі святаў «Багач» і «Гуканне вясны». І я лічу, што для таго, каб дакрануцца да беларускай традыцыі, не трэба нейкай спецыяльнай падрыхтоўкі. Я імкнуся ладзіць мерапрыемствы так, каб чалавек мог прыйсці і проста ўдзельнічаць.

— А жывучы ў Беларусі, вы таксама займаліся арганізацыяй падобных імпрэзаў?

— Я трошкі займалася этнаграфіяй, але менавіта ў эміграцыі гэта стала для мяне значна важнейшай справай. Цяпер я вучуся спяваць беларускія песні і перадаю розныя іншыя традыцыйныя элементы. Напрыклад, я вяду гурток у школе для дзетак беларускай меншасці ў Польшчы, арганізоўваю «Мову нанова».

Беларускасць стала пастаяннай патрэбай

— Наколькі я разумею, цяпер беларуская традыцыя займае ў вас значную частку жыцця. Што вам дае такі занятак?

— Гэта стала пастаяннай патрэбай, бо з гэтага боку мяжы для мяне востра паўстала пытанне самаідэнтыфікацыі: ці я беларуска і як гэта вызначаць. Нядаўна адзін журналіст сказаў: «У музей хоча прыехаць дзяўчына з Мінску». Аказваецца, я яшчэ ўсё дзяўчына з Мінску, хоць мінула ўжо чатыры гады. Але для мяне гэта вельмі істотна. Магчыма, таму я цяпер купляю беларускія маркі, манеты, кнігі. У нашай невялічкай арэндаванай хаце ўжо няма дзе пакласці беларускія кнігі. А для мяне — гэта мой скарб.

Польская мова пачала вучыцца пасля першай шклянкі…

— Марыя, а як у вас адбываецца інтэграцыя ў новае грамадства?

— Я яшчэ ў Беларусі намагалася вывучыць польскую мову, бо мела фантазію чытаць кнігі па-польску, якіх няма ў перакладзе на беларускую ці расійскую. Хадзіла на курсы, але яны мне нічога не далі. Думала: калі пажыла б у Польшчы, то мова сама пранікла б. Аказалася, што не. Вымушаная эміграцыя стала для мяне вялікім стрэсам, і я не магла проста вучыцца. Потым былі бясплатныя курсы — не дапамаглі. Платныя таксама. А калі ўжо хацела плаціць канкрэтнаму чалавеку, мая выкладчыца адмовілася браць грошы, бо я не паказвала вынікаў. Яна параіла знайсці «сябра-сабутыльніка» і спрабаваць вучыць мову пасля ўжывання алкаголю. Так я пазнаёмілася з палякам, які хацеў вучыць расійскую, а ўзамен пачаў вучыць мяне польскай.

Некаторых рэчаў я тут не разумею

— А калі пакінуць тэму мовы, ці ўладкавалася ваша жыццё тут? З чым непрадбачаным давялося сутыкнуцца падчас інтэграцыі?

— Я не магу сказаць, што жыццё ўладкавалася нават цяпер, праз чатыры гады. Калі ты не можаш павесіць фатаздымкі на сцены ў кватэры, дзе жывеш, — гэта паказчык. Так, у цябе ёсць ключы ад дзвярэй, але калі ты адчыняеш не свае дзверы, то ўсё выглядае інакш.

Да прыкладу, сітуацыя з садком для дачкі. Мы прыехалі сюды пасля пачатку вайны, і быў вялікі наплыў эмігрантаў. Нашу дачку ўзялі ў каталіцкі садок, і я думала, што няма бяды, калі дзіця будзе ведаць і гэтую частку культуры. Два гады праблем не было, але потым аказалася, што нельга насіць цацкі, сукенкі ці абадочкі з выявай адзінарога — гэта забараніла сястра-дырэктарка. На яе думку, ЛГБТ такім чынам хоча скрасці маё дзіця. Гэта выглядала вельмі дзіўна. Я спрабавала паразмаўляць, але яна была непахіснай. А адзінарогі для пяцігадовага дзіцяці — гэта любоў усяго жыцця. І як успрымаць тое, што маё дзіця вучаць недалюбліваць людзей з іншай арыентацыяй проста за тое, што яны існуюць?

Сітуацыя з беларускай мовай на Беласточчыне нагадвае Беларусь

— Вы займаецеся беларускімі ініцыятывамі. Напэўна, да іх далучаюцца і мясцовыя беларусы з польскім грамадзянствам. Якое месца ў іх займае беларуская мова?

— Быў выпадак, калі на Каляды мы ездзілі ў Гайнаўку. Там сабраліся дзеці, што вывучаюць беларускую, і я ім паказвала батлейку. І ўбачыла, што яны не разумеюць мяне. Гэта было вельмі балюча. Бо і тут, як дома: заканчваецца імпрэза — усе гавораць па-польску. Як у Беларусі: скончылася беларуская імпрэза — пераходзяць на расійскую. Але была дзяўчынка гадоў сямі, якая сказала, што ёй вельмі падабаецца беларуская мова, але няма з кім гаварыць. Людзі атаясамліваюць сябе з беларусамі, але ўжо згубілі частку ідэнтычнасці. І гэта разарвала мне сэрца.

Я дагэтуль не прыняла, што не магу вярнуцца дадому

— А што для вас эміграцыя?

— Эміграцыя — гэта страшная з’ява, і я не ведаю, з чым яе параўнаць. Першыя два гады — як існаванне ў чорным тумане. І нават цяпер я не да канца прыняла, што не магу вярнуцца дадому.

У мяне на радзіме вялікая сям’я. Калі не паклікаць нікога на народзіны, усё адно прыйдзе дваццаць чалавек. А тут — нават не ведаю, як зладзіць народзіны, калі ў хаце, дзе ты скінуў абутак, няма дзе сесці. І ці прыйдзе нехта, ці не прыйдзе…

Павел ЗАЛЕСКІ