Беларуская Служба

Варшаўскі ўніверсітэт – найлепшы дзяржаўны ўніверсітэт у Польшчы, рэйтынг «Перспектывы 2025»

25.06.2025 11:01
У сёлетнім Рэйтынгу вышэйшай адукацыі «Перспектывы 2025» з’явілася новая, аб'яднаная катэгорыя.
Галоўная брама Варшаўскага ўніверсітэтаAutorstwa Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=78344754

Варшаўскі ўніверсітэт заняў першае месца ў 26-м Рэйтынгу вышэйшай адукацыі «Перспектывы 2025». Другое месца заняў Ягелонскі ўніверсітэт, а трэцяе – Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт. У сваю чаргу найлепшай недзяржаўнай вучэльняй зʼяўляецца Варшаўскі ўніверсітэт імя Леона Казьміньскага, а Павісльскі ўніверсітэт прыкладных навук у Квідзыне – найлепшай прафесійнай вышэйшай навучальнай установай. Апублікаваны ў сераду рэйтынг падрыхтаваў Адукацыйны фонд «Перспектывы», а старшынёй рэйтынгавага журы зʼяўляецца былы прэзідэнт Польскай акадэміі навук, прафесар Міхал Клейбер.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе фонду, 26-ы рэйтынг уключае тры спісы: рэйтынг акадэмічных універсітэтаў, рэйтынг прафесійных універсітэтаў і рэйтынг спецыяльнасцей (інакш кірункаў вучобы – рэд.).

Рэйтынг акадэмічных універсітэтаў уключае ўсе дзяржаўныя і прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, за выключэннем мастацкіх універсітэтаў, якія маюць, як мінімум, права прысуджаць доктарскую ступень.
Сёлета ўпершыню быў падрыхтаваны Рэйтынг прафесійных універсітэтаў, г.зн. спіс дзяржаўных і прыватных універсітэтаў, якія прапануюць тытул магістра – у папярэднія гады ў гэтай групе публікаваліся асобныя рэйтынгі дзяржаўных і прыватных універсітэтаў. Гэта новая абʼяднаная катэгорыя.

Рэйтынг спецыяльнасцей (інакш кірункаў вучобы – рэд.), сёлета ахапіў 75 асноўных напрамкаў навучання або груп напрамкаў навучання ў акадэмічных універсітэтах, у тым ліку ўпершыню – вобласць штучнага інтэлекту і навукі аб дадзеных.

Сярод універсітэтаў, якія прапануюць найлепшыя навучальныя праграмы ў Польшчы, першае месца займае Ягелонскі ўніверсітэт, прапаноўваючы 18 найлепшых навучальных праграм. За ім ідуць Варшаўскі ўніверсітэт (16 спецыяльнасцей) і Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт (11 спецыяльнасцей).

«Наш рэйтынг арыентаваны ў асноўным на выпускнікоў сярэдніх школ. Гэта своеасаблівы компас, які павінен дапамагчы ім выбраць найлепшы кірунак для далейшай адукацыі. Аднак вынікаў рэйтынгу чакае таксама акадэмічная супольнасць», – сказаў у прэс-рэлізе кіраўнік рэйтынгу «Перспектывы» і стваральнік польскіх адукацыйных рэйтынгаў Вальдэмар Сівінскі,.

Поўныя вынікі рэйтынгу даступныя па адрасе: ranking.perspektywy.pl.

аз